Аб абароне Незалежнасьці

posted Feb 24, 2020, 12:08 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 24, 2020, 12:11 PM ]

            (мэмарандум)

Узмацненьне расейскай агрэсіўнай палітыкі абвастрыла пагрозу незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Руская гібрыдная вайна супраць беларускай нацыі ўзмацнілася па ўсіх агентурных накірунках: мэтадычна ідзе зьнішчэньне беларускай школы, адукацыі і беларускай мовы, павялічылася псэўдакультурная інвазія расейскіх арганізацыяў у беларускія структуры, плыве шквал дзікай расейскай прапаганды па рускіх тэлеканалах, якія вяшчаюць у беларускім эфіры.

Штучнае стварэньне энэргетычнай залежнасьці беларускай эканомікі ад паставак энэргарэсурсаў з Расеі дало магчымасьць Маскве пастаянна ціснуць на свайго сатрапа, патрабуючы абмену сувэрэнітэту на энэргарэсурсы.

Гэта ёсьць тэхналёгія расейскай гібрыднай вайны: паставіць свайго стаўленіка, прымусіць яго аднабока прывязаць эканоміку краіны да энэргарэсурсаў Расеі, падтрымліваць свайго сатрапа ва ўладзе і адначасна шантажаваць і душыць яго гэтай энэргетычнай залежнасьцю, патрабуючы расплаты сувэрэнітэтам краіны. Лукашэнка ад пачатку стаў рычагом маскоўскай палітыкі захопу Беларусі. Ад гэтай асобы ўзьнікла і зыходзіць найвялікшая небясьпека для незалежнасьці і будучыні беларускай дзяржавы.

Апошнім часам Крэмль распрацаваў чарговы плян аншлюсу Беларусі пад назвай “паглыбленьне інтэграцыі”, якая была ўзгоднена з Лукашэнкам. З удзелам яго асобы ў канцы 2019 года таемна ў Маскве распрацаваныя 31 праграмa (“дарожных картаў”) разбурэньня сувэрэнітэту беларускай дзяржаўнасьці і беларускай нацыі. Гэтыя сакрэтныя дакуманты, кшталту пакту Молатава-Рыбэнтропа, прадугледжваюць паэтапную ліквідацыю Беларусі. Гэта плян гібрыднай агрэсіі.

Адначасна на працягу апошніх трох гадоў Расея перакінула свае войскі да беларускай мяжы і стварыла тут (Ельня, Клінцы) новыя ўдарныя групы войскаў і атакуючыя аддзелы з мэтай выкарыстаньня іх у ваенным захопе Беларусі.

Абарона дзяржаўнай незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі ў гэтых абставінах вымагае канкрэтных дзеяньняў і вызначэньня пазыцыі.

1). Беларускае грамадзтва мусіць усімі магчымымі спосабамі ліквідаваць галоўную небясьпеку незалежнасьці і існаваньню дзяржавы – пазбавіцца ад прысутнасьці Лукашэнкі ва ўладзе краіны.

2). Беларускае грамадзтва павінна рыхтавацца да збройнага адпору агрэсару.

3). Беларускаму грамадзтву неабходна шырока дэманстраваць свой пратэст супраць маскоўскіх плянаў аншлюсу Беларусі.

4). У пратэстах супраць маскоўскай пагрозы аншлюсу трэба зьвяртацца да міжнародай супольнасьці ЗША і Вялікабрытаніі, спасылаючыся на палажэньні Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года.


ХІІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

22 лютага 2020 г.

г. Менск