100 ГОД БНР. СЬВЯТКАВАНЬНЕ Ў АМЭРЫЦЫ

posted Mar 26, 2018, 9:26 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 26, 2018, 9:26 PM ]

У нядзелю 25 Сакавіка грандыёзнае адзначэньне стагоддзя аб'яўленьня незалежнасьці БНР адбылося ў ЗША. Імпрэза была ў Нью-Брансьвіку (штат Нью-Джэрзі) у велізарнай залі гатэля Гаят. Арганізатары: Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (ньюджэрсійскі і ньюёрскі аддзелы) і беларкуска-амэрыканскае згуртаваньне "Пагоня".

На працягу апошніх 20-ці гадоў мне прыходзілася бываць тут амаль на ўсіх сьвяточных адзначэньнях даты 25 Сакавіка. Але гэтым разам уражаньне незабыўнае. Людзей прышло амаль у два разы больш, чым плянавалі (каля трохсот асобаў). Суматоха выглядала вельмі жывапіснай. Мне такая натуральная атмасфэра заўсёды даспадобы.

Па праграме былі выкананыя ўсе куртуазыйныя патрабаваньні: гімны, чытаньні, вітаньні, тэлеграмы, ганаровыя госьці і г. д. Сярод ганаровых гасьцей -- першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц ("найлепшы сябра беларусаў", як мы яго называем), кангрэсмэны Фрэнсіс Палёнэ, Крыс Сміт, Джан Кунштадтэр (намесьнік амбасадара ЗША ў Беларусі ў 2000-2001 гг.), госьці ад іншых дыяспар, госьці зь Ліды і зь Менску.

Выдатна прамаўляў Юры Беленькі аб лініі падзей ад БНР да Рэспублікі Беларусь. Пранікнёныя словы пра Беларусь і беларускіх людзей сказаў Джан Кунштадтэр. Запомнілася, калі ён казаў пра бабулек, што працуюць на полі і агародзе, пра зямлю пад пазногцямі іхных рук, пра іхную працу, якая спрыяе існаваньню нацыі. Прагучэла гэта вельмі па чалавечы. Джан выступаў па-беларуску. Беларускую мову ён вывучыў у Беларусі за сем месяцаў і карыстаецца ёй з задавальненьнем.

Пасьля выступаў і дакладаў адбыўся канцэрт на вышэйшым узроўні, бо беларусы Амэрыкі маюць магчымасьць слухаць знакамітую беларускую сьпявачку з самабытнай манерай выкананьня і выдатным характэрным голасам -- Валянціну Пархоменку. У ЗША яна выступае разам з мужам, сьпеваком і музыкантам Алесем Казаком і дачкой Вольгаю, якая ня толькі сьпявае, але і піша музыку. На гэтым канцэрце стагоддзя трыа Казакоў выступіла на моцным уздыме. Уражаньне незабыўнае.

Відаць сам дух стагоддзя БНР падзейнічаў на ўсіх.

Бліскуча прасьпяваў свае песьні сьпеўная легенда Беларускага Народнага Фронту 90-х гадоў Сяргей Сокалаў-Воюш. Некаторыя песьні Воюш выконваў па просьбе прысутных. А знакаміты гімн БНФ "Фронт" сьпявалі разам зь ветэранамі Фронту ў залі.

Удзельнікі сходу прынялі дзьве рэзалюцыі па выніках выступаў і дакладаў, далі ацэнку рэпрэсіўным дзеяньням рэжыму ў Беларусі, якія адбыліся 25 Сакавіка ў Дзень стагоддзя БНР, і выказалі патрабаваньне вызваліць незаконна арыштаваных людзей.

25 сакавіка 2018 г.                         Зянон ПАЗЬНЯК