“КОЗЕЙ: РАСЕЯ ЗЬДЗЯЙСЬНЯЕ ЦІСК НА ПОЛЬШЧУ”

posted May 5, 2013, 9:04 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 5, 2013, 9:05 PM ]
30 красавіка ў польскай газэце “Rzeczpospolita” было апублікавана інтэрв'ю пад гэтым тытулам з генэралам Станіславам Козеям, начальнікам Бюро Нацыянальнай Бясьпекі Польшчы. Вось гэтае інтэрв'ю:

Інфармаваньне аб вучэньнях са спадзяваньнем, што гэтыя інфармацыі будуць набіраць моц, ёсьць сьведамым і мэтанакіраваным вядзеньнем інфармацыйнай вайны, — кажа газэце “Rz” прэзыдэнцкі міністар ген. Станіслаў Козей, начальнік Бюро Нацыянальнай Бясьпекі.

Журналіст: Як Вы ўспрымаеце апошнія супольныя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні, падчас якіх адпрацоўваўся сцэнар вайны з Польшчай? На восень запланаваныя ўжо наступныя вучэньні.

Генэрал: Трэба аддзяліць самы вучэньні ад інфармацым пра вучэньні. Вучэньні — гэта практычная трэніроўка і праверка вайсковых мэханізмаў, чым карыстаюцца ўсе дзяржавы ці арганізацыі, якія рацыянальна ставяцца да ўтрыманьня ўласных вайсковых сістэм.

Журналіст: Гэта значыць, што ў гэтых расейска-беларускіх вучэньнях няма нічога дзіўнага?

Генэрал: Вядома, што Расея сур'ёзна ставіцца да сваёй арміі, таму вучэньні не павінны ні для каго быць нечым дзіўным або нечаканым. А вось інфармацыі аб вучэньнях са спадзяваньнем, што гэтыя інфармацыі будуць набіраць моц, ёсьць сьведамым і мэтанакіраваным вядзеньнем інфармацыйнай вайны.

Журналіст: Дык мы павінны гэта разумець як элемэнт агрэсіўнай правакацыі альбо ўсё ж можа пагадзіцца, што гэта звычайныя вайсковыя вучэньні ўсходніх суседзяў? Цяжка пазьбегнуць канстатацыі, што такія сытуацыі павялічваюць напружаньне ва ўзаемных адносінах.

Генэрал: Самы вучэньні зьяўляюцца нечым зусім звычайным. Але вось інфармацыя аб іх зьяўляецца зьдзяйсьненьнем мэтанакіраванага палітычна-вайсковага ціску. У дадзеным выпадку — праз публічнае інфармаваньне аб адпрацоўцы вайны з Польшчай — ціску на Польшчу. Мы не павінны паказваць, што мы саступаем гэтаму ціску. Аднак, мы павінны дакладна аналізаваць сапраўдны зьмест вучэньняў, бо зьмест заўсёды нешта раскрывае ў апэратыўных планах.

Журналіст: Ці Польшча гатовая да магчымага ўзброенага канфлікту? Многія экспэрты падкрэсьліваюць, што ў выпадку атакі з боку Беларусі наша армія не мае шмат шансаў. Мы страцілі б частку тэрыторый на Усходзе, а Аляксандр Лукашэнка не пазьней як праз суткі пасьля пачатку атакі мог бы прымаць парад перамогі ў Варшаве.

Генэрал: Такія думкі ня маюць нічога агульнага з навуковай экспэртызай. Гэта фэльетонныя філіпікі. Яны, пэўна, абапіраюцца на ўяўленьне, што ўся Польшча і НАТО сьпяць на працягу пары месяцаў, а Лукашэнка тым часам мабілізуе ўсю сваю армію (а мы сьпім), падсоўвае яе на мяжу (мы ўсё сьпім) і абсалютна нечакана (бо мы ўсё яшчэ сьпім) кідае яе на Варшаву. Думаю, што нават “малы Ясь” сёньня — у інфармацыйную эру — так не думае.

Журналіст: А ў выпадку канфлікта ці мы наагул можам разьлічваць на хаўрусьнікаў з НАТО? Часта гучаць галасы, што ніхто не захоча “паміраць за Беласток”.

