АБАРОНІМ КУРАПАТЫ -- АБАРОНІМ БЕЛАРУСЬ

posted Apr 5, 2019, 10:46 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 6, 2019, 7:20 AM ]

Загад на зьнішчэньне крыжоў у Курапатах у час Вялікага посту аддаў асабіста Лукашэнка. Як звычайна -- загад у абход закону. Гэта акт сатанізму. Пяройдзена мяжа. Парушана непарушнае.

Народны Мэмарыял Курапаты -- гэта ёсьць сімвал народнай трагедыі Беларусі. Варвар замахнуўся на яго зьнішчэньне. Таймер уключаны. Кожная секунда адлічвае ягоны час. Пяройдзены рубікон.

Цяпер кожны дзень людзям трэба быць у Курапатах. Кожны дзень пасьля працы можна прыехаць на 19.00 да Крыжа Пакуты, абмяняцца інфармацыяй, сказаць малітву паўтарыць патрабаваньні. Яны такія:

1. Вярнуць і паставіць на месца крыжы, выламаныя 4-га красавіка.

2. Не перашкаджаць вольнаму доступу людзей у Курапаты і ўстаноўцы крыжоў памяці.

3. Ліквідаваць незаконна збудаваны забаўляльны рэстаран "Поедем-поедим" у ахоўнай зоне Народнага Мэмарыялу Курапаты.

Кожную нядзелю а 14-й гадзіне трэба зьбірацца на "Галгофе" Народнага Мэмарыялу Курапаты на вялікае маленьне, абмен думкамі і Крыжовы шлях. Несьці з сабой крыжыкі і крыжы дзеля сьведчаньня памяці аб генацыдзе продкаў.

У Курапатах мусіць быць пастаянная прысутнасьць людзей, каб сьвятое месца не апанавалі бесы.

Зьвяртаю ўвагу таксама на падкопы агентуры і правакатараў. Яны пачалі клікаць людзей на плошчу Свабоды, каб маліцца там, бо там, як яны кажуць, "будзе больш людзей і Бог лепш пачуе, чым тут, у Курапатах". Гэта блюзьнерства. Пільнаваць Курапаты трэба ў Курапатах, а не ў цэнтры Менску, дзе рэжым будзе мець падставы разагнаць і арыштаваць людзей. Нельга паддавацца на правакацыі запісных "гапонаў".

Зьбіраймася ў Курапатах. Будзьма салідарныя. Нас шмат. Гуртуйма сілы сьвятла. Д'ябал мусіць быць пакананы. Будучыня -- для Беларусі.

5 красавіка 2019 г.                             Зянон Пазьняк