DANSK SPROG — ДАЦКАЯ МОВА

posted May 2, 2013, 10:08 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 2, 2013, 10:09 AM ]
Ужо больш за месяц у Даніі працягваецца агульнадзяржаўны канфлікт вакол школьніцтва і настаўніцтва. У сувязі з цяжкім эканамічным крызісам урад краіны вырашыў сэканоміць на настаўніках і павялічыў ім гадзіны выкладаньня за той жа заробак Настаўнікі масава заўпарціліся і адмовіліся “быць крайнімі”. Па ўсёй Даніі прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі і мітынгі, а на правінцыі пікеты з патрабаваньнем адмены прынятых урадавых рашэньняў. Да настаўнікаў актыўна далучыліся бацькі і самы вучні. На гэта ўрад адказаў лакаўтам, зачыніўшы 1 красавіка сотні школ. 50 тысяч настаўнікаў сталіся фактычна беспрацоўнымі. Класы стаяць пустыя, дзесяткі тысячаў дзяцей ня вучацца. Цікава, што дзеці ўсіх узростаў рвуцца ў школу, хочуць вучыцца і выступаюць на баку сваіх настаўнікаў.

На наш погляд, уся сытуацыя паказвае, што, як казаў Гамлет, “ня ўсё ў парадку ў Дацкім каралеўстве”, але з народнай адукацыяй у каралеўстве ўсё добра. Школа ў Даніі — дацкая, на роднай мове. На гэтай мове размаўляюць каля пяці з паловай мільёнаў чалавек. Данія — маленькая краіна, якая мае калонію — самую вялікую ў сьвеце выспу — слабазаселеную па берагах ледавітую Грэнляндыю.

Дацкая мова — адна з германаскандынаўскіх моваў, яна блізкая да швэдскай, нарвэжскай і ісляндскай моваў. Аднак, лінгвісты называюць яе “самай невыноснай з эўрапейскіх моваў”. Па-дацку даволі лёгка навучыцца чытаць (асабліва, калі ведаеце іншыя роднасныя мовы), а вось размаўляць па-дацку — гэта сапраўды пакутлівы занятак. Тыя ж лінгвісты кажуць, што пераадолець фанэтычныя парогі датчыны можна толькі размаўляючы з гарачай бульбінай у роце. Гукі зьліваюцца ў адно, зьнікаюць недзе пад языком, не выходзяць з горла. Але гэта родная мова, і народ ня хоча адмаўляцца ад яе. Нягледзячы на тое, што дацкія вучоныя высьветлілі: з прычыны згаданых цяжкасьцяў на пачатковым этапе разьвіцьця дацкія дзеці разьвіваюць здольнасьці разуменьня і маўленьня на некаторы час пазьней, чым іхныя равесьнікі зь іншых краін. Але народ не адмаўляецца ад сваёй роднай мовы.

Так было не заўжды. Суседства з магутнай і вялікай Нямеччынай заўсёды стварала пагрозу для існаваньня дацкай нацыі і мовы. Дацкая арыстакратыя і каралеўскі двор з часоў сярэднявечча прывучыліся размаўляць “па-гарадзкому” — па-нямецку, грэбуючы “мовай простых сялян і рыбакоў”. На пачатку 19-га стагоддзя ўсё пачало мяняцца на рэвалюцыйнай хвалі рамантызму і нацыянальных адраджэньняў па ўсёй Эўропе. У скандынаўскіх краінах вяртаньне да свайго, роднага вядомае пад тэрмінам “скандынавізм”. Культура, традыцыі, нацыянальная гісторыя, песьні і перш за ўсё родная мова — вось што вызначыла гэты нацыянальны ўздым.

Абсалютная бальшыня сучасных датчан умеюць размаўляць па-ангельску, вельмі многія яшчэ й па-нямецку. І ніколі гэтае веданьне чужога не было прычынай адмаўленьня ад свайго, ад сваёй “цяжкой і невыноснай мовы” (самай прыгожай і мілагучнай для датчан). Больш таго, яны ганарацца сваёй мовай і шануюць тых чужынцаў, хто разумее датчыну і хаця б з акцэнтам крыху размаўляе на ёй.

Выкладаньне ў школах і ўнівэрсітэтах вядзецца на дацкай мове. Прытым, што існуюць курсы выкладаньня па-ангельску, а таксама гімназіі з выкладаньнем часткі прадметаў на іншых мовах — але гэта ўсё творчы дадатак да асноўнага, да дацкага.

Мы ўпэўнены, дацкі народ пераадолее цяперашні крызіс і дацкая школа запрацуе з новай энэргіяй як крыніца ведаў і патрыятызму. Дацкая мова будзе жыць вечна ў сям'і цывілізаваных культур. І самая надзейная гэтаму гарантыя — пікеты дацкіх школьнікаў з плакатамі на роднай мове: “Я хачу вучыцца”, “Я хачу на лекцыі”.

Валеры Буйвал