АБАРОНІМ НАШУ ПАМЯЦЬ І НАШУ КРАІНУ

posted Feb 23, 2019, 4:32 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 23, 2019, 4:33 PM ]

У чарговы раз маскоўская ўлада лезе ў Беларусь. Масква вырашыла, што пасаджаны і выкармлены ёю мясцовы рэжым падрыхтаваў глебу для канчатковай акупацыі Беларусі: крамлёўскія лічаць, што нацыянальная дэградацыя і замбаваньне беларусаў “пасьпяхова завершана”, што нашы людзі хочуць братацца з расейскім імпэрыялізмам, а значыць можна без вялікіх перашкодаў захопліваць прадпрыемствы, зямлю, маёмасьць, тэрыторыю – усё, што належыць беларускаму народу. Мэта расейскіх імпэрыялістаў палягае ў тым, каб даруйнаваць, дадушыць нашу родную мову, нашу гісторыю і нашу памяць і зрабіць з нас разгублены і пакорлівы натоўп, які будзе лёгка эксплуатаваць.

Менавіта таму рэжымныя сілы вядуць такую шалёную атаку на Народны Мэмарыял Курапаты. Накіроўваюць вандалаў, якія нішчаць сьвятыя крыжы, наладжваюць блюзьнерскія скокі на зямлі, палітай крывёй нашых сьвятых пакутнікаў. Рэжым прыняў пастановы і законы, якія забараняюць усталяваньне крыжоў у Курапатах і рыхтуюць планы зьнішчэньня Народнага Мэмарыяла. Масква хоча ліквідаваць сьведчаньні свайго злачынства.

Ужо больш за 30 гадоў беларусы ствараюць гэты ЖЫВЫ КРЫЖОВЫ НАРОДНЫ ПОМНІК. Людзі з усёй Беларусі і зь іншых краін нясуць і ставяць крыжы ў памяць сотняў тысяч бязьвінна забітых родных і блізкіх, у памяць больш за мільён беларусаў, вывезеных і зьнішчаных на рабскіх працах на Поўначы, у Сібіры, на Урале і ў рускіх ГУЛАГах. Курапацкія Крыжы -- гэта напамін беларусам, што галоўны наш вораг – гэта ёсьць маскоўскі імпэрац.

Мы заклікаем далучацца да абароны нашай сьвятыні – ЖЫВОГА КРЫЖОВАГА НАРОДНАГА МЭМАРЫЯЛА КУРАПАТЫ. Трэба, каб штодня Курапаты наведвалі людзі, арганізоўвалі дзяжурствы, баранілі і даглядалі магілы і крыжы. Гэта наш народны помнік. Гэта будзе наш знак ворагу, што яму ня ўдасца паняволіць беларусаў, што беларусы будуць бараніць сваю дзяржаву, яе суверэнітэт і незалежнасьць.

Кантакты: тэлефон +375 29 9502078 , e-mail: gdKurapaty@gmail.com 

Ініцыятыўная група