СЯМЕЙНАЯ ПЕРАЕМНАСЬЦЬ?

posted May 18, 2013, 4:00 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 18, 2013, 4:01 AM ]
Незалежныя СМІ ў Беларусі апошнім часам, што назаваецца “раскручваюць” напоўніцу фільм “Жыве Беларусь!” ды сцэнарыста і выканаўцу галоўнай ролі Франака Вячорку. Галоўная ідэя фільма упісваецца ў формулу: “У Беларусі дыктатарскі беларускі рэжым, які, у адпаведнасьці з жанрам дыктатуры, душыць дэмакратыю і дэмакратаў”. Такую фармулёўку існуючай палітычнай сыстэме ў краіне прыходзілася чуць неаднаразова, як, прынамсі і іншую : “У Беларусі дэ-факта Расеяй створаны ейны акупацыйны рэжым, які пакрокава вынішчае ўсё беларускае з мэтаю наступнай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі”. Заўважана, “апазыцыянэры”, што прытрымліваюцца і дзейнічаюць у адпаведнасьці з фармулёўкай “беларускі рэжым”, атрымліваюць сталае фінансаваньне сваёй дзейнасьці, удзельнічаюць ва ўсіх выбарах, што ладзіць іхны як яны называюць “беларускі рэжым”, пастаянна ездзяць па розных эўрапейскіх форумах, маюць сустрэчы (за кошт заходнікаў) з рознымі заходнімі палітыкамі і г.д. Вядомыя таксама і вынікі іхнай фінансуемай дзейнасьці — чарговая “элегантная перамога” рэжыма. У гэтаю схему лягічна ўпісваецца і фільм “Жыве Беларусь”. Увесь пафас фільма накіраваны на тое каб пераканаць гледача ў наяўнасьці ў Беларусі ўласна беларускага аўтарытарнага, антыдэмакратычнага палітычнага ладу. Падспудна як бы гаворыцца:”Народ тут такі, сам выбраў такі шлях”. І ні слова па сапрадную першапрычыну — дзеянні спэцслужбаў Расеі, у выніку чаго сытуацыя ўтварылася і існуе.

У 1999 годзе вялікія намаганьні дзеля расколу Народнага Фронту прыклаў Вінцук Вячорка (разам з Ю. Хадыкам. А. Бяляцкім, В. Івашкевічам і інш.) Праца рабілася сыстэмна : 1. тэарэтычнае абгрунтаваньне расколу — “пераход да прагматызму”; 2. шматлікія паездкі па краіне і пераконваньня сяброў Фронту ў “неабходнасьці пераменаў, у выніку якіх зьявіцца вялікае фінансаваньне, офісы, кампутары”. Пры гэтым відавочным было, што недохопу фінансаваньня дзейнасьці па падрыхтоўцы расколу Фронта раскольнікі ня мелі.

Незадоўга да расколу Фронту ў 1999 годзе нечакана высьветлілася, што няўрадавая арганізацыя “ Супольнасьць”, якую узначальваў В. Вячорка, і праз якую дзейнічалі раскольнікі, фінансуецца фондам “Евразія”, а штаб-кватэра фонда знаходзіцца ў г. Масква і кіраўніком фонду зьяўляецца былы прэм'ер СССР “плачущий большевик” Мікалай Рыжкоў! Усё стала на свае месцы, але нездарма Масква шчодра фінансавала В. Вячорку і ўсіх раскольнікаў. Нягледзячы на паразу на зьездзе ў 1999 г. (Зянон Пазьняк быў абраны старшынём), раскольнікі разам з В.Вячоркам праводзяць свой сфальшаваны зьезд, дзе яго абіраюць “старшынём БНФ”, і гэты псэўда-БНФ, насуперак дзеючага заканадаўства, рэгіструецца рэжымам. Можна было б працягнуць шэраг іншых дзеяньняў В. Вячоркі ў рэчышчы вызначаным Масквой, зьвярну ўвагу толькі на адно. У 2004 г. Масква праводзіла ў Беларусі антыканстытуцыйны рэфэрэндум аб праве безтэрміновага знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі. В.Вячорка і “прагматыкі” ажно зямлю рылі, каб зацягнуць выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі. І, відавочна, недахопу фінансаваньня іхнай кампаніі пад назовам “Пріді, скажі ему своё нет” (гэта зн. Лукашэнку на рэжымных выбарах) таксама не было. Праўда патрыёты-фронтаўцы тады заўважылі, што ўлёткі “Пріді, скажі ему сваё нет” раскідвалі і расклейвалі нават функцыянеры КГБ.

Але вернемся да Франака і ягонай “творчасьці”. Шматлікіія факты сьведчаць, што ня толькі татусь (В.Вячорка) фінансаваўся за сваю псэўда-апазыцыйную дзейнасьць. Сын (Франак) у гэтай жа плыні думак поглядаў і дачыненьняў. Сумная гэта пераемнасьць.

Мікола Старавойтаў