30 год адкрыцьця Курапатаў. Мітынг-рэквіем у Курапацкай сьвятыні

posted Jun 3, 2018, 1:55 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 3, 2018, 1:56 PM ]

3 чэрвеня на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у Курапацкую сьвятыню прышлі сотні людзей. На тэрыторыі Народнага мэмарыяла Курапаты адбыўся мітынг-рэквіем. Беларусы прыехалі з розных рэгіёнаў краіны, прывезьлі фотаздымкі і транспаранты, прысьвечаныя месцам пакутніцтва нашага народу пад расейскай акупацыяй у розных гарадах і паселішчах. Грамада ўзьняла нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Каля Крыжа Пакутаў была разгорнута выстава фотаздымкаў, прысьвечаных трагедыі 1930-х гадоў, змаганьню за ўратаваньне Курапатаў і пабудове Народнага мэмарыялу ў наш час.

Мітынг адкрыў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Ён заклікаў ўшанаваць ахвяры беларускага народу хвілінай маўчаньня. Потым прагучаў выступ сп. Зянона Пазьняка (аўдыёзапіс прыкладаецца). Выступілі выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту сп. Юры Беленькі, вядомы мастак сп. Алесь Марачкін, археолаг сп-ня Валянціна Вяргей, супрацоўнік “Арт-сядзібы” сп. Павел Белавус, адказны сакратар Управы Партыі і Фронту сп. Алесь Чахольскі.

Выступоўцы распавялі пра гады змаганьня за выратаваньне Курапацкай сьвятыні, абарону яе ад спробаў рэжыму зьнішчыць курапацкія магілы і нашу нацыянальную памяць. Казалі пра дзесяцігоддзі працы тысячаў людзей, агульнымі намаганьнямі якіх створаны і працягвае стварацца гарманічны і велічны Народны мэмарыял Курапаты. А пачалося ўсё з працы Зянона Пазьняка, які яшчэ ў 1980-я гады апытваў сьведкаў трагедыі, праводзіў першыя дасьледваньні. Менавіта з абароны Курапатаў, тут пачалася змагарная гісторыя Беларускага Народнага Фронту ў кастрычніку 1988 года -- у выніку праз тры гады Фронт аднавіў Незалежнасьць нашай Айчыны. Не выпадкова кіруемая маскоўскім імпэрскім рэжымам мясцовая ўлада спрабуе пралезьці ў Курапаты са сваёй фальшывай афіцыёзнай “мэмарыялізацыяй”, каб разбурыць сьвятыню знутры. Мы заяўляем, што будзем падымаць грамадзтва на абарону сьвятыні ад рэжымнага ўварваньня.

Народны мэмарыял ужо ёсьць, ён існуе. Недапушчальнай ёсьць разбудова на магілах пакутнікаў нейкай рэжымнай архітэкктурна-пластычнай пачвары. Выступоўцы распавялі пра археалагічныя раскопкі і жахлівыя адкрыцьці, пра спробы ўладаў схаваць праўду, падмяніць яе фальшывай савецкай міфалогіяй. Дзесяткі тысячаў забітых і пахаваных у Курапатах людзей – цывільныя грамадзяне, абсалютная большасьць зь якіх – беларусы. Ня знойдзена ў Курапатах ніякіх прадметаў вайсковага прызначэньня, няма тут пахаваньняў вайскоўцаў якой-кольвечы арміі.

Выступоўцы казалі аб тым, што расейскі генацыд супраць беларускага народу працягваецца ў наш час. Наш народ застаецца закладнікам дэспатычнай крамлёўска-лубянскай імпэрыі, мэта якой – паняволеньне і зьнішчэньне нашага народу, ліквідацыя нашай мовы, культуры і цывілізацыі. Перад нашым народам стаіць вялікая задача абараніць сябе, сваю краіну і сваю будучыню ад імпэрскай навалы, ад расейскіх войнаў і расейскага генацыду. Да гэтага заклікаюць нас расстраляныя пакутнікі ў Курапатах. Таму мы ўшаноўваем іхнюю памяць. Таму працягваем змаганьне за волю і незалежнасьць – каб трагедыя ніколі не паўтарылася.

Загучала песьня на вершы Зянона Пазьняка “Авэ Марыя”, і людзі ўсклалі кветкі да Крыжа Пакутаў, запалілі сьвечкі і зьнічы. Грамада рушыла шэсьцем па цэнтральнай крыжовай алеі да пагорка Галгофа ў цэнтры Народнага мэмарыяла.

Людзей сустрэў сумны голас скрыпкі. Пад Трыма Крыжамі Галгофы адбылося дэкламаваньне вершаў, прысьвечаных Курапатам, і паэтаў расстралянага пакаленьня. Гучалі творы Анатоля Сыса, Зянона Пазьняка, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Алеся Гаруна. Выдатна выступілі паэтка Яўгенія Казлова (Ворша) і Алег Лазоўскі (Ліда). Прагучаў аўдыёзапіс з дэкламацыяй вершаў Зянонам Пазьняком. Завершыў праграму выдатным сьпевам пад гітару Зьміцер Захарэвіч.

Грамада прыняла заяву-зварот ад імя ўдзельнікаў мітынгу (тэкст прыкладаецца).

На завяршэньне людзі засьпявалі беларускі нацыянальны Гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

3 чэрвеня 2018 г.