ЖЫЦЬЦЁ ДЗЕЛЯ КРАСЫ І БЕЛАРУСІ

posted Apr 6, 2013, 8:07 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 6, 2013, 8:08 PM ]
28 сакавіка ў сталічным Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) урачыста адкрылася выстава твораў таленавітага мастака-графіка Яўгена Шатохіна (1947-2012). На вэрнісажы сабраліся вучні Шатохіна-пэдагога, ягоныя сябры і аднадумцы. Было сказана шмат цёплых словаў пра чалавека і творцу, прагучалі ўспаміны пра сустрэчы зь ім на абсягах жыцьця і мастацтва.

Анталогія графічных твораў прадстаўляе нам яркую творчую асобу. Самае дарагое для мастака — родная зямля, яе някідкая, але непаўторная краса. Яўген Шатохін — майстра алоўка, здавалася б, ня самай эфэктнай тэхнікі ў графіцы. Але ў кожным краявідзе штрых набывае такую вастрыню і насычанасьць, што ў графічнай карціне сьпілага матыва гучыць шырокая гама тонаў і пачуцьцяў. Акварэльныя работы Шатохіна таксама блізкія да аскетызму ў стрыманасьці колераў і дысцыплінаванай палітры фарбаў. Менавіта гэтаму ён вучыў творчую моладзь: бачыць цудоўнае ў звычайным, не захапляцца павярхоўным і чужым. На выставе людзі сустрэліся з вечна жывым беларускім мастацтвам.

Мы памятаем Яўгена таксама як мужнага барацьбіта за вольную Беларусь. Ён моцна трымаў свой участак Беларускага Народнага Фронта ў родным Пінску. Яркім радком у гісторыі старажытнага гораду назаўжды застанецца подзьвіг Яўгена Шатохіна. Падчас правальнага камуністычнага путчу ў жніўні 1991 года менавіта ён падняў пінчукоў на абарону Бацькаўшчыны, дзейнічаў рашуча і сьмела. Пад ягоным кіраўніцтвам былі апячатаны памяшканьні камуністычных структураў горада, фактычна спынена дзейнасьць антыбеларускай КПСС у Пінску. Яўген Шатохін узьняў над Пінскам Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Такім мы назаўжды запомнілі нашага сябра.

Валеры Буйвал