100 год БНР. Сьвята ў Менску

posted Mar 26, 2018, 9:41 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 26, 2018, 9:42 AM ]

24 сакавіка на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ беларусы сабраліся ў Кіеўскім сквэры, у цэнтры сваёй сталіцы. Патрыёты ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, віншавалі адзін аднаго з вялікай падзеяй – 100-годдзем абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Людзі прыехалі на сьвята з розных куткоў Беларусі, прышлі сем’ямі, з малымі дзецьмі. Сонечны і цёплы дзень зьвеставаў вясну, настрой быў сьветлы і аптымістычны.

На пачатку грамада засьпявала ваярскі гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Былі зачытаны гістарычная Трэцяя Устаўная грамата Ураду БНР і віншавальны зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Грамада гукала: “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”

Дэпутат Незалежнасьці Сяргей Антончык павіншаваў прысутных з вялікім сьвятам. Ён параўнаў стварэньне БНР з надыходам вясны, калі птушкі будуюць свае гнёзды. Можа наляцець навальніца і разбурыць гняздо, але жыцьцё не спыніцца. Змагарны народ пераадолее варожую навалу і пабудуе свой нацыянальны дом. Дзяржаватворчы подзьвіг дзядоў у 1918 годзе нягледзячы ні на што завершыўся адраджэньнем беларускай дзяржавы ў 1991 годзе.

Пра змаганьне і стваральную працу, пра памяць аб героях БНР гаварылі таксама дэпутаты Незалежнасьці Сяргей Папкоў і Мікалай Крыжаноўскі. Грамаду павітаў у шчырым выступе выдатны мастак Алесь Марачкін. Выступіла патрыятычная моладзь, юнакі і дзяўчаты распавялі пра лёсы стваральнікаў БНР.

Далей выступоўцы дэкламавалі вершы Зянона Пазьняка, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева, Станіслава Судніка. Яркі паэтычны талент прадэманстравалі Яўгенія Казлова (Ворша) і Алег Лазоўскі (Ліда).

Канцэртная праграма была насычаная і цікавая, палітра галасоў вельмі багатая. Людзі віталі воплескамі сольныя выступы Андрэя Мельнікава, Сяржука Чарняка (Ліда), Зьміцера Захарэвіча, Андруся Такінданга, Уладзімера Асадчага. Удзельнікі сьвяткаваньня пачулі і даўно знаёмыя песьні, і новыя творы выканаўцаў, падпявалі ім. Завершыў канцэрт Зьміцер Вайцюшкевіч, якога публіка не хацела адпускаць са сцэны.

Аднак, як вядома, сьвяткаваньні ў Беларусі азмрочаны рэпрэсійнымі дзеяньнямі рэжыму. Арганізатары зачыталі тэкст зварота з патрабаваньнем вызваліць усіх, хто быў затрыманы апошнімі днямі па палітычных матывах і беспадстаўна. Удзельнікі падтрымалі гэтае патрабаваньне да ўладаў.

На прыканцы беларусы засьпявалі нацыянальны гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

24 сакавіка 2018 г.