Аб антыканстытуцыйных актах кіруючай улады

posted Feb 13, 2017, 12:16 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 13, 2017, 12:16 PM ]

Абапіраючыся на факты і падзеі апошняга часу (напрыклад, сямігадзінны маналог А. Лукашэнкі перад журналістамі і грамадзтвам) мы вымушаны канстатаваць, што нелегітымны кіраўнік аўтарытарнай улады ў Беларусі знаходзіцца ў стане ўзбуджанай экзальтацыі. Прыняцьце заканадаўчых актаў у такім стане прыводзіць да стварэньня сацыяльных канфліктаў і праблем у грамадзтве. Крыніцай такіх праблемаў стаўся Дэкрэт №3 “Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства”, ахрышчаны ўладай дэкрэтам аб “дармаедах”, і прадугледжвае збор падаткаў з усіх асобаў, якія па розных прычынах пазбаўлены працы, часова не працуюць, ці выжываюць з асабістага ручнога занятку і іншай афіцыйна ня ўлічанай падсобнай працы. Дэкрэт закранае шырокія колы насельніцтва: студэнтаў, хатніх гаспадынь, беспрацоўных, інвалідаў, зборшчыкаў ягад і грыбоў – усіх больш за 400 тысяч грамадзянаў. Практычна ўсе гэтыя людзі карыстаюцца сфэрай тавараў і паслуг (аплочваюць іх) і ўдзельнічаюць такім чынам у фінансаваньні дзяржаўных расходаў. Ніхто дарам дяржаўнымі паслугамі і прапановамі не карыстаецца і “дармаедам” не зьяўляецца. На гэтай падставе існуе канстытуцыйнае палажэньне аб недапушчэньні прымусовай працы, якое парушаецца азначаным дэкрэтам.

Зьяўленьне такога абсурднага распарадчага дакуманта (які лічыцца вышэйшым за закон) ёсьць сьведчаньнем нездаровай атмасфэры, у якой ён быў прыдуманы. І наступнае, што вынікае, -- гэта ёсьць дэманстрацыя грэблівай непавагі да беларускага народу, асабліва да тых людзей, што знаходзяцца ў цяжкім сацыяльным стане. Такіх дэкрэтаў не павінна быць у здаровым грамадзтве. Супраць зьняважлівай заканадаўчай дзейнасьці людзі павінны змагацца і ў корані зьмяніць умовы, прычыны і крыніцы заканатворчасьці, вярнуўшыся да справядлівых дачыненьняў паміж уладай і грамадзтвам. Гэта шлях нялёгкі, але будучыня краіны вымагае такога выбару і рашэньня.

12 лютага 2017 г.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

(Старшыня КХП-БНФ

Зянон Пазьняк)