ІМІТАЦЫЯ НЕІСНУЮЧЫХ ПРАБЛЕМАЎ АЛЬБО З ПУСТОГА Ў ПАРОЖНЯЕ

posted Jun 4, 2013, 8:12 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2013, 8:12 PM ]
Мы даўно ня бачылі на сайце радыё “Свабода” праграмы такога ўзроўню. Бачна было, што журналіст В. Ракіцкі быў разгублены адмовай сп. Ю. Беленькага ўдзельнічаць у праграме, анонс якой заранёў быў пададзены ў правакацыйным стылю. Рэдактары пасьпешліва запрасілі з суседняга пакою другога журналіста “Свабоды” В. Каліноўскага і пачалі “размову”. Уласна размовы не атрымалася. Было тое, што нават малодшыя школьнікі называюць “вада” (гэта калі ня вывучыў хатняе заданьне і “плывеш” перад настаўніцай і ўсім класам). Але справа нават не ў адсутнасьці сп. Ю. Беленькага, на якога журналісты разьлічвалі як на магчымы элемэнт ажыўленьня тэмы. Справа ў тым, што сама тэма (“раскол”) штучная, і назіраецца спроба навязаць яе нашаму грамадзтву. Цікава, што ніхто з трох удзельнікаў перадачы, пераліваючы з пустога ў парожняе, аніразу не згадаў хаця б адным сказам пра “Бульбаш-хол”, пра блюзьнерства рэжыму ў Курапацкай сьвятыні, пра пагрозу Народнаму Мэмарыялу, які гэты рэжым зьбіраецца спачатку атачыць рэстаранамі-бардэлямі, а потым зусім зьнішчыць. Яны пра гэта не сказалі ані слова! Іх гэта не хвалюе. А гэта ёсьць галоўнае.

Затое пра Зянона Пазьняка яны сказалі, што “ён быў першаадкрывальнікам Курапатаў”. Тут трэба нагадаць, што Зянон Пазьняк быў і застанецца назаўсёды першаадкрывальнікам праўды пра генацыд нашага народу і Курапаты.

Калі журналіста В. Каліноўскага мы некалькі разоў бачылі ў Курапатах, дзе ён па заданьню рэдакцыі рабіў рэпартажы, то вось па В. Арэшку ёсьць рытарычныя пытаньні. Ён усплыў у тэме Курапатаў яшчэ ў 2001 годзе, калі рэжым спрабаваў бульдозэрамі зьнішчыць курапацкія крыжы і магілы. Не, В. Арэшка не стаяў з патрыётамі перад крыжамі, не засланяў сабой сьвятыню ад зьнішчэньня. Разам з мадам І. Жыхар ён утварыў у тыя драматычныя дні “камітэт абароны Курапатаў”, які пачаў актыўныя перамовы з рэжымам па ўзгадненьню пабудовы дарогі праз Курапаты. Пазьней да іх далучыўся сумна вядомы падпалкоўнік савецкі-палітрук Кузняцоў. За ўсе наступныя гады В. Арэшка ані разу ня ўзяў у рукі рыдлёўку, не паставіў ніводнага крыжа, не далучыўся ні да воднай хаця б талакі. Групка Кузняцова-Раманоўскага (якая фальшыва прыпісвае сабе членства ў маскоўскім “Меморіале”) амаль кожны 29-ты дзень месяца зьяўлялася ў Курапатах на працягу некалькіх гадоў (было іх па 5-10 чалавек) і рабіла “заяўныя акцыі” (“прыйшлі і засьвяціліся”). Уся гэтая імітацыя дзейнасьці ўважліва камэнтавалася “дэмСМІ”. Да практычных справаў абароны і добраўпарадкаваньня Сьвятыні яны ніколі нават не набліжаліся. Леташняя іхная спроба з усталяваньнем у Курапатах “знака” польскім афіцэрам (пахаваньняў якіх у Курапатах няма) таксама правалілася.

І вось апошнімі днямі мы бачым іхную “бурную дзейнасьць” па сьпілаваньні дрэваў і хмызьняку. Але ў тым месцы Мэмарыяла, дзе побач знаходзіцца “Бульбаш-хол”. Мяркуем, што ў хуткім часе высьветліцца, што адбываецца.

На тэрыторыю Народнага Мэмарыялу ўлезьлі фальшывыя, няшчырыя асобы, якія прадэманстравалі гэтыя свае якасьці ўжо ня раз. Іхная цяперашняя дзейнасьць напаўняе душу трывогай. Моладзь (тых каля дзясятка асобаў) яшчэ не здагадваецца, у што яе ўцягнулі. Але ў Сьвятыні раскрыецца праўда.

Сяргей Камароўскі