ПАВАЖАЮЦЬ ТОЙ НАРОД, ЯКІ МОЦНЫ І ЗГУРТАВАНЫ

posted Mar 13, 2013, 9:38 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 13, 2013, 9:38 PM ]
(Сакавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

10 сакавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ: “Баронім Айчыну” (публікуецца).

З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні КХП — БНФ і БНФ “Адраджэньне”, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы КХП — БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Выступоўцы казалі пра апошні пэрыяд часу, які характарызуецца скандэнсаванасьцю і насычанасьцю падзеямі, што вызначаюць бліжэйшую будучыню нашага народу.

Рэжым вымушаны рэзка падымаць цэны на жыцьцёва неабходныя тавары і паслугі. Людзі адчуваюць, што набліжаецца абвал фінансава-эканамічнай сістэмы лукашызма. Набліжаецца канец сістэмы фарсу і хлусьні, у якую да апошняга часу яшчэ верылі некаторыя асобы.

Антыбеларускі рэжым узяўся за апошнія праявы бізнэсу, кіруемага беларусамі. Адусюль паступае інфармацыя пра разгром беларускага бізнэсу і расправу над беларускім бізнэсоўцамі. Адбываецца тое, пра што яшчэ 15-20 гадоў папярэджвалі беларускія патрыёты-фронтаўцы. Аказалася, што захаваць свой бізнэс, спакой і прыбыткі можна толькі ва ўмовах нацыянальнай Беларускай дзяржавы і пад дэмакратычным кіраваньнем патрыятычнага кіраўніцтва. Зусім нядаўна многім практычным, але дэнацыялізаваным людзям гэтая пастаноўка пытаньня здавалася адцягненымі ад рэчаіснасьці разважаньнямі “пра мову і сымволіку”. Сама практыка, аднак, сьцьвярджае, што акупаваная дзяржава, кіруемая ненавісьнікамі ўсяго беларускага, ня можа быць гарантам беларускага бізнэсу. Той, хто ненавідзіць Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і беларускую мову, той ненавідзіць і беларускі бізнэс. У Беларусі, падступна акупаванай варожай імпэрыяй праз стаўленьнікаў і агентуру, няма месца для беларускага нацыянальнага прадпрыймальніцтва. У зрусіфікаванай Беларусі вынішчаецца ўсё беларускае (уключна з нацыянальным бізнэсам і ўладальнікамі маёмасьці).

Пра акупацыйныя мэтады дэнацыяналізацыі, этнацыд і замену карэннага беларускага насельніцтва чужым нашыя нацыянальныя дзеячы папярэджвалі і папярэджваюць увесь час. Дзікія планы засяленьня нашага горада Берасьця мільёнам расейцаў (у дадатак да кітайскай мільённай навалы) усхвалявалі беларусаў (некаторых, аднак). Многія пытаюцца: як жа так, што нам рабіць? Можа здацца ў рабства на міласьць чужынцаў, пайсьці да іх прыслугоўваць на ўласнай зямлі? На гэта ёсьць адназначны адказ, правераны стагодзямі нашай гісторыі і гісторыі іншых народаў. Паважаюць таго, хто моцны і згуртаваны. Тады вораг ведае, што на зямлі такога народу нельга куражыцца і гадзіць. Тады вораг ведае, што ў яго няма пэрспэктываў на камфортнае існаваньне на захопленай зямлі.

Моц і згуртаванасьць беларускага народу — у Беларускай Салідарнасьці і вернасьці сваім (а не чужым) каштоўнасьцям — роднай мове, культуры, голасу роднай крыві. Будзе нацыянальная салідарнасьць, і беларускі селянін абароніць беларускага бізнэсмэна, беларускі настаўнік дапаможа беларускаму рабочаму. Тады перад зграяй ворагаў-чужынцаў наш народ устане як адна сям'я, а не сума раструшчаных постсавецкіх індывідуумаў. А практыка паказвае, што свайго народы пазнаюць па мове, па прыналежнасьці да роднай традыцыі, па непрыняцьцю чужога і варожага. Нам усім трэба навучыцца не прымаць чужое, маскоўскае, мафійнае, крымінальнае. У гэтым разуменьні ёсьць перспэктыва выжываньня нашай нацыі, усіх нас незалежна ад прафэсіі і сацыяльнага статуса.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра барацьбу патрыётаў за захаваньне апошніх асяродкаў беларускай адукацыі ў роднай мове. Нават сярод цяперашняй лукашыстоўскай адміністрацыі ёсьць людзі, якія падтрымліваюць родную мову і беларускую адукацыю. Гэта значыць, што нават сярод чынавенства ёсьць шмат людзей, якія бачаць сапраўдную пэрспэктыву вольнай Беларусі. Менавіта гэтыя людзі, якія ў цяжкі пэрыяд засьведчылі сваю прыхільнасьць да беларушчыны, будуць мець магчымасьць займацца рэформамі адукацыі і культуры ў вызваленай ад акупацыі Беларусі.

Сойм абмеркаваў праграму нацыянальнай адукацыі ў рамках канцэпцыі “Глядзім у будучыню”.

10 сакавіка 2013 г.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