ЯК АДНЫ НЯШЧЫРЫЯ ПАРАЗУМЕЛІСЯ З ДРУГІМІ КРЫВАДУШНЫМІ

posted Mar 9, 2013, 4:29 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 9, 2013, 4:29 AM ]
У беларускага народу ёсьць шмат сапраўдных сяброў у сьвеце. Гэта сем'і, якія арганізоўваюць адпачынак нашых дзяцей у эўрапейскіх краінах. Гэта дасьледчыкі нашай культуры і гісторыі, якія нясуць у сьвет праўду пра веліч і драму беларускай мінуўшчыны. Гэта грамадзкія і палітычныя дзеячы, якія не даюць сваім грамадзтвам забыцца пра беларускую бяду цяпершчыны. Але ёсьць іншая катэгорыя “беларусазнаўцаў”, кваліфікуючы якіх немагчыма адмовіцца ад двукосься. Такія сядзяць на грантах, ва ўтульных офісах, з паслужлівымі сакратаркамі. І выдаюць “на гара” сваю інфарм-прадукцыю пра нашу Беларусь.

1 сакавіка ў цэнтральнай швэдскай газэце “Svenska Dagbladet” выступіў такі “спэц” па беларускіх справах. Ня проста “спэц”, а ўжо амаль класік — Марцін Угла. Гэты швэд бываў у Беларусі, ён з калегамі дзейсны на ніве “абароны правоў чалавека”. Вадзіў яго па нашай краіне і тлумачыў пра нашы праблемы вядомы А. Бяляцкі. Год таму гэты М. Угла заснаваў інтэрнэт-рэсурс пад назовам “Усходняя група”.

Вось як сп. Угла ахарактарызаваў сваю дзейнасьць у сьвежым нумары газэты. Цытуем:

“Усходняя група” дзейнічае дзеля дэмакратыі і правоў чалавека ва Усходняй Эўропе. Мы супрацоўнічаем з арганізацыямі ў рэгіёне і падтрымліваем іх. Мы распаўсюджваем інфармацыю і фармуем грамадзкую думку (апінію) у Швэцыі”.

Па самахарактарыстыцы бачна, што Углава “група” прэтэндуе на лідэрства ў беларусазнаўстве на ўвесь скандынаўскі рэгіён.

Пра што ж напісаў у першы дзень вясны гэты дзеяч? Ён выказаў прэтэнзіі да прэм'ера Швэцыі Карла Більдта. Маўляў, раней Більдт вельмі рупіўся пра дэмакратызацыю ў Беларусі, а цяпер і словам яе ня згадвае. Угла прыгадаў таксама, як Більдт быў расчараваны разгромам і рэпрэсіямі, якія наладзіў Лукашэнка 19 сьнежня 2010 г. і пасьля таго. А ён (Більдт) паверыў у спадзяваны працэс лукашэнкаўскай дэмакратызацыі падчас выбарчай кампаніі. Більдт спадобіўся на тое, каб у дзень вызваленьня Саннікава патэлефанаваць яму асабіста і павіншаваць яго з вызваленьнем. А цяпер і не ўспамінае пра ўсё гэта.

М. Угла пераказвае тое, пра што ведаюць і памятаюць беларусы. Заходні істэблішмэнт з гатоўнасьцю падхапіў берлінска-маскоўскі лёзунг пра “адлігу Лукашэнкі” у верасьні-сьнежні 2010 г., калі разгортвалася фальшывая выбарчая кампанія. Цяжка сказаць, чаго ў гэтым было больш: дурноты і наіўнасьці або палітычнай прадажнасьці і тэндэнцыйнасьці. Яны там у Эўропе на поўным сур'ёзе выступалі пра гераічнае электаральнае змаганьне Саннікава і іншых падстаўных з абрыдлым дыктатарам. Журналістаў прысылалі, назіральнікаў мабілізавалі, процьму артыкулаў і сьпічаў пра гэта стварылі. А 19 сьнежня селі ў лужыну. Разам з Саннікавым і таварышамі. І вось жа цяпер яны і ўспамінаць пра ўсё тое і ўсіх тых ня хочуць.

Нагадаем, што ва ўсёй гэтай стракатай інфармацыйна-сьпічавай плыні ні ад каго з гэтых міністраў, назіральнікаў, більдтаў і ўглаў аніразу (!) не прагучала слова ў абарону беларускай мовы і школы. Яны аніразу не згадалі пра здушэньне нацыянальнай культуры беларускага народу, пра акупацыйны прамаскоўскі рэжым. Яны ўсё пра “правы чалавека”.

Але і тут яны праявілі сваю няшчырасьць. Той жа М. Угла год таму паведаміў праз беларускую рэдакцыю Радыё Свабода пра ўтварэньне інтэрнэт-старонкі сваёй “Усходняй групы”. Патрыёты-фронтаўцы (наіўна) паверылі ў прыязнасьць гэтай “групы” і паслалі на адрас Углы шэраг матэр'ялаў пра акупацыйны характар рэжыму і здушэньне беларускай культуры і мовы (усе тэксты па-швэдску і ангельску). Фронтаўцы нават не дачакаліся адказу. Больш таго, назіраючы за публікацыямі гэтай “групы”, мы канстатавалі адзін кур'ёзны факт. Якраз у той час адбывалася жорсткае судзілішча над героям-фронтаўцам Сяргеям Каваленкам. У публікацыях “групы Углы” было штодня па тры паведамленьні пра таго ж А. Бяляцкага, пра БАЖ і Літвіну і падобнае. Пра Каваленку ні слова (!). Тады фронтаўцы накіравалі напісанае па-швэдску паведамленьне гэтаму Угле. Яго папярэджвалі, што калі ён і надалей будзе хаваць ад швэдскага грамадзтва драму Сяргея Каваленкі, то мы вымушаны будзем абвясьціць яго на ўсю Эўропу пэрсонай нон-грата. І нагадалі яму пра недапушчальнасьць падвойных стандартаў. Цікава, што праз тры дні пасьля гэтага “група” пачала даваць інфармацыю пра С. Каваленку. Вось такія “абаронцы правоў”.

Хаця патрыётам зразумела, адкуль вушы растуць. З Стакгольма і офіса М. Углы практычна не вылазіць такі супрацоўнік “Вясны” Бяляцкага як В. Стэфановіч. Мяркуем, што менавіта з падачы гэтых залежных і падстаўных пэрсанажаў швэды замоўчвалі справу беларускага героя. Адны няшчырыя добра паразумеліся з другімі крывадушнымі.

Але час усё расставіць на свае месцы. Галоўнае для беларусаў — ня мець ілюзій. За свае правы трэба змагацца перш за ўсё самым.

Валеры Буйвал