АБ ЛЁЗУНГАХ І САНКЦЫЯХ

posted May 28, 2021, 1:36 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 28, 2021, 1:36 AM ]

(Ліст сябрам народнай партыі КХП -- БНФ)

Газпрам-эфэсбоўская апазыцыя (групоўка Латушкі, Бабарыкі, Ціханоўскай) раструбіла на ўвесь сьвет свае патрабаваньні эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, прапануе пазбавіць нашу краіну сістэмы SWIFT і інш. (Гэта ім маскоўцы падказалі.)

Эканамічныя санкцыі ня зьнішчаць Лукашэнку. Ён выплыве. За ім стаіць Пуцін і Масква, якая падтрымлівае і фінансуе антыбеларускі тэрарыстычны рэжым. А вось Беларусь і Беларускі народ гэтыя антынародныя санкцыі аслабяць, прынізяць і абрабуюць, зачыняць межы, ліквідуюць транспартныя зносіны, створаць «жалезную заслону», не дадуць магчымасьці людзям нават уцячы ад сьмерці і лукашысцкіх рэпрэсій. Становішчам скарыстаецца Крэмль (які зацікаўлены), каб захапіць Беларусь пад Расею.

Санкцыі мусяць быць супраць тэрарыстычнай пуцінскай улады, супраць аўтарытарнай гэбоўскай Расеі, якая спарадзіла лукашысцкі рэжым у Беларусі, якая спансуе, лукашысцкую антынародную палітыку, людабойства, рэпрэсіі, тэрор і катаваньні людзей. Пуцінская Расея ёсьць заплечам, прычынай і апорай рэжыму Лукашэнкі.

Мы бачым таксама як Эўразьвяз гуляе ў пуцінскую гульню. Пірацкі захоп пасажырскага самалёта "Афіны -- Вільня" і пасадка яго ў Менску быў падрыхтаваны спэцслужбамі Расеі пры ўдзеле КГБ Беларусі і ня бяз ведама Пуціна. Захоп самалёта -- гэта план і арганізацыя Крамля. Выканаўца Лукашэнка. Выклікае зьдзіўленьне, што не прапанаваны санкцыі супраць Пуцінскага рэжыму і супраць Расеі. Палітыка двайных стандартаў – ужо бірка такіх паводзінаў.

Зыходзячы з сапраўднай рэчаіснасьці, выгароджваньне Расеі газпрамаўска-эфэсбоўскай псэўда-апазыцыяй і патрабаваньне эканамічных санкцыяў толькі для Беларусі павінна ацэньвацца як шкодная антыбеларускай акцыя. Вобразна кажучы, яны хочуць, каб мышэй спалілі разам з гумном.

Беларускія лёзунгі мусяць быць зьмененыя, адпавядаць палітычнай рэальнасьці і павінны гучэць так:

"Патрабуем эканамічных санкцыяў супраць пуцінскай Расеі, якая падтрымлівае і фінансуе тэрарыстычны рэжым у Беларусі!"

Тое ж самае пра сістэму SWIFT. Варыянты могуць быць рознымі, але сутнасьць аднолькавая. Каб выбіць сатрапа з сядла, трэба пазбавіць яго падтрымкі з Расеі.

27 травень 2021 г.         Зянон Пазьняк