АБ АБАРОНЕ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

posted Aug 28, 2017, 2:57 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 28, 2017, 2:57 PM ]
(Заява-зварот Канфэрэнцыі (Асамблеі) патрыятычных

дэмакратычных сілаў Рэспублікі Беларусь)

У 26-ю гадавіну Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь мы сьведчым, што дзяржаўная Незалежнасьць Беларусі і Беларуская мова ёсьць найвялікшымі каштоўнасьцямі Беларускай нацыі. Шанаваньне і абарона гэтых каштоўнасьцяў ёсьць гонарам і абавязкам беларускіх патрыётаў і ўсіх грамадзянаў Беларусі.

Мы выказваем трывожную занепакоенасьць у сувязі з плянаваньнем незаконных, неканстытуцыйных ваенных вучэньняў расейскага войска ("Захад-2017") на тэрыторыі Беларусі. Уваходжаньне расейскага войска і бронетэхнікі ў Беларусь, якое ўжо пачалося, мы ацэньваем як пачатак гібрыднай акупацыі нашай краіны і грубае парушэньне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Такія дзеяньні расейскай ваеншчыны зьяўляюцца пагрозай усім нашым суседзям: Украіне, Польшчы, Летуве, Латвіі і Эстоніі, пра што ўжо неаднаразова ў сваіх выказваньнях сьведчылі прадстаўнікі рэжыму Пуціна ў Маскве.

Мы зьвяртаемся да краін-гарантаў Будапэшцкага Мэмарандума 1994 года Злучаных Штатаў Амэрыкі і Вялікабрытаніі, у якім гарантавалася дзяржаўная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, аказаць ціск на Расею з мэтай выкананьня абавязацельстваў, адлюстраваных у Мэмарандуме.

Мы патрабуем ад кіраўніцтва Расеі і ад фактычнага кіраўніцтва Беларусі адмяніць ваенныя вучэньні "Захад-2017", вывесьці расейскія войскі і бронетэхніку з тэрыторыі Беларусі.

Зьвяртаемся да Беларускай Арміі, якая прысягнула на вернасьць Беларусі. Абараняйце Радзіму ад расейскай інвазіі!

Зьвяртаемся да грамадзянаў-патрыётаў Беларусі з заклікам распачаць грамадзянскае супраціўленьне інвазіі расейскага войска ўсімі мэтадамі барацьбы і сродкамі супраціву. Узброены расейскі жаўнер не павінен быць на беларускай тэрыторыі. Беларуская чыгунка не павінна перавозіць бронетэхніку і ўзброеных жаўнераў чужой дзяржавы.

Зьвяртаемся да беларусаў ва ўсім сьвеце і да міжнароднай супольнасьці аб падтрымцы беларускай Незалежнасьці, свабоды, дэмакратыі і барацьбы.

26 жнівень 2017 г. г. Менск