СЬВЯТАКРАДЗТВА. ЗЬДЗЕКВАЮЦЦА З НАЦЫЯНАЛЬНАГА СЬЦЯГА

posted Jun 4, 2013, 8:11 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2013, 8:11 PM ]
Для людзей, здольных на думаньне, усё зразумела ўжо даўно: група несумленных асобаў груба выкарыстоўвае гістарычны назоў газэты “Наша Ніва”, ператварыўшы сакральную для беларускай гісторыі і культуры назву ў жотае выданьне нізкапробнага кшталту. Тут адбываецца дыскрэдытацыя беларушчыны і дэзарыентацыя беларусаў (перш за ўсё маладых, якія цікавяцца роднай культурай і мовай і хвалююццца за лёсы Радзімы). За гады існаваньня рэсурса, які ўзяў сабе назву сьвятой для нашага Адраджэньня гэзэты, мы ўбачылі і прачыталі там рознае. Ня раз і ня два складвалася ўражаньне, што “Саўбелія” і БТ — больш прыстойныя ў параўнаньні з гэтай нізкапробнай фальшыўкай, якая нават блізка не набліжаецца да традыцыяў сапраўднай Нашай Нівы

У апошні час самай навязьлівай тэмай гістарычнага (паводле назову) беларускамоўнага выданьня сталі сэкс, эротыка, нездаровы і вульгарны інтэрас да інтымнага жыцьця і падобнае. Рэдакцыя ператварыла газэту ў выданьне падобнае па тэматыцы як тыповы расейскі “мужской журнал”. 29 траўня групка гэтых асобаў зусім расперазалася і выставіла на галоўную старонку “НН” выяву путаны, якая прыкрываецца Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Бачна, што брыдотны досьвед “Pussy Riots” і “Femen” (правакатарскіх “гэндэрных” груповак) не прайшоў міма мясцовай суполкі прафанатараў усяго сьвятога.

У сувязі з гэтым людзі Беларусі, якія зьбераглі сумленьне, мусілі б тое бачыць і паўсюль казаць праўду пра прафанатарскую гнюснасьць, у якую “рэдактары” ператварылі беларускую газэту “Наша Ніва”. Як гэта балюча. Такое нельга падтрымліваць сумленным беларусам. Маральная шкода, якая зыходзіць ад гэтага выданьня, перавышае яе інфармацыйную карысьць, якая таксама збочаная і аднабокая. Вось ужо сапраўды ў той рэжымнай брыдоце, у якую апусьцілі ўвесь наш народ, так і хочацца ўсклікнуць голасам далёкага нашаніўца — “Ці ты ўзыйдзеш калі, сонца”?!

Валеры Буйвал