“ГЕНЭРАЛІХА” АЛЬБО ПАЧАТАК ЧАРГОВАГА ФАРСУ

posted May 25, 2013, 9:55 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 25, 2013, 9:55 AM ]
Апошнім часам на сцэне псэўдаапазыцыйнага тэатрыка назіраецца новае мельцяшэньне. Па сваёй абсалютнай неабгрунтаванасьці яно нагадвае гісторыю з апазыцыйнай кар'ерай расейскага генэрала В. Фралова. Зусім нечакана на пачатку 2000-х гадоў у “Нар. Волі” зьявілася інтэрв'ю з гэтым танкістам, які пасяліўся у нас у Менску пасьля выйсьця на пэнсію. Ён Рэйхстаг не штурмаваў, самым галоўным подзьвігам яго баявога шляху было знаходжаньне ў Вільні ў жніўні 1991 года, і яшчэ трэба разьбірацца з тым, што ён там рабіў з сваімі танкамі. Але ў першым інтэрв'ю свайго нечаканага зьяўленьня генэрал Фралоў не казаў пра танкі і вайну. Ён рэфлектаваў у меру сілаў, казаў, што “адчувае прыліў моцы”, што “перад ім раскрыліся прасторы”.

Паступова “дэмСМІ” пачалі намякаць нам, што расейскі генэрал Фралоў мае прагрэсіўныя погляды і далучыўся да апазыцыі. З кожным месяцам тон гэтых намёкаў станавіўся ўсё больш пафасным. І нават дасягнуў апагея ў публічнай творчасьці аднаго менскага паэта, які зьнянацку назваў Фралова “беларускім Дэголям”. На працягу шэрагу гадоў генэрал засядаў у розных апазыц-камітэтах, падпісваў розныя адозвы (у асноўным заклікі ісьці на фальшавыя “выбары” рэжыму). Нікога не бянтэжыла, што сярод іншага гэты “Дэголь” ня слова ня ўмее (і ня хоча ўмець) па-беларуску. Дайшло да таго, што ў грамадзтве рассыпаліся гарохам гаваркія істоты, якія пачалі выступаць у розных кантэкстах: “Вы пытаецеся, хто сапраўдная асоба ў нашай апазыцыі, хто патэнцыйны лідэр? Гэта генэрал Фралоў!” Працягвалася гэта даволі доўга. А потым, неяк паміж дробнымі паведамленьнямі тая ж “Нар. Воля” зьмясьціла тэксьцік аб тым, як В. Фралоў паслаў апазыцыю падалей, бразнуў дзьвярмі і вярнуўся на службу да Лукашэнкі, дзе быў прызначаны яго дарадчыкам па космасу (?!). На гэта народны паэт Ляпіс-Трубецкой адрэагаваў двума вершамі. Першы вершык быў прысьвечаны апазыц-кар'еры генэрала:

Гаўрыла меў штаны ў лампасах,
Гаўрыла генэралам быў,
І ў апазыцыі служыў.

Пасьля апазыц-адстаўкі зьявіўся такі вершык:

Гаўрыла прымяраў скафандр,
Гаўрыла касманаўтам быў.
Рэжыму верна ён служыў.

Мы згадваем усё гэта ў сувязі з падобным па стылю зьяўленьнем новай “зоркі першай вялечыні” на небасьхіле псэўдаапазыцыі. Вольга Карач вядомая выключна сваёй газэткай, якую пад яе друкуюць на тэрыторыі Расеі і возяць у Беларусь. “Русскоязычную” газэтку “Наш дом” раскідваюць па паштовых скрынях грамадзянаў рэжымныя паштовыя служачыя. У газэтцы В. Карач называецца “наш лідер” і ўсё прысьвечана легалізацыі нелегітымных лукашэнкаўскіх “выбараў” і “дэпутатаў”. Мадам даволі часта зьяўлялася на Радыё Свабода і Белсаце, удавала аўтарытэт. Гэтага нікога не зьдзіўляла, бо ці мала розных пустышак надзьмувалася з дапамогай згаданых “дэмСМІ”? Недзе ў мінулым годзе пачалася нейкая міжнародная раскрутка В. Карач. Яна то ў Стакгольме, то ў Празе, то ў Вільні. І паўсюль не спазьняецца, фатаграфуецца, робіць нават нейкія дэкларацыі.

І вось 18 траўня рэсурс Tut.by ашчасьлівіў нас інтрэв'ю з В. Карач у амплуа кандыдаткі ў прэзыдэнты. Дакладней, рэсурс паведаміў пра яе намеры выставіцца на “наступных выбарах супраць Лукашэнкі”. Пачытаць гэты опус займальна і кур'ёзна. На самым пачатку падаецца тытулатура мадам. Дык у яе яна больш бліскучая, чым мэдалі на кіцелі ў В. Фралова. Вось бы каму камандваць танкавай арміяй! Вось дзе сапраўдная генэраліха. Яна і тактыку электаральных паводзін прадумала. Маўляў, у Лукашэнкі няма спосабу на кандыдата-жанчыну, да гэтага ён перамагаў толькі мужчын.

Пра сваю праграму ў крэсьле прэзыдэнта В. Карач паведаміла наступнае:

И что очень важно для левых — и для меня тоже очень важно, — что любые экономические реформы в Беларуси не должны проходить по принципу жесткой шоковой терапии. Я бы очень не хотела, чтобы, когда уйдет Лукашенко, в Беларуси образовалась армия безработных, которые в прямом смысле умирают от голода.

Я бы не хотела такую радикальную шоковую терапию. Все-таки я женщина и прекрасно понимаю, что когда идет разговор про “дикий рынок”, который все урегулирует, то в первую очередь страдают социально незащищенные группы — молодежь, старики и, конечно, женщины. Поэтому когда в Беларуси будут проводиться любые экономические реформы, очень важно сделать так, чтобы как раз эти группы не пострадали. И не потеряли то, что им удалось скопить за последние годы.

У нас уже было слишком много различных пертурбаций, экономических кризисов, скачков валют, чтобы мы еще проводили какие-то эксперименты на людях. И для левых это важно, для профсоюзов, например.

В Беларуси должна быть свободная конкуренция, в Беларуси должен наступить свободный рынок, но мне бы хотелось видеть честные правила игры, максимальное внимание к вопросам коррупции и разных черных схем. Потому что я уверена, что когда Лукашенко уйдет, этих схем вылезет очень много. В то же время понятно, что государство не может регулировать все — ему придется отпускать сегмент за сегментом. (Канец цытаваньня).

Гэта ж які інтэлект! Якая глыбіня думкі! Тут, прызнацца, каснаязычнаму В. Фралову вельмі далёка да такога жаночага цыцэронства. На нашых вачах адбываецца скачок з дробненькай прыватнай газэткі ў вялікую палітыку міжнароднага маштабу. Ведай нашых!

Фанэрныя танкі псэўдаапазыцыі зноў запылілі на беларускіх дарогах. Апазыц-службісты надзяваюць свае парадныя мундзіры, начышчаюць бляхі і скрыпяць ботамі. На генэральскую лінейку яны выпускаюць новую фігуру: у профіль Жана Д'Арк, а ў фас Афіна Палада. Пачынаецца чарговы этап таго, што ў народзе называецца адназначна — “барба-халява”...

Ян Булыга