“У МАСКВЕ ЗНОЎ МАСАВА ДЭМАНСТРАВАЛІ”

posted May 14, 2013, 6:55 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 14, 2013, 6:56 AM ]
6 траўня славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Прыблізна 20000 прыхільнікаў расейскай апазыцыі сёньня сабраліся ў Маскве на пратэстнай акцыі, на якой яны далі выйсьце гневу ў адносінах да Крамля і патрабавалі вызваліць палітычных вязьняў. Інфармавала пра гэта прэсавая агенцыя AP.

Дакладна год таму адбылася пратэстная акцыя на той самай Балотнай плошчы напярэдадні трэцяй прэзыдэнцкай інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна і скончылася гвалтоўнымі сутычкамі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Сотні людзей былі тады арыштаваны. Супраць прынамсі 20 асобаў выстаўленыя цяпер абвінавачваньні ў правакаваньні сутычак, большасьць зь іх знаходзіцца ў арышце на час сьледства. Апазыцыя лічыць гэтых людзей палітычнымі вязьнямі.

Удзельнікі сёньняшняга мітынгу, які праходзіў мірна паміж паліцэйскімі кардонамі, заклікалі ўлады вызваліць людзей, якія з мінулага года знаходзяцца пад вартай.

Пасьля вяртаньня Пуціна на прэзыдэнцкі пасад расейскія караючыя ворганы пачалі перасьлед апазыцыйных актывістаў, а парлямант, падпарадкаваны Крамлю, у прысьпешаным тэмпе прыняў шэраг рэпрэсіўных законаў. Гэтыя законы рэзка павышаюць штрафы за ўдзел ў несанкцыянаваных мерапрыемствах і таксама ўводзяць новыя строгія абмежаваньні дзейнасьці актывістаў у справе грамадзянскай супольнасьці.

Апазыцыйны лідэр Аляксей Навальны, якому пагражае судовы пратэст паводле абвінавачваньняў у марнаваньні сродкаў — паводле Навальнага, справа была сфабрыкавана на загад Пуціна — заклікаў сёньня дэманстрантаў, каб “Пуціна выкінулі з Крамля”.

Сваю прамову ён скончыў скандаваньнем “Расея будзе вольнай!”, а натоўп за ім гэта паўтараў. Дэманстранты патрабавалі заканчэньня доўгай пуцінскай улады і крычалі, што не дазволяць, каб ён ператварыў Расею ў чарговы ГУЛАГ.

Невялікая сутычка завязалася, калі групка прапуцінскіх актывістаў пачала крычаць правакацыйныя лёзунгі. Паліцыя іх адвяла прэч.

За некалькі гадзін да мерапрыемства загінуў мужчына, які дапамагаў ставіць подыюм для пратэстнага мітынгу. Яго забіла гукавая калонка, якая ўпала на яго. Улады пачалі рассьледваньне гэтага няшчаснага выпадку.

TASR

(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)


Ад чарговай маскоўскай апазыц-акцыі ў чарговы раз застаецца недарэчнае ўражаньне. З падачы прэсавых агенцый славацкая і многія іншыя СМІ ў сьвеце паведамілі пра “масавы пратэст у Маскве”. 20 тысячаў асобаў у 12-мільённым горадзе і самай вялікай краіне зямной кулі — гэта “масавасьць”? Уражвае таксама класічная ўжо стракатасьць прысутных плыняў. Мы ўсё гэта рэгулярна бачым на мерапрыемствах мясцовай псэўдаапазыцыі ў Менску. Рознаколерныя сьцягі, рознабойныя транспаранты, жук і жаба, адным словам.

Падобныя на менскіх і маскоўскія апазыц-лідэры. Навальны — выліты мясцовы Мілінкевіч (таксама “адзіны лідэр усяе апазыцыі”), толькі яму падфарбавалі больш драматычны “лёс”. Навальнага ўсё цягалі па залах судоў, бясконца адкладалі паседжаньні (гэта зьбірала сотні журналістаў і давала матэр'ял для паведамленьняў з Расеі). І нічога, гэты “лідэр” ужо ў Маскве і гукае пра “Пуціна гнаць”. А чаму б і не, публіцы падабаецца гэта, публіка падхоплівае вясёлы покліч. Там жа былі-выступалі і былы прэм'ер РФ М. Касьянаў (Міша Два Процента, як называюць яго ў народзе за ўдзел у агульнаімпэрскай карупцыі), наш менскі знаёмец Б. Нямцоў. Не было Хакамады і Яўлінскага. Свой падстаўны апазыц-спэктакль яны ўжо адыгралі.

Штучная пастаноўка пад кіраўніцтвам крамлёўскіх рэжысёраў скончылася амаль без крыві. Усе разышліся, задаволеныя сабой, — маўляў, “мы ім паказалі Кузькіну мать”. Ніхто і не спытаўся ў апазыц-лідэраў, навошта яны павялі мільёны “дорогіх россіян” на лубянска-крамлёўскія псэўдавыбары ў 2012 годзе і тым самым праклалі падманны шлях да трэцяй інаўгурацыі сто разоў выклятага Пуціна? Ніхто не папрасіў іх нават патлумачыцца за гэты падман народа. З гэтага вынікае, што прысутная публіка (і ўсё расейскае грамадзтва) так і не зразумела, што адбылося і з кім яно мае справу.

Тым жа вечарам расейскае тэлебачаньне паказала сапраўдны народны пратэст недзе ў расейскай глыбінцы. Гэты рэпартаж імкліва праскочыў у кадрах навінаў і больш не дэманстраваўся. Жыхары нейкага раёна перакрылі вялікую аўтастраду і патрабавалі задавальненьня сваіх сацыяльных патрабаваньняў. Натоўп людзей зь віламі, сякерамі і каламі ў руках выглядаў значна больш пераканаўча, чым балотная плошча ў атачэньні паліцэйскіх кардонаў. Мяркуем, што гэта і ёсьць сапраўдны сцэнар “выяснения отношений” з крамлёўскім рэжымам і шлях канчатковага распаду яго імпэрыі.

Сяргей Камароўскі