НЯМА МЯЖЫ З МАСКОЎШЧЫНАЙ, А ЁН СТРАШЫЦЬ, ШТО БУДЗЕ СТРАЛЯЦЬ

posted Apr 30, 2013, 7:09 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 30, 2013, 7:09 PM ]
19 красавіка летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “А. Лукашэнка папярэдзіў, каб не спрабавалі прарвацца праз беларускую мяжу”. Вось гэты артыкул:

Беларускія памежнікі будуць прымяняць зброю, калі будуць спробы прарвацца праз дзяржаўную мяжу. Гэта ў пятніцу ў Менску заявіў прэзыдэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, зачытваючы штогадовы зварот да беларускага народу і парляманту, як паведаміла РІА-Новості.

Колькі месяцаў таму грамадзянін Нямеччыны расейскага паходжаньня ехаў з Польшчы і пратараніў шлагбаўм на кантрольным пастарунку, уехаў у Беларусь і ўцёк. Праз колькі дзён яго злавілі і аддалі пад суд.

“Крый Божа якому-небудзь шарлатану праехаць праз нашу мяжу, як нож у масла, будзеце самы вінаватыя”, — заявіў Лукашэнка, зьвяртаючыся да памежнікаў.

Ён таксама папярэдзіў патэнцыйных парушальнікаў аб магчымых наступствах. Памежнікі будуць прымяняць зброю і ў выпадку малейшага непадпарадкаваньня. Мяжа — не плот”, — падкрэсьліў А. Лукашэнка.

ELTA і lrytas.lt inf.

(Пераклаў з летувіскай В. Буйвал)


Кур'ёзны часам занятак — чытаньне газэт суседняй краіны, асабліва на беларускую тэму. Яны, аказваецца, карыстаюцца пры падачы паведамленьняў зь недалёкага Менску інфармацыйнымі падачкамі, што распаўсюджвае расейская агенцыя РІА-Новості. Сваіх крыніц у іх няма. Яны паўтараюць за маскоўскай агенцыяй пра Лукашэнку-прэзыдэнта, мабыць, не здагадваючыся, што ён узурпатар прэзыдэнцкай улады. Яны паўтараюць тэарэтызаваньні галоўнага начальніка рэжыму пра “граніца на замке!” і “стой, страляць буду!”

На мяжы з цывілізаванымі суседзямі Беларусі сапраўды ахова наладжана. Ёсьць і дрот, і паласа, і пастарунковыя з сабакамі. А вось з маскоўскай імпэрыяй мяжы няма, няма і ўсё. А менавіта адтуль у Беларусь сьцякаецца ўсялякае гнюснасьць і небясьпека, наркотыкі, наёмныя забойцы, злачынцы розных масьцяў. На месцы мяжы з агрэсіўнай гэбоўскай імпэрыяй — прорва. Але пра гэта не напіша летувіская газэта, бо пра гэта ніколі не паведаміць ёй маскоўская агенцыя.

Мы часам зьдзіўляемся падстаўной і фальшывай мясцовай “дэмжурналістыцы”. Але вось вам узровень рэпарцёрства ў суседняй краіне. Улетку 1940-га маскоўскія агенцыі таксама былі паведамілі ім, што “савецкая армія выйшла на спацыр”. Яны мабыць паверылі Маскве, а тая за паўдня заняла ім іхную дзяржаву на наступныя дзесяціцгоддзі. Скарэктаваных навінаў пра “спацыр” не было ўжо каму паведамляць у летувіскае грамадзтва. Бо разам з дзяржавай была ліквідавана і дэмжурналістыка...

Ян Булыга