Аб Народным Мэмарыяле Курапаты

posted Oct 11, 2018, 8:52 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 11, 2018, 8:52 PM ]

Міністэрства культуры

Рэспублікі Беларусь


                                        Аб Народным Мэмарыяле Курапаты

 

       Як стала вядома беларускай грамадскасці, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выказалася па праекту мемарыяльнага знака ва урочышчы Курапаты—месце згубы ахвяр расейска-бальшавіцкіх палітычных рэпрэсій. Як вынікае з паведамленняў СМІ, разглядаецца магчымасць  усталявання мемарыяльнага знака ў  цэнтры “Народнага мемарыяла Курапаты”—у непасрэднай блізказці ад яго цэнтральнай часткі “Галгофы”.   

       Мы выказваем катэгарычную нязгоду з падобнымі намерамі.

      Народны мемарыял  Курапаты” створаны у адпаведнасьці з беларускай нацыянальнай традыцыяй. Мэмарыяльныя помнікі і могілкі такога кшталту ёсьць у Беларусі і за яе межамі (Беласточчына). Гэтая традыцыя падтрымана грамадзкасьцю і меркаваньнямі, выказанымі Праваслаўнай царквой і Каталіцкім  касцёлам. У прыватнасьці, у лісьце ад 20.12.1993 г. за № 779 на адрас Міністэрства культуры Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Партыяшы экзарх усяе Беларусі Філарат адзначыў “…пажадана было б у Мемарыяле “Курапаты” прадугледзець: крыж на кожнай яме-магіле, мемарыял-могілкі абмежаваць  дэкаратыўна-мастацкай агароджай, пры будаўніцтве Мемарыяла ані пад якім выглядам не дапускаць раскопак і пашкоджанняў ям-магіл”.

        У пісьме ад 29.12.1993 г. за №73 на адрас Міністэрства культуры Ксёнз-магістр пробашч Касьцёла св. Сымона і св. Алены Уладыслаў Завальнюк адзначыў “…імкнучыся дасягнуць кансэнсуса ў архітэктурным афармленні мемарыяла Курапаты Рымска-каталіцкая канфесія Рэспублікі  Беларусь рэкамендуе прадугледзіць … захаванне ям-магіл, устаноўку на кожнай яме-магіле крыжа, стварэнне алеі смутку са знакамі з іншых месцаў масавых рэпрэсій, устаноўку на алеі смутку манументальнага сімвала-крыжа, захаванне драўлянага крыжа як сімвала гісторыі, стварэнне ў пачатку алеі смутку міжканфесійнай капліцы “Святыні памяці”, абнясенне па перыметру могілак мастацкай агароджы, уздоўж сцежак на адпаведна свабодных месцах прадугледзіць устаноўку памятных знакаў у памяць вядомых дзеячоў дзяржавы, культуры і духоўнага жыцця беларускага народа, загінуўшых пад час масавых рэпрэсій. На прылягаючай да гістарычнага помніка ахоўнай зоне: размяшчэнне Храма-Касцёла, пантэона адміністрацыных пабудоў мемарыяла, пляца масавых набажэнстваў…”.

           Прапановы выказаныя Праваслаўнай царквой і Рыма-каталіцкім касцёлам былі падтрыманыя і ня выклікалі пярэчанняў у беларускім грамадстве.

            Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя—БНФ, ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”, створаная імі Грамадзкая дырэкцыя Народнага Мэмарыяла “Курапаты”, іншыя зацікаўленыя арганізацыі і грамадзяне пры падтрымцы навуковага кіраўніка Мемарыяла Майі Тодараўны Кляшторнай на працягу дваццаці апошніх гадоў стварылі Народны мемарыял “Курапаты”, запачаткаваны 29 кастрычніка 1989 года ўсталяваньнем Крыжа пакуты, прынесенага на руках тысячамі людзей.

            Мы лічым недапушчальнымі любые непрадуманные дзеянні па стварэнні  на тэрыторыі Мемарыяла  пабудоў, якія парушаюць прынятую кансэнсусам беларускім грамадствам канцэпцыю захавання гістарычнага помніка. Недапушчальныя дзеяньні выклікаюць у беларусаў непрыняцце і пратэст. Народны Мэмарыял стварыўся як унікальны вечна жывы помнік, у падтрымцы якога прымаюць удзел усе пакаленьні.

            Мы заклікам адказных работнікаў Міністэрства культуры, іншых дзяржаўных і грамадскіх структур да разважлівасці—не рабіць дзеянняў якія могуць прынесці шкоду гістарычнаму помніку і нашай гістарычнай памяці. Мы чакаем ад Міністэрства культуры рашэньня і пастановы аб устаноўцы памятнага знака не ў цэнтры Народнага Мэмарыялу, а побач з Курапатамі на пляцоўцы, якую можна скарыстаць пад музэйны комплекс.

        Намеснік старшыні Кансэрватыўна-

        Хрысціянскай Партыі – БНФ Юры Беленькі


        Намесьнік старшыні ГА “Хрысціянская

        злучнасць “Курапаты” Віктар Рабушка

        г. Мінск

        9 кастрычніка 2018 г.