АБ НЕДЭМАКРАТЫЧНЫМ ЗАКАНАДАЎСТВЕ

posted Feb 12, 2018, 4:20 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 12, 2018, 4:21 PM ]
(Рэзалюцыя Сойму КХП-БНФ)

1. Сойм канстатуе: палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь праводзіць эканамічную, сацыяльную, знешнюю палітыку, якая не адпавядае жыцьцёвым інтарэсам беларускага народа. Выглядае такім чынам, што людзі, якія знаходзяцца на вяршыне ўлады, ў першую чаргу дбаюць пра інтарэсы Расейскай Федэрацыі а не нашай краіны. Найперш забясьпечваюцца інтарэсы Расеі ў ваеннай, знешнепалітычнай, эканамічнай сфэрах а таксама інтарэсы кіруючай у Беларусі групоўкі. У выніку такой палітыкі эканоміка Беларусі знаходзіцца ў цяжкім стане. Як сьледства – бальшыня працоўных атрымлівае заработную плату, якая не забяспечнае паўнавартаснага існаваньня працоўных і іхных сем’яў; насельніцтва не забясьпечанае у дастатковай неабходнасьці працоўнымі месцамі, вялікія памеры набыло схаванае беспрацоўе; у шэрагу вёсак, мястэчак, гарадоў людзі практычна ня могуць знасьці аніякай працы.

У гэтай сітуацыі кіруючы рэжым, замест таго, каб разьвіваць эканоміку краіны, наладжваць трывалыя эканамічныя сувязі з тэхналягічна разьвітымі краінамі, ствараць новыя працоўныя месцы з адпаведным ўзроўнем заработнай платы, паслядоўна праводзіць антыканстытуцыйную палітыку перакладваньня эканамічнага цяжару неэфектыўнай эканомікі на людзей, якія ня маюць працы, ці па прычыне іншых жыцьцёвых абставінаў не працуюць.

2-га красавіка 2015 г. рэжымам прыняты “ Декрет Президента Республики Беларусь “О предупреждении социального иждивенчества”, у адпаведнасьці зь якім людзі, што ня маюць працы, павінны былі плаціць дзяржаве “Збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў”.

У выніку пратэстаў людзей рэжым вымушыны быў адмяніць гэты абсурдны дэкрэт. Узамен 25 студзеня 2018 г. прыняты ня меньш абсурдны “Декрет Президента Республики Беларусь «Об изменении Декрета Президента Республики Беларусь “О предупреждении социального иждивенчества”, у адпаведнасьці зь якім людзі што ня маюць працы будуць абавязаныя “ аплочваць паслугі, вызначаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, па цэнах (тарыфах), якія забясьпечваюць поўнае вяртаньне эканамічна абгрунтаваных выдаткаў па іх аказаньню”. Гэта значыць, беспрацоўныя павінны будуць плаціць за паслугі істотна болей (нават ў разы болей) у параўнаньні з тымі, каму пашчасьціла мець працу і заробок.

Пры ўсёй сваёй абсурднасьці, гэтыя дзеяньні рэжыму маюць сваю стратэгічную логіку. Разбурыўшы па ўказаньні Масквы беларускую эканоміку, прамаскоўскі рэжым праводзіць палітыку выштурхоўваньня беларусаў са сваёй зямлі. Бо ў такой сытуацыі беларусы ўсё болей і болей вымушаныя зьязджаць з краіны. Робіцца “зачыстка” Беларусі ад беларусаў перад плануемай Масквой адкрытай акупацыяй Беларусі.

Каб пазьбегнуць такога сцэнару разьвіцьця падзеяў у краіне беларусам неабходна замяніць прамаскоўскае кіраўніцтва ў дзяржаве на беларускае.


2. Польскі Сейм падрыхтаваў папраўку ў закон аб Інстытуце Нацыянальнай Памяці (ІНП), дзе прадугледжана крымінальная адказнасьць за прыпісваньне палякам злачынстваў гітлераўскай ваеншчыны і ўлады за часы 2-й сусьветнай вайны. Адказнасьць распаўсюджваецца на грамадянаў Польшчы і на замежных грамадзянаў усіх краін.

Гэтае палажэньне выклікала шмат крытыкі ў Польшчы і за мяжой з прычыны свайго неідэальнага юрыдычнага і палітычнага сфармуляваньня. Але тым ня менш яно базуецца на высновах Нюрнбэргскага суда і міжнародных законаў.

Большую крытыку выклікае запіс аб тым, што крымінальнаму пакараньню падлягае кожны, хто аспрэчвае “дзеяньні ўчыненыя ўкраінскімі нацыяналістамі ў 1925 – 1950 гадах, пагрунтаваныя на выкарыстаньні гвалту, тэрору альбо іншых формаