МАСКВА ХЛУСІЦЬ І РАТУЕ АНТЫСІРЫЙСКУЮ ТЫРАНІЮ

posted May 25, 2013, 9:16 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 25, 2013, 9:54 AM ]
17 траўня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Дванаццаць расейскіх суднаў плывуць у Сірыю”. Вось гэты артыкул:

Нягледзячы на згоду на правядзеньне міжнароднай канфэрэнцыі ў справе Сірыі Расея, здаецца, рашуча падтрымлівае ўладу прэзыдэнта Башыра Асада. Пра гэта сьведчыць пасылка ўражвальнага па маштабах флёту на базу ў Тартусе.

Караблі маюць заданьне патруляваць сірыйскае пабярэжжа, аднак заходнія аналітыкі не сумняваюцца, што ў сапраўднасьці Масква дае сігнал краінам Захаду, папярэджваючы іх, каб яны не пайшлі на ўмяшаньне ў грамадзянскую вайну. Расейскія сілы на працягу некалькіх месяцаў павялічваюць сваю прысутнасьць у Тартусе, апошняй расейскай ваеннай базе на Блізкім Усходзе. Пасылка 12 суднаў у Сірыю зьяўляецца найвялікшай дэманстрацыяй сілы Расеі з часоў халоднай вайны. Ужо раней Расея інфармавала пра пасылку ў Сяродземнае мора пяці адзінак ваеннага флёту. Але яны павінны былі быць накіраваны ў порт Лімасол на Кіпры. Не вядома, ці йдзецца пра судны, якія па прызначэньню павінны прыбыць у Тартус.

На гэтым тыдні ізраільскія СМІ інфармавалі, што Расея ўжо паставіла Сірыі сістэму супрацьпаветранай абароны С-300 і цалкам навучыла яе сірыйскую абслугу (афіцыйна сістэма павінна была быць уведзена ў баявы стан толькі праз некалькі тыдняў). Раней рэжым Асада атрымаў сучасную ракетную звышгукавую сістэму для змаганьня з караблямі на моры. Такім чынам войскі рэжыму могуць сарваць любую спробу пастаўкі зброі паўстанцам па мору альбо паветру. Гэта можа азначаць грунтоўную зьмену ў ваеннай сытуацыі ў Сірыі на карысьць ўрадавых сіл.

http://www.rp.pl

Пераклаў з польскай В. Буйвал


Крэмль днямі на самым высокім узроўні абяцаў спыніць пастаўкі ракет і іншай зброі антычалавечаму рэжыму Асада. Гэтыя “сэнсацыйныя” паведамленьні сполахам прамільгнулі ў СМІ ўсяго сьвету. А баяры ў лубянскіх фуражках пасьмяяліся ды й зноў за сваё. Масква ня можа жыць без таго, каб не трымаць на плаву якую-небудзь палітычную мумію, якая гніе і атручвае ўсю краіну. Беларусам гэта вельмі добра вядома на ўласным досьведзе.

Народы і ўрады павінны ўрэшце скеміць, што Масква разумее толькі сілу.

Павел Гулевіч