АХВЯРА ЛІБЭРАЛЬНАЙ ХІМЕРЫ

posted Jun 4, 2013, 7:58 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2013, 7:59 PM ]
23 траўня дацкая газэта “Politiken” апублікавала артыкул пад тытулам “Забіты брытанскі жаўнер быў у Аўганістане”. Вось гэты артыкул:

Брытанскі жаўнер, жорстка забіты пасярод вуліцы ў Лёндане мяркуемымі ісламістамі, быў 25-гадовым бацькам, які ваяваў супраць Талібана ў Аўганістане, паведаміла брытанскае міністэрства абароны.

Міністэрства паведаміла, што ахвярай крывавага нападу ў раёне Вулвіч быў Лі Рыгбі, барабаншчык 2-га батальёна Каралеўскага стралковага палка, які зьяўляецца пяхотнай часткай брытанскай арміі.

“Ён быў заўзятарам “Манчэстэр Юнайтэд” і барабаншчыкам у вайсковым аркестры. Праходзіў службу ў Аўганістане, Нямеччыне і на Кіпры”, — гаворыцца ў паведамленьні.

Засеклі насьмерць

Брытанскае міністэрства абароны паведамляе, што сын 25-гадовага жаўнера мае два гады.

“Барабаншчык Рыгбі або “Рыгэрс”, як яго называлі, быў гумарным і папулярным чалавекам, які карыстаўся даверам і павагай ўсяго батальёна”, — піша міністэрства.

У 2009 г. ён служыў у правінцыі Гэльман у Аўганістане.

Сёньня брытанская паліцыя правяла яшчэ два затрыманьні асобаў у сувязі з забойствам Рыгбі, заявіў Скотланд-Ярд.

Брытанскія ўлады мяркуюць, што 22-гадовы і 28-гадовы, якія знаходзяцца ў арышце за жудаснае забойства жаўнера ў Лёндане, зьяўляюцца брытанскімі грамадзянамі нігэрыйскага паходжаньня.

Абодва замяшаныя ў замаху, што адбыўся ў сераду, здаецца, былі хрысьціянамі, але навярнуліся на іслам, паводле паведамленьняў лёнданскіх СМІ.

ritzau

(Пераклаў з дацкай В. Буйвал)

Крыніца: http://www.politiken.dk/udland/ECE1978350/draebt-britisk-soldat-havde-vaeret-i-afghanistan/

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі рэкамэндавала брытанскім вайскоўцам не выходзіць па-за тэрыторыю вайсковых частак ва ўніформах — “каб не рызыкаваць”. І гэта на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, у сваёй сталіцы! Здаецца, ніякі папулярны пісьменьнік брытанскай школы навуковай фантастыкі не дадумаўся б да такога сюжэта. Вось гэта science fiction!

Малады жаўнер здаў дзяжурства і йшоў па вуліцы роднага горада дахаты, у сваю сям'ю. Яго па-зьверску забілі (робячы з гэтага публічнае шоў) асобы з брытанскімі пашпартамі ў кішэнях, якія размаўляюць на лёнданскім дыялекце. Што гэта, можа грамадзянская вайна? Усе, абсалютна ўсе разумеюць, што гэта нешта іншае.

Гэта ёсьць вынік палітыкі “шматкультурнасьці” і “шматнацыянальнасьці”, разгорнутай па ўсёй Заходняй Эўропе 50 гадоў таму. Дзяржслужачыя высокага рангу краінаў Эўразьвязу прышлі тады да высновы, што “белыя павінны рабіць работу белую”, а “чорныя — чорную”. Выснова была зьвязана з канчатковым крахам каланіяльных імпэрый на пачатку 1960-х гадоў. Кіраўніцтва мэтраполій вырашыла замяніць каланіяльную эксплуатацыю заморскіх тэрыторый і народаў мадэльлю “хатняй эксплуатацыі” або “хатняга каланіялізма”. Нямногія дзяржаўнікі (такія, як Дэголь і Чэрчыль) заклікалі не рабіць гэтага, папярэджвалі пра сьмяротную небясьпеку засяленьня эўрапейскіх краін хрысьціянскай традыцыі мільёнамі чужынцаў, у якіх ёсьць свае айчыны і свае культурныя і рэлігійныя традыцыі. Ніхто не прыслухаўся да гэтых папярэджваньняў. У выніку, напрыклад, у ангельскім Бірмінгэме на 2 мільёны насельнікаў — траціна афра-азіяцкія “суайчыньнікі”. Лёндан даўно ўжо ператвораны ў нешта падобнае на Вавілон.

Зьмяшаньне рас і традыцый прывяло не да абяцанай лібэраламі “інтэграцыі” і “мульцікультурнасьці” (“мульці-кульці”, як іранічна кажуць эўрапейцы), а да размываньня традыцыйнага ўкладу жыцьця карэнных народаў эўрапейскіх краін, да ўзаемнай нянавісьці і ўзаемнай сэгрэгацыі. Сярод іншага, значны адсотак экзатычных “суайчыньнікаў” ня ведаюць і не жадаюць ведаць дзяржаўную мову карэннага народа. Многія зь іх не працуюць і жывуць на шчодрыя сацыяльныя выплаты. Начхаць яны хацелі на “інтэграцыю”, яны заўяўляюць: “Гэта наша зямля!” Яны жывуць у сваіх кварталах і нават у гарадах і мястэчках, куды баяцца заходзіць эўрапейцы. Час ад часу ўспыхваюць крывавыя канфлікты, льецца кроў, гараць храмы, чуюцца праклёны. І гэта адбываецца ў нібыта мірнай Эўропе, дзе “усе маюць роўныя правы”.

Лібэральныя бязбожнікі груба парушылі правы нацыі (на сваю тэрыторыю, дзяржаву, культуру, мову, нацыянальную бясьпеку, нацыянальную будучыню), прыкрываючыся ханжаскім вэлюмам “правоў чалавека” (дзе носьбітамі прагрэсу абвешчаны пэдэрасты, дзе закон ахоўвае не ахвяру, а злачынцу). Усё перакулена з ног на галаву. Усё больш людзей у Эўропе разумеюць, што так далей жыць нельга. Яны выкарыстоўваюць мэханізм заходняй дэмакратыі і галасуюць за правыя — народныя, хрысьціянскія, кансэрватыўныя — палітычныя партыі. Эўрапейская моладзь дэманструе пад агульным дэвізам “Вярніце нам краіну!” Але ці не надта позна?

Цывілізаваныя эўрапейскія краіны павінны былі б аказаць дапамогу мусульманскім народам, якія змагаюцца за сваё — за веру, за вяртаньне на сваю зямлю, за культурнае існаваньне ў сваёй традыцыі на сваёй зямлі. Такім, напрыклад, народам, як чачэнскі і крымскататарскі. Але лібэральная хімера не заўважае гэтых народных драм. У яе ёсьць свае “прыярытэты”. Нэакаланіялісцкі кашмар працягваецца.

Гэта ёсьць папярэджаньне нашаму народу. Засяленьне Беларусі мільёнамі агрэсіўных чужынцаў — кітайцамі і масквой — прывядзе да сьмяротнай пагрозы нашаму чалавечаму і нацыянальнаму існаваньню на нашай зямлі, да нянавісьці і гвалту. Трэба абараніць Айчыну ад арганізаванай антыбеларускім рэжымам навалы.

Янка Базыль