“У АРМЕНІІ АДЗНАЧАЮЦЬ 98-Ю ГАДАВІНУ ГЕНАЦЫДА”

posted Apr 30, 2013, 7:06 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 30, 2013, 7:07 PM ]
24 красавіка летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад гэтым тытулам. Вось гэты артыкул:

У Арменіі адзначаюць 98-ю гадавіну генацыда, калі пад уладай Асманскай імпэрыі былі забіты сотні тысяч армян. Турцыя дагэтуль адмаўляецца прызнаць, што тут быў генацыд, сьцьвярджаючы, што гэта — частка баёў, што адбываліся ў Першую сусьветную вайну. Дагэтуль гэтае гістарычнае пытаньне — клін паміж Арменіяй і Турцыяй.

Адзначаючы гадавіну генацыда, армяне заклікаюць сьвет прызнаць, што ў 1915-1917 гадах — масавыя забойствы, зьдзейсьненыя Асманскай імпэрыяй, у выніку чаго загінула 1,5 мільёна суайчыньнікаў, былі генацыдам, грунтоўна запланаваным асманскім кіраўніцтвам. Турцыя адмаўляе гэта, сьцьвярджаючы, што загінула 300-500 тысячаў армян і прыкладна столькі ж турак. Гэта былі ахвяры Першай сусьветнай вайны, калі армяне паўсталі супраць валадароў Асманскай імпэрыі і далучыліся да расейскіх сілаў, якія ўвараваліся туды.

У цэнтры сталіцы Ерэвана тысячы армян сабраліся, каб адзначыць 98-ю гадавіну забойстваў і заклікаць Турцыю прызнаць генацыд, што адбыўся амаль 100 год таму.

“Уся Арменія, армянская дыяспара і моладзь ужо каторы год ў гэты дзень запальваюць паходні і змагаюцца за справядлівасьць”, — заявіў прадстаўнік Армянскай рэвалюцыйнай фэдэрацыі Артур Казаран.

Шмат людзей узяло ўдзел у шэсьці вуліцамі Ерэвана да помніка генацыду, у цэнтры якога гарыць вечны агонь.

Гісторыкі сьцьвярджаюць, што генацыд армян быў першым сучасным генацыдам, запланаваным і зьдзейсьненым на дзяржаўным узроўні. Яго дагэтуль не прызнаюць Турцыя і яшчэ некалькі краін.

Мяркуецца, што Турцыя ня хоча прымаць на сабе адказнасьць, баючыся ўзмацніць памкненьне да незалежнасьці іншых нацыянальных меншасьцяў, напрыклад, курдаў. Турэцка-армянскі канфлікт вядзе да расколу і ў замежжы — прызнаючы генацыд, вы становіцеся сябрамі армян, але разам з тым і аб'ектам турэцкага гневу. У Францыі быў прыняты закон, паводле якога забаронена адмаўляць генацыд армян і за гэта прадугледжваліся суровыя пакараньні. У туркаў адразу ж адносіны з Парыжам сталі халоднымі. Што праўда, пазьней закон быў адкліканы.

Турцыя і Арменія не маюць дыпламатычных адносін з 1993 г. Анкара зачыніла мяжу з суседам з прычыны вайны паміж хрысьціянскай Арменіяй і мусульманскім Азэрбайджанам за Нагорны Карабах.

lrt.lt, служба тэленавінаў LRT, Вілмантэ Лакцыкайтэ

(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)


У сьвеце няма ніводнага армяніна або сябра Арменіі, які раўнадушна адмахнецца і скажа вам: “Время было такое...” Армянскі народ памятае аб сваіх ахвярах і патрабуе справядлівасьці ўжо амаль сто гадоў. Пра “такое время” там ніхто не разважае. І забойцам ніхто не даруе. Нават пад савецкім валадарствам афіцыйныя ўлады ў Маскве і Ерэване не адмаўлялі факту генацыду армянскага народу і не забаранялі людзям памінаць сваіх пакутнікаў. Пры саветах былі пабудаваны помнікі і мэмарыялы ў памяць аб ахвярах генацыду. Зразумела, што кіраўніцтва незалежнай Арменіі робіць усё, каб ушанаваць пакутнікаў народу і зрабіць гэтую памяць вечнай. Той, хто надумаў бы зьдзеквацца з народнай памяці армянскага народу, блюзьнерыць на магілах пакутнікаў, наносіць шкоду народным мэмарыялам, адразу атрымаў бы суровы і справядлівы адказ ад уладаў і грамадзтва. Такіх там няма.

Антыбеларускі рэжым і Масква, што стаіць за ім, робяць усё, каб растаптаць памяць пра генацыд беларускага народу. Гэта ёсьць адзін з галоўных доказаў таго, што рэжым у Беларусі мае акупацыйны, антыбеларускі характар. Вечна так ня будзе. У вызваленай ад акупацыі Беларусі будзе спынены зьдзек з нашай народнай памяці і разбурэньне нашых сьвятынь. І прафанатарам-кузняцовым ня будзе месца на нашай зямлі.

Ян Булыга