Генэрал: Калі б гэта быў канфлікт буйных маштабаў — якому павінна была б папярэднічаць фаза напружаньня, крызіса, падрыхтоўкі — безумоўна, што з самага пачатку гэта была б хаўрусная вайна.

Журналіст: У іншым выпадку мы можам спадзявацца толькі на сябе?

Генэрал: Што тычыцца пагрозаў меншых маштабаў, асабліва так званых “атэрытарыяльных” пагрозаў, г. зн. сэлектыўных удараў зьнянацку, без папярэдняй падрыхтоўкі, дзе не йшлося б аб захопе атакаванай тэрыторыі, мы павінны лічыцца з тым, што прыйдзецца самым даваць з гэтым рады. Прынамсі на час, патрэбны для атрыманьня кансэнсуса з боку хаўрусьнікаў.

Журналіст: Ці ў сувязі з гэтымі вучэньнямі абгрунтаваным ёсьць факт утрыманьня найлепшых польскіх жаўнераў у замежных місіях у краінах, якія не нясуць непасрэднай пагрозы для бясьпекі Польшчы? Таксама і з дакумэнту “Прыярытэтныя накірункі дзеяньняў Міністэрства Нацыянальнай Абароны і Узброеных Сілаў РП у 2012 годзе” вынікае, што галоўнай мэтай міністэрства зьяўляюцца патрэбы замежных місій. Ці ня ёсьць гэта фактам недаацэнкі пагрозы для тэрыторыі Польшчы?

Генэрал: Прыярытэтам сапраўды павінны быць канстытуцыйныя задачы і тым самым здольнасьці і таксама падрыхтоўка, зьвязаныя з непасрэднай бясьпекай уласнай краіны. Вось такія здольнасьці мы можам у меру магчымасьці ўкладаць у замежныя місіі, якія могуць узьнікнуць. Гэта ёсьць сутнасьцю “дактрыны Камароўскага”, зьмест якой вызначаецца прапановамі і рэкамэндацыямі Стратэгічнага Агляду Нацыянальнай Бясьпекі, праведзенага на распараджэньне Прэзыдэнта РП ў апошнія два гады.

Журналіст: Міністар Сікорскі сцьвердзіў, што Польшча заўсёды рыхтуецца да вайны. Якім чынам? Ці Бюро Нацыянальнай Бясьпекі (BBN) прадугледжвае, што ў недалёкай будучыні можа дайсьці да ўзброенага канфлікту з кім-небудзь з нашых суседзяў?

Генэрал: Польшча ўвесь час павінна дбаць аб сваёй бясьпецы. Гэта хіба адна з найважнейшых лекцый з нашай гісторыі. BBN трактуе бясьпеку як стратэгічную катэгорыю на далёкую пэрспэктыву. Сёньня нам не пагражае ўзброены канфлікт. А заўтра, пасьлязаўтра, праз год, праз дзесяць? Чым далей у будучыню мы зазіраем з пытаньнем, тым менш абгрунтаваным быў бы супакойваючы адказ.

Журналіст: Расейцы таксама адпрацавалі атаку на Швэцыю. Падчас вучэньняў яны сярод іншага парушылі швэдскую паветраную прастору. Што можа азначаць такая павышаная мілітарная актыўнасьць Расейскай Фэдэрацыі? Расейцы спрабуюць паказаць, што яны зноў зьяўляюцца моцным і пагрозьлівым суседам?

Генэрал: Расея хоча паказаць, што яна ўжо настолькі аднавіла свой мілітарны патэнцыял звычайных ўзбраеньняў, што можа пасьпяхова выкарыстоўваць яго ў цяперашняй міжнароднай палітычнай гульні. Так, як яна дагэтуль выкарыстоўвала, напрыклад, сыравінна-энэргетычны патэнцыял.

Журналіст: Ці НАТО мае намер якім-небудзь чынам даць адказ на гэтыя падзеі?

Генэрал: Найлепшым адказам зьяўляюцца вучэньні, на якіх удасканальваюцца ўласныя вайсковыя мэханізмы. Ня варта абурацца, што нейкае войска праводзіць вучэньні, бо гэта ўсё роўна што скардзіцца на тое, што йдзе дождж. Трэба проста правяраць парасоны. Такую ролю выконваюць хаўрусныя вучэньні “Steadfast Jazz”, якія мы рыхтуем.

Марцін Пянькоўскі

(Пераклаў з польскай В. Буйвал)