СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Mar 9, 2013, 4:27 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 9, 2013, 4:27 AM ]
24-25 інтэрнэтпрастора прыкметна ажывілася, пайшла “новая тэма”, пасыпаліся камэнтары “спэцоў” і г.д. Йдзецца пра “фашыкаў”, як моладзь называе праявы і асобы нацызму рознага разьліву. Спачатку ў Менску арыштавалі, а потым адпусьцілі на волю расейскага нацыста па мянушцы Цясак. “ДэмСМІ” падрабязна паведамлялі пра гэты інцыдэнт і пра апэратыўныя дзеяньні ўладаў. А 25 лютага былі арыштаваныя ўжо некалькі асобаў (усе з беларускімі прозьвішчамі) у Менску, іх судзілі і далі суткі. Праваабаронцы кінуліся пратэжыраваць іх і сустрэліся (як яны распавялі журналістам) з грубымі парушэньнямі законадаўства. Гэтым разам ішлося пра сяброў “Европейского Действія”. У сувязі з гэтымі падзеямі Радыё Свабода дало спасылку на сайт гэтага “ЕД”. Аказалася, што ён нават у асноўным на беларускай мове. “ЕД” існуе ўжо год, але пра яго ніхто ня чуў. У іхнай праграме і паведамленьнях назіраецца навязьлівая эклектыка з сьвята “фашынг”, трывогі за Эўропу і іншай сумесі сур'ёзных і несур'ёзных пасылаў і ўстановак. Аналізаваць гэта не атрымліваецца, таму што ва ўсім адчуваецца лабараторная штучнасьць і прыцягненасьць за валасы.

Што гэта такое здарылася? Чаму праз год існаваньня рэжым раптам накінуўся на гэтых “ЕД”, усе зашумелі пра іх (каго яшчэ ўчора ніхто ня ведаў і ня чуў)? Мяркуем, што ўсё зьвязана з набліжэньнем Дня Волі, да якога застаецца роўна месяц. Кантора выцягвае з сваёй калоды новую глянцавую карту, якою зьбіраецца згуляць супраць беларусаў. Трэба чакаць павышанай актыўнасьці гэтых “ЕД” напярэдадні Дня Волі (улёткі, надпісы на сьценах, гуканьне сярод людзей). Зусім магчыма, што яны груба і навязьліва будуць крыкам заклікаць грамадзянаў “усем ісьці на Бангалор, адзначыць з патрыётамі Дзень Волі!” Усё, каб выклікаць у нармальных людзей раздражненьне і думку аб тым, што “усе яны з іхным нацыяналізмам прыпыленыя і фашыкі”. Мяркуем, што 24 сакавіка калона (учора яшчэ нікому невядомага) “ЕД” будзе актыўна маршыраваць пад сваім “крыжацкім сьцягам” на Бангалор разам з псэўда-БНФ, сэксменшасьцямі і іншай шпаной. Карцінка будзе пададзена адпаведная — “товарищи, от них надо держаться подальше!”

Беларускаму грамадзтву трэба ведаць гэта і не паддавацца на канторскую правакацыю. І на бангалорскі сабачнік з гэтай публікай не хадзіць.

* * *

26 лютага неяк малапрыкметна прайшоў юбілей аднаго вядомага дзеяча часоў БССР. Маецца на ўвазе 95-годдзе з дня нараджэньня Пятра Машэрава (1918-1980), камуністычнага начальніка Беларусі брэжняўскай эпохі. Трэба прызнаць, што гэта быў даволі выраблены папуліст і дэмагог. Многія памяталі яго доўга. Як і ўсе іншыя зь ягонай КПСС, Машэраў зрабіў кар'еру на маскоўскай эксплуатацыі чалавечых і натуральных багацьцяў нашага народа і нашай зямлі. Больш таго, ён аказаўся актыўным арганізатарам і сістэматызаваў працэс абрабаваньня Беларусі на карысьць імпэрскага цэнтру. На ягоны загад была праведзена злачынная, разбуральная кампанія “асушэньня балотаў”, зачынена апошняя беларуская школа ў нашых гарадах, зьнішчаны цэлыя гістарычныя кварталы і шэраг помнікаў культуры.

Машэраў быў чарговым пацьверджаньнем агульнага савецкага правіла. Умовай для пасьпяховай кар'еры для нацкадраў было служэньне не інтарэсам сваёй нацыі, а захопніцкай імпэрыі. Правіла дзейнічала на ўсіх узроўнях. Ніжэйшыя чыны зьдзяйсьнялі меншыя злачынствы супраць усяго беларускага, вышэйшыя рабілі звышзлачынствы.

Яшчэ ў 1988-91 гадах, калі пачыналася пераможнае рушаньне Беларускага Народнага Фронту, рэжым паспрабаваў рэанімаваць гэтую цэкоўскую постаць. Падчас першых дэманстрацый і мітынгаў некаторыя выступоўцы і шэраг падасланых канторай гукальшчыкаў навязьліва ўкладалі ў вушы беларусам: “Вот был настоящий белорусский лидер. Хороший коммунист! Давайте среди сегодняшних товарищей найдём такого!..” Але фронтаўцы ведалі цану гэтым гукальшчыкам.

Цікава, што на пачатку 2000-х гадоў такая спроба была паўторана. Гэтым разам у газэтным варыянце. За справу ўзяўся вядомы дзеяч з “Нашай Нівы” С. Дубавец. Узяўся прафэсійна, намуціў людзям у галовах. Нават у глыбінцы можна было сустрэць разумных і патрыятычных беларусаў, якія спасылаліся на “жывога нашаніўца” і паўтаралі за ім, што “павінен быць пераходны пэрыяд, праз які Беларусь павінен правесьці прадстаўнік намэнклатуры...” Зразумела, што канторы йшлося пра “нэўтралізацыю” Зянона Пазьняка. “Ідэя”, аднак, аскандалілася на Ганчарыку, пражыла ня доўга і забылася.

Наш народ дастаткова пажыў у “пераходны пэрыяд” пад намэнклатуршчыкам саўгаснага зьвяна. І больш савецкіх выкапняў ня хоча.

* * *

“Говправду” зноў за сваё. “ДэмСМІ” некалькі дзён прысьвяцілі агіднай постаці спаленага агента-правакатара Дзімітрыева, бралі ў яго тлумачэньні і інтэрв'ю на тэму ягонай здрады 2010 года. Спалены агент тлумачыўся шматслоўна і нават вынаходліва, але факт здрады “прызнаў”.

Дзімітрыеў застаўся на “ответственной работе”. Ён, як і раней, займаецца фінансамі ў цэнтральным офісе “Говправду”. Ды й сама структура не зьмянілася. Яна зноў заклікае грамадзтва ісьці на выбары. Сёлета на мясцовыя, а ў 2015 годзе на “прэзыдэнцкія”, дзе трэба “абавязкава вызначыць агульнага дэмкандыдата”. Пра гэта яны таксама раструбілі ў Сеціве. Сказалі таксама, што зь імі будуць псэўда-БНФ Янукевіча і “За Свободу” (структура Мілінкевіча). Прафанатары працягваюць сваю справу.

* * *

З 1 сакавіка акупанцкі рэжым праводзіць абяцаныя “рэформы”. Яны будуць мець пакуль што лакальнае значэньне. Рэзка падвышаецца аплата сем'ямі харчаваньня дзяцей у садках. Зразумела, што сем'і аддадуць апошняе, каб дзеці былі элемэнтарна дагледжаны. Прасьцейшыя калькуляцыі паказваюць, што сродкаў, змарнаваных на пабудову ўсяго аднаго лукашыстоўскага “лядовага палаца” у любым правінцыйным горадзе, хапіла б на пакрыцьцё ўсіх выдаткаў на харчаваньне ўсіх дзяцей у садках па ўсяе Беларусі на працягу некалькіх гадоў.

Мінкультуры РБ таксама падключылася да “рэформаў”. З пачаткам каляндарнай вясны ўводзяцца новыя цэны на ўваходныя квіткі ў музэі Беларусі. Напрыклад, каб наведаць Нацыянальны мастацкі музэй у Менску, трэба купіць квіток па 40 тысячаў рублёў. Калі музэйшчыкі даведаліся пра гэта, то ўздыхнулі і сказалі: “Ну, цяпер да нас ніхто хадзіць ня будзе...” І ня трэба расказваць аб тым, што ўваход у Луўр і Ватыканскія музэі каштуе 10 эўра, ня трэба. Там заробкі ў людзей у разы вышэйшыя, чым у беларусаў. Да таго ж, паводле закону ва ўсіх дзяржаўных эўрапейскіх музэях Эўропы ёсьць абавязкавы дзень бясплатнага наведваньня (як правіла, серада).

* * *

Паступаюць трывожныя інфармацыі з Гомеля пра напады туркмэнскіх студэнтаў на беларусаў. Цікава, што гэтая крымінальная практыка існуе ў горадзе над Сожам даволі даўно. А ўсё застаецца на сваіх месцах. Бачна, што крымінальнікі пачуваюцца беспакарана. Няма больш спрыяльнай атмасфэры для крымінала, чым беспакаранасьць. Аналіз паказвае, што антыбеларускі рэжым зацікаўлены ў існаваньні такога становішча. Рэжыму важна, каб беларусы жылі ў атмасфэры страха на ўласнай зямлі. Вось паспрабавалі б маладыя беларусы сабрацца, напрыклад, на Дзяды і прайсьці шматлюдным шэсьцем з крыжамі і Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі да крыжоў, усталяваных на месцы расстрэлаў ахвяраў НКВД. Рэжым нагнаў бы столькі рознай паліцыі і дзейнічаў бы так апэратыўна, нібыта ад разгону мірнага шэсьця залежыць ягоны далейшы лёс. А ў выпадку з экзотамі “кадров не хватает”. З другога боку, можна сябе ўявіць, што наладзіла б туркмэнскае грамадзтва, калі б улады бязьдзейнічалі, а нейкія кодлы чужынцаў ізгаляліся б над туркмэнскімі студэнтамі.

Янка Базыль