ЭКАНОМІКА, ПРАДПРЫЕМСТВЫ НАЛЕЖАЦЬ УСЯМУ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ

posted Apr 17, 2013, 10:32 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 17, 2013, 10:33 AM ]
(Красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

14 красавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Санкцыі — дыялог — санкцыі” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы казалі пра паглыбленьне сацыяльна-эканамічнага крызісу ў нашай краіне. Рэжым распрадае і здае лепшыя прадпрыемствы, гонар і славу беларускай эканомікі. Усё гэта робіцца пад фальшывым саванам нібыта зьдзелак кіраўніцтва нашай краіны з Расеяй. Але ж гэтыя каштоўнасьці належаць усяму беларускаму народу, ніхто ня мае права распараджацца нашымі каштоўнасьцямі. Прадаваць гэта ёсьць крымінальным злачынствам. Апошнім часам назіраецца інтэнсіфікацыя гэтага крымінальнага працэсу. Вынікам гэтага злачынства будзе толькі аднаўленьне законнасьці дэмакратычнай беларускай уладай. Няхай ведаюць пра гэта мафійныя расейскія колы, якія займаюцца крымінальнымі трансакцыямі з антыбеларускім рэжымам.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра выразныя пазытыўныя зьмены ў настроях людзей. Беларусы хочуць мець праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне і ў сьвеце, яны ня вераць афіцыёзнай прапагандзе, якая раздражняе людзей. Наглядзеўшыся на антычалавечыя экспэрымэнты дыктатуры, людзі вяртаюцца да роднай мовы, успамінаюць аб тым, што яны беларусы — спадчыньнікі вялікай культуры і цывілізацыі. Гэта таксама ёсьць адзін з вынікаў злачыннага здушэньня ўсяго беларускага маскоўскімі акупантамі. Людзі пачалі цаніць сваё, роднае і вяртацца да сваіх каштоўнасьцяў. Беларусы зразумелі, што сваё — гэта жыцьцё, гэта будучыня дзяцей і ўнукаў, а маскоўска-акупанцкае — гэта мёртвае, чужое, дурное і ганебнае.

Сойм прыняў рашэньне накіраваць у беларускае грамадзтва Адозву аб супраціве антыбеларускай палітыцы і абароне нашай Айчыны ад акупанцкай Расеі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

14 красавіка 2013 г.