ТРЫВОЖНА ЗА ЎКРАІНУ, ЗАДУМАЕМСЯ ПРА БЕЛАРУСЬ

posted May 25, 2013, 10:03 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 25, 2013, 10:03 AM ]
21 траўня славацкая газэта “SME” апублікавала арткул пад тытулам “Клічко ўжо мае роўныя дасягненьні з Януковічам”. Вось гэты артыкул:

Калі б выбары адбываліся ў гэтыя выходныя, за Клічко і Януковіча прагаласавалі б роўна па 16 адсоткаў украінцаў.

Кіеў. Вядомы на ўвесь сьвет украінскі баксёр і лідэр апазыцыйнай партыі Удар Віталі Клічко ўсё больш папулярны, і прэзыдэнтам яго абралі б ужо столькі ж украінцаў, колькі і цяперашняга кіраўніка дзяржавы Віктара Януковіча.

У аўторак пра гэта падаў інфармацыю партал навінаў украінскай ангельскамоўнай газэты “Kyiv Post”.

Калі б выбары адбываліся ў гэтыя выходныя, за Клічко і Януковіча прагаласавалі б роўна па 16 адсоткаў украінцаў, паводле апытаньня інстытута GfK.

Клічко на працягу гадоў падтрымлівае ўвязьненую экс-прэм'ерку Юлію Цімашэнку. У выходныя ён разам з амаль 15 тысячамі дэманстрантамі пратэставаў супраць яе ўвязьненьня

Пратэст адбыўся пасьля таго, як Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Стразбурзе на прыканцы красавіка вырашыў, што ўвязьненьне экс-прэм'еркі ў жніўні 2011 г. было незаконным.

Клічко заявіў, што імкненьне ўкраінцаў далучыцца да Эўразьвязу да вызваленьня Цімашэнкі будуць толькі сном. “Як гэта можа стацца, калі ў нас ўсё яшчэ ёсьць палітвязьні?” — сказаў ён дэманстрацыі.

Petit Press

(Пераклаў з славацкай В. Буйвал)


Гульня ў статыстыку сацапытаньняў у краінах з недэмакратычным рэжымам — ненадзейны занятак. Цалкам абапірацца на гэтыя дадзеныя нельга, бо маніпуляцыя з статыстыкай зьяўляецца любімай забавай усіх маніпулятараў. Гэта ж трэба, адвесілі, “як у аптэцы”, — па 16% кожнаму. Ды яшчэ “прызначылі выбары” на бліжэйшыя выходныя. Можа заходнікі і купяцца на такое, а мы лепш ведаем тэмпэрамэнт украінцаў: там на вайскавым крузе размова часам бывала кароткая і рэзкая, нават Хмяльніцкі пабойваўся, калі сечавікі зьбіраліся ў круг. Гэта вам не амэрыканскія “праймэрыз” (хаця і там бывае ўсялякае).

Але мы пра іншае, больш грунтоўнае. Калі назіраць паведамленьні ў СМІ розных краін пра Ўкраіну, то складваецца наступнае ўражаньне. Што палітычнае змаганьне па ўсёй краіне адбываецца паміж Партыяй Рэгіёнаў Януковіча і некалькімі палітычнымі групоўкамі, сярод якіх найбольш на слыху два тытулы — “Удар” і “Свабода”. Зь януковіцкай партыяй усё больш менш вядома, падмаскоўская крэатура хоча і “крамлёўскую цнатлівасьць” захаваць і ў Эўропу прасунуцца (а ў прынцыпе галоўная яе задача — утрымацца ва ўладзе над вялікай і багатай рэсурсамі краінай). Што да двух згаданых тытулаў, то тут паўстаюць пытаньні. Можа ўсё ж баксёру арыентавацца на пэрспэктыву стаць міністрам спорту? А якія праграмы па эканоміцы, фінансах, культуры ў гэтых “партый”? Чаму галоўным пытаньнем зьяўляецца ўвязьненьне Цімашэнкі, постаці, вядомай сваёй мякка кажучы неадназначнасьцю?

Мы памятаем, што магутны Народны Рух Украіны меў і сваю фізычна разьвітую моладзь, якая ўмела супрацьстаяць гвалту, і інтэлектуальную эліту, якая працавала над праграмамі і іх рэалізацыяй. А тут неяк усё ў асноўным спартоўцы, бойкі, супрацьстаяньні. Хто так па-майстэрску збочыў у гэтую каляіну палітычныя працэсы ва Ўкраіне? Ёсьць уражаньне, што інтэлектуальны ўзровень палітычнага змаганьня там хватка абніжаны. І ў цэлым пасьпяхова адпрацоўваецца праграма ўсенароднай палітычнай дэзарыентацыі. Нешта падобнае ва Ўкраіне назіралася ў 1917-20 гг., калі розныя “зялёныя” і іншыя атаманы так ускаламуцілі краіну, што на зьдзіўленьне ўсёй Эўропы каласальная дзяржава і шматмільённая нацыя ня здолелі вырвацца з маскоўскай няволі.

Нам гэта жыцьцёва цікава, бо такую ж мадэль акупацыйныя структуры навязваюць беларусам. Вельмі важна сачыць за сымптомамі штучнага інтэлектуальнага ўпадку ў палітычнай сфэры, за ўзьнікненьнем кур'ёзных хімераў у нашай палітычнай прасторы. Адным з прыкладаў гэтага штукарства апошнім часам зьяўляюцца “народны рэфрэндум” ад “кампаніі грант-барцоў” і мішуровая пустышка гэндэрнай мадам В. Карач. Варта прыглядацца і быць абачлівымі.

Сяргей Камароўскі