БЕЛАРУСЫ ІМКНУЦЦА ДА ХРЫСТА

posted Jun 4, 2013, 8:03 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2013, 8:03 PM ]
26 траўня ў Менску і па ўсёй Беларусі адбыліся шэсьці ў гонар каталіцкага сьвята Божага Цела. Тысячы вернікаў у сталіцы і ў іншых гарадах і мястэчках ішлі за сьвятарамі, сьпявалі рэлігійныя гімны, маліліся. Сьвятары рабілі казаньні. Усё было па-беларуску, у адпаведнасьці з запаветамі Збаўцы нашага. Разам ішлі і маліліся людзі старэйшага пакаленьня, якія памятаюць богаборніцкую ўладу камуны на нашай зямлі, маладыя сем'і зь дзецьмі — гэта быў вобраз адухоўленай хрысьціянскай Беларусі.

Напярэдадні РПЦ наладзіла кароткі (у некалькі сотняў мэтраў) марш з Вышгарада ў Менску да падмурка старажытнейшай царквы ў нашай сталіцы. За дзесяткамі служкаў РПЦ прайшлі сьледам да сотні верніц. Шэсьце было прысьвечана сьвяту сьвятых Кірылы і Мэфодзія. Амаль усе прысутныя (акрамя сьвятароў) былі жанчыны. Было ўсяго некалькі мужчын і дзяцей. БТ, перадаючы рэпартаж з гэтай падзеі, з цяжкасьцю шукала ракурсы і фрагмэнты, каб схаваць лакальнасьць дзеі. Зразумела, што ў РПЦ усё было “істінно по-русскі”: і мова казаньняў і ўсё астатняе.

Адчуваецца, што старэйшыя людзі і моладзь у нашай краіне шукаюць духоўнага апірышча. Многія знаходзяць яго ў Каталіцкім Касьцёле, дзе жыве наша мова і хрысьціянская традыцыя. Многія, вельмі многія маладыя сем'і, якія вызначаюць сябе ў праваслаўнай традыцыі, ідуць хрысьціць сваіх дзяцей у Касьцёл.

Людзей не падманеш.

Сяргей Камароўскі