ЛІБІЙСКІ НАРОД ДАМОГСЯ ЗАКОНА АБ ЛЮСТРАЦЫІ

posted May 14, 2013, 6:58 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 14, 2013, 6:59 AM ]
6 траўня італьянская газэта “La Stampa” апублікавала артыкул пад тытулам “Трыпалі, апалчэнцы атачылі міністэрствы”. Вось гэты артыкул:

На працягу многіх дзён лібійскія апалчэнцы трымалі ў атачэньні некаторыя міністэрствы, патрабуючы прыняць закон пра выдаленьне з палітычнага жыцьця новай Лібіі былых вышэйшых чыноўнікаў Муамара Кадафі. Артыкулы законапраекта — ён павінен таксама тычыцца прэм'ер-міністра Алі Зэйдані і прэзыдэнта Нацыянальнага Кангрэсу Магамэда Магарыфа за іхную ролю, адыграную ў першыя гады рэжыму — урэшце былі прынятыя ўчора. Але пасьля сьвяткаваньняў на плошчах і гарантыяў, выказаных узброенымі групамі аб тым, што яны пакінуць навакольле міністэрстваў Юстыцыі і Замежных Справаў, сёньня раніцай — як канстатаваў журналіст агенцыі AFP — абодва міністэрствы яшчэ былі аточаны ўзброенымі людзьмі і машынамі, на якіх разьмешчаны кулямёты і зэнітныя ракетныя ўстаноўкі.

“Прыняцьце закона азначае вялікі крок ў слушным накірунку. Але мы ня будзем сьпяшацца і праверым некаторыя пункты”, — сказаў Усама Каабар, сябра “Каардынацыйнай рады дзеля палітычнага выдаленьня” і віцэ-прэзыдэнт Вярхоўнай Рады лібійскіх тувараў (рэвалюцыянэраў). “Мы поўныя рашучасьці працягваць наш пратэст да адстаўкі Алі Зэйдана”, — дадаў ён, абвінавачваючы прэм'ера ў тым, што ён “правакуе тувараў” сваёй кампаніяй, накіраванай на вызваленьне Трыпалі ад узброеных апалчэнцаў.

З свайго боку, Зэйдан абвінаваціў арганізатараў пратэсту вакол сядзібаў міністэрстваў ў тым, што яны маюць “уласныя палітычныя амбіцыі”.

(Пераклаў з італьянскай В. Буйвал)


Лібійскі народ разграміў у кравапралітнай рэвалюцыйнай вайне адну з самых дзікіх тыраніяў у афрыканскай гісторыі. Доўгі час пасьля перамогі новае кіраўніцтва краіны зацягвала прыняцьце закона аб палітычнай люстрацыі. Начальства спадзявалася, што неяк усё ўкладзецца само сабой, забудзецца. Але не забылася, народ ня хоча бачыць на дзяржаўных пасадах тых, хто разам з Кадафі абрабоўваў і зьневажаў, забіваў і катаваў людзей, хто зрабіў з Лібіі пасьмешышча і страшылку для ўсяго сьвету. Начальства так доўга чухалася, што ў сталіцы ўрэшце сабраліся тысячы байцоў рэвалюцыі і нагадалі бюракратыі, хто зьяўляецца крыніцай Закона.

Зразумела, чаму італьянскія СМІ з такой увагай сочаць за падзеямі ў афрыканскай краіне. У першай палове мінулага стагоддзя Італія вяла каланіяльныя войны супраць лібійскага народу і абвясьціла краіну часткай сваёй імпэрыі. Але лібійцы не скарыліся, ніколі не спынілі ўзброенае змаганьне супраць акупантаў і ўрэшце вызвалілі радзіму.

Будзе, абавязкава будзе люстрацыя ў вызваленай Беларусі. Наш народ знойдзе цывілізаваныя мэтады для яе правядзеньня. Злачынцы ня будуць намі кіраваць не застануцца на дзяржаўнай пасадах.

Ян Булыга