ПАТРЫЁТЫ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ ВОЛІ ПА ЎСЁЙ БЕЛАРУСІ

posted Mar 31, 2013, 7:53 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 31, 2013, 7:54 PM ]
25 Сакавіка на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ беларусы па ўсёй краіне адзначылі Дзень Волі. У сувязі з татальнымі забаронамі антыбеларускага рэжыму на правядзеньне сьвяточных урачыстасьцяў у сталіцы і рэгіёнах людзі зьмянілі фармат мерапрыемстваў. Сябры, аднадумцы, калегі, часта разам з сем'ямі пайшлі да помнікаў выдатным дзеячам нашай нацыянальнай культуры, на гістарычныя месцы, зьвязаныя з Беларускай Народнай Рэспублікай і яе героямі. У гэты дзень рэжым мабілізаваў свае рэпрэсіўныя структуры, каб запалохаць беларусаў і не дапусьціць сьвяткаваньня. Але ў “слаўных органаў” была цяжкая задача. Ім давялося “абараняць ад сьвяткаваньня” вельмі шмат аб'ектаў, яны ў гэты дзень набегаліся.

Беларусы ўскладалі кветкі з Бел-Чырвона-Белымі стужкамі і сьцяжкамі на сьвятых мясьцінах нашага нацыянальнага змаганьня. Людзі віншавалі адзін аднаго са сьвятам, тлумачылі тым, хто ня ведаў, якое значэньне мае Дзень Волі і канкрэтнае месца, дзе адбываліся гістарычныя падзеі. Людзі не баяліся рэжымных “ціхароў”, якія навязьліва тапталіся каля некаторых гістарычных аб'ектаў. Беларусы разумелі, што сьвяткаваньне адбываецца пад чужынскай акупацыяй.

Але акупанцкаму рэжыму ня ўдасца растаптаць нашую памяць, нашую нацыянальную годнасьць і беларускую будучыню. Набліжаецца час, калі народ будзе сьвяткаваць Дзень Волі ў сваёй вызваленай ад цемры Дзяржаве.

Янка Базыль