АБ МЭТОДЫЦЫ РУСКАЙ ІМПЭРСКАЙ ІДЭАЛЁГІІ

posted Aug 1, 2020, 7:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 1, 2020, 7:41 PM ]

(Ліст сябрам КХП – БНФ)

"Статус-кво"

Мэтодык зьнішчэньня народаў ёсьць дастаткова, але ідэалёгію зьнішчэньня прыдумала (і карыстаецца) грамадзтва з імпэрскай сьвядомасьцю.

Тут нагадаю два асноўныя расейскія палітычныя мэтады, якія мы добра ведаем і ня раз апісвалі, але паўтарыць веды ня будзе на шкоду.

Найбольш распаўсюджаным мэтадам русіфікацыі і этнацыду зьяўляецца "статус-кво". Гэта калі вынікі палітычнага ўціску, рэпрэсіяў, забаронаў і вынішчэньня аб'яўляюць базавай нормай, і далейшыя высновы робяць, зыходзячы з гэтай акупацыйнай нормы.

У імпэрскай акупацыйнай палітыцы Расея найперш імкнецца зьнішчыць нацыянальную мову. Шляхам зачыненьня школаў, забаронаў, прыняцьця антынацыянальных законаў, рэпрэсій, адміністрацыйных распараджэньняў, манаполіі ў інфармацыі і т.п. дасягаецца выцясьненьне нацыянальнай мовы з грамадзкага і дзяржаўнага ўжытку. Гэты вынік аб'яўляецца як натуральнае становішча грамадзтва. Збочанасьць падаюць як норму, як існуючае статус-кво.

Людзі, што выступаюць у абарону нацыянальнай мовы, за яе адраджэньне, за нармальнасьць нацыянальна-культурнага разьвіцьця, падвяргаюцца астракізму як асобы, што хочуць парушыць норму статус-кво і "навязваюць" нацыянальную мову. (Лёзунг акупантаў за часы СССР -- "не надо выпячивать". Лёзунг унутраннай акупацыі -- "не надо навязывать"). Імпэрская акупацыйная ідэалёгія перакульвае лёгіку з ног на галаву. І так ва ўсім -- у гісторыі, мастацтве, культуры, навуцы і г.д. Імпэрская акупацыйная палітыка стварае збочаную ідэалёгію, неадэкватныя ацэнкі і перакулены сьвет.

Ведаючы гэта, чужая рыторыка пазнаецца імгненна. "Я за развитие белорусского языка, но не разговариваю по-белорусски, потому что большинство говорит по русски", -- кажа, напрыклад, Сьвятлана Ціханоўская. Тут паўтарэньне тыповай акупанцкай схемы з ідэалёгіі "статус-кво". Рускамірская сутнасьць схемы праяўляецца адразу. У наўпроставым эфіры Сьвятлане звоніць па тэлефоне журналіст з інтэрнэт-парталу "Свабода" і размаўляе зь ёй па-беларуску. Сьвятлана (ведаючы мову) працягвае размову па руску. Дробны штрышок, які паказвае, наколькі дарагая ёй родная мова. (Болш пра "Статус-кво" глядзець: 1).http://pazniak.info/page_status-kvo )     2).http://pazniak.info/page__adradjenne_i_status-kvo__uryvak_z_artykula_pramaskoyski_rejym ).

"Непрадрашэнства"

Другім проста такі амаль сакральным мэтадам ідэалёгіі рускіх імпэрцаў зьяўляецца "непрадрашэнства" (ад рускага слова "непредрешать"). Гэта мэтад аб'яднаньня па агульнай бліжняй задачы, не вызначаючы канцовай мэты і канцовага выніку аб'яднаньня.

Такая мэтадалёгія зьявілася ў Расеі яшчэ ў пачатку ХХ-га стагоддзя, калі ўзьніклі першыя расейскія палітычныя партыі. Але тэрміналягічна гэты мэтад аформіўся ў 50-х гадах ў асяроддзі эміграцыі з Усходняй Эўропы, калі расейскія палітэмігранты заклікалі палітэмігрантаў з народаў СССР "об'единиться" супраць агульнага ворага бальшавікоў, "не предрешая", што будзе пасьля перамогі. Маўляў, потым разьбярэмся, галоўнае -- бальшавікоў ськінуць.

З гэтага ў расейцаў нічога не атрымалася, бо ўсе хацелі ведаць, што будзе наперадзе. Тым часам расейцы паўсюдна пачынаюць крычаць аб "единстве" і "объединении", "інтэграцыі", "брацкіх узах" ды "саюзе", калі хочуць каго акалпачыць чужымі рукамі і загнаць у імпэрыю, не разважаючы пра будучыню. Такое ёсьць расейскае "непрадрашэнства".

Вядома, што ўсялякае аб'яднаньне магчымае толькі на дамоўленых прынцыпах з канкрэтным азначэньнем мэты. Калі таго няма, то гэта, як правіла, ёсьць сумяшчэньне лёгкадумства і шарлатанства, якое забясьпечвае выгаду хітрунам.

Непрадрашэнства -- гэта ўвогуле "канёк" расейскай імпэрскай палітыкі. Створана цэлая тэрміналёгія непрадрашэнства. Тут і "дружба народаў", і "народы-братья", і "дэмакратыя паперадзе мовы", і "за родную Белоруссию", і народны кліч "абы ня Кебіч", "абы не Лукашэнка". Тут самы шырокі ўжытак мэтаду канцэнтрацыі на бліжніх задачах без азначэньня канцовай мэты.

Дарэчы, у цяперашняй выбарчай кампаніі Газпрам-гэбоўская групоўка выкарыстоўвае клясычны прынцып непрадрашэнства, прыдумаўшы "тэхнічнага прэзыдэнта" (Ціханоўскую), пры дапамозе якой штабісты наіўна плянуюць ськінуць Лукашэнку і даць магчымасьць ўехаць да ўлады Цапкалам-Бабарыкам (а там -- відаць будзе). (Больш пра непрадрашэнства глядзець: 1).http://pazniak.info/page_nepradrashenstva )

2). http://pazniak.info/page_nepradrashenstva__uryvak_z_artykula_pramaskoyski_rejym )

1 жнівень 2020 г.             Зянон Пазьняк