ДЗЕНЬ АБСУРДАЎ

posted Mar 31, 2013, 7:50 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 31, 2013, 7:50 PM ]
15 сакавіка (Дзень Канстытуцыі) атрымаўся днём некалькіх абсурдаў. Спачатку ў свае запозьненыя правы вярнулася зіма. На Беларусь наляцеў магутны цыклон і заваліў усё сьнегам. Людзям здаецца, што вясна ніколі не настане.

Потым выйшлі з шматгадовай сьпячкі некалькі дэпутатаў Вярхоўнага Савета няшчаснага 13-га скліканьня. Яны (11 асобаў) сабраліся ў сядзібе псэўда-БНФ і наладзілі паседжаньне, якое “дэмСМІ” пасьпяшаліся назваць “сходам сапраўдных дэпутатаў”. Сярод “сапраўдных” былі заўважаны людзі з падмочанай рэпутацыяй. Напрыклад, Л. Гразнова, якая летась зьдзейсьніла гастролі на Захадзе, выхваляючы антыбеларускі рэжым пад дэвізам “Белоруссы никогда не жили так хорошо, как при Лукашенко”. Або Ул. Ганчарык, правальны прэзыдэнцкі кандыдат 2001 года. Быў таксама вядомы бальшавіцкі правакатар В. Шчукін. Адкрываў паседжаньне спічам і заклікамі шырока вядомы А. Лебедько, які так і не “сверг власть”, атрымаўшы на гэтую апэрацыю мільённыя сумы грошай (што было раскрыта для грамадзтваў Масквой у вядомым відэафільме).

Адбыўся яшчэ адзін эпізод з удзелам А. Лебедько. Раптам Радыё Свабода дала выступіць невядомаму чытачу-камэнтатару, які запытаў Лебедько наконт ягонага ўдзелу ў прывядзеньні да ўлады Лукашэнкі і ягонай працы на пасадзе спэцпрадстаўніка Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце. Лебедько нават не папярхнуўся і заявіў па Свабодзе, што “ніколі ня быў прадстаўніком Лукашэнкі”. Камэнтатары дагэтуль выказваюць свае ўражаньні ад гэтай бессаромнай хлусьні і прадстаўляюць агульнадаступныя крыніцы, зь якіх можна даведацца пра лукашыстоўскую дзейнасьць А. Лебедько.

Ніхто з “сапраўдных”, аднак, не задаў Лебедько ніякіх пытаньняў на гэтую тэму. У іх былі іншыя задачы. Яны абмяркоўвалі распродаж рэжымам народнай беларускай маёмасьці. Прагучала шмат моцных словаў пра аўтарытарнае кіраваньне беларускай эканомікі, пра “мы мусім прыйсьці да ўлады праз выбары” (С. Багданкевіч). Юрыст М. Пастухоў назваў сход “гістарычным”. І г.д.

У выніку быў прыняты дакумэнт пад назовам “Намэнклатурная прыватызацыя — пагроза страты эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі”. “Сапраўдныя дэпутаты” заклікалі ўсіх беларусаў падпісвацца пад дакумэнтам. Цікава, што слова “Масква” аніразу не прагучала ў выступах абмяркоўшчыкаў. Яны лічаць, што прыхватызацыйныя працэсы ў нашай краіне адбываюцца выключна па віне мясцовай намэнклатуры. Палітычнай падаплёкі ў гэтых працэсах яны таксама ня ўбачылі і не абмяркоўвалі.

Гэта была самая абсурдная зьява Дня абсурдаў. Людзі паціскаюць плячыма і пытаюцца рытарычна: а што гэта за “ход канём” ад псэўдаапазыцыі? Каму была патрэбная гэтая дэманстрацыя “сапраўдных”? У бліжэйшы час мы даведаемся, які будзе працяг гэтага шоў.

Быў заяўлены і яшчэ адзін абсурдзік. Арганізатары шэсьця на бангалорскі сабачнік атрымалі дазвол Мінгарвыканкама на 24 сакавіка. У тэксьце дазволу пазначана, што забараняецца выкарыстоўваць падчас шэсьця нацыянальную сымволіку. Псэўды заявілі, што ўсяроўна пойдуць на сабачнік. Для іх рэжымны зьдзек — зусім не зьдзек. Атрымліваецца лагічна: рэжым публічна раскрывае сутнасьць гэтай фальшывай публікі. Але сама публіка гэтага не заўважае, у яе няма комплексаў.

Янка Базыль