АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (06-08.05.2013 г.)

posted May 14, 2013, 7:03 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 14, 2013, 7:04 AM ]
Памёр Андрэоці

6 траўня 2013 г. іспанская газэта “El Pais” паведаміла пра сьмерць 94-гадовага Джуліа Андрэоці. За сваю 50-гадовую паліткар'еру ён быў сем разоў прэм'ерам Італіі. Газэта напісала, што “ён мог дамаўляцца і з Богам, і з д'яблам”. Супраць яго былі высунуты абвінавачваньні ў сувязях з мафіяй. Але справа скончылася ягоным поўным апраўданьнем.

Наш камэнтар: Андрэоці быў каларытнейшай фігурай італьнскай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён і яго калегі так дагуляліся паміж Богам і д'яблам, што патрапілі ў мафійную залежнасьць ад савецкай Масквы. “Дзіўным чынам” італьянская хадэцыя (да тае пары вядучая палітычная сіла краіны) абвалілася і рассыпалася у 1992 годзе, адразу пасьля абвалу СССР.

Алесь Хадасевіч


“Што тут можна сьвяткаваць?”

6 траўня 2013 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” нагадала пра 68-я угодкі заканчэньня баёў у Другой сусьветнай вайне: Заканчэньне Другой сусьветнай вайны ў Эўропе паасобныя краіны старога кантынэнта адзначаюць 8 траўня. Генасамблея ААН у рэзалюцыі 59/26 ад 22 лістапада 2004 г. абвясьціла дні 8 і 9 траўня Днямі памяці і замірэньня ў гонар усіх, хто загінуў падчас Другой сусьветнай вайны”.

Наш камэнтар: Паўсюль гэтыя ўгодкі зьяўляюцца днямі памяці аб ахвярах. Толькі ў Расеі і падпарадаваных ёй рэжымах 9 траўня адбываюцца пампезныя сьвяткаваньні, бразгае зброя і паўсюль выстаўляюцца агрэсіўныя лёзунгі. Нармальныя людзе ў сьвеце не разумеюць, што тут можна сьвяткаваць.

Алесь Хадасевіч


Блеф карэйцаў скончыўся

7 траўня 2013 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала, што Паўночная Карэя адвяла свае ракеты з ракетных стартавых пляцовак. На працягу шэрагу тыдняў П. Карэя пагражала гэтымі ракетамі Паўднёвай Карэі, Японіі і ЗША.

Наш камэнтар: Вось вынік цьвёрдай пазыцыі дэмакратычных краін у гэтым крызісе. На пагрозы Пхэньяна яны адказалі папярэджаньнем, што іхны адказ будзе магутным і зьнішчальным.

Такую ж пазыцыю павінны займаць краіны сьвету і ў адносінах да маскоўскіх пагрозаў міру.

Юрка Марозаў


Яшчэ адно беларускае імя

7 траўня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул, прысьвечаны 60-годдзю з дня сьмерці Адама Магучага, героя польска-бальшавіцкай вайны і абарончай вайны 1939 г., а таксама актыўнага ўдзельніка ўтварэньня ваенна-марскога флёту Польшчы. Магучы нарадзіўся ў 1891 г. у Віцебску. Быў афіцэрам польскага флёту, перакладаў на польскую мову з расейшчыны падручнікі па ваенна-марской справе. Падчас вайны быў увязьнены немцамі ў лягеры для ваеннапалонных, адкуль разам з калегамі спрабаваў уцячы. Быў арыштаваны камуністычным рэжымам у 1949. Яго катавалі, прысудзілі яму вырак “за шпіянаж” — 13 гадоў турмы. 7 траўня 1953 г. Адам Магучы памёр у вязьніцы, пазбаўлены мэдычнай дапамогі. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін трагічны беларускі лёс, яшчэ адно беларускае імя ў польскай гісторыі. Але пра гэта ня любяць згадваць польскія гісторыкі.

Алесь Хадасевіч


У Маскве зьнялі Суркова

8 траўня 2013 г. славацкая газэта “SME” паведаміла са спасылкай на інфармацыю з Крамля, што з сваіх пасадаў зьняты Уладзіслаў Суркоў, віцэ-прэм'ер ураду РФ і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна. Яго называюць блізкім супрацоўнікам Пуціна. Адстаўка Суркова можа быць зьвязана з крымінальным сьледствам у справе Сколкава — урадавага расейскага праекту паводле ўзору Сіліконавай даліны ў ЗША, комплексу па разьвіцьцю высокіх тэхналогій.

Наш камэнтар: Беларусы памятаюць гэтага Суркова, як “анёла выратавальніка” для Н. Радзінай з Хартыі-97. Гэта Суркоў накіраваў “беларускую апазыцыянэрку” ў заходнюю эміграцыю. Хто ж цяпер у Крамлі будзе ратаваць менскіх псэўдаў? Але знойдуцца.

Юрка Марозаў


Першым ходам выдаленьне ўзурпатара

8 траўня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла пра заяву сірыйскай апазыцыі: “Сірыйская апазыцыя заявіла ў сераду, што ўсе палітычныя рашэньні ўнутранага канфлікта, які працягваецца больш за два гады, павінны распачынацца з адстаўкі прэзыдэнта Башара аль-Асада”. Гэтую заяву Нацыянальная Кааліцыя зрабіла ў сувязі з амэрыканска-расейскімі перамовамі ў Маскве і заклікамі адтуль да мірнага ўрэгуляваньня канфлікта ў Сірыі.

Наш камэнтар: Логіка заявы і дзеяньняў сірыйскіх змагароў жалезная і адзіная магчымая ў такой сытуацыі. Першым ходам камбінацыі павінна быць выдаленьне ад улады дыктатара. Потым усё астатняе.

Алесь Хадасевіч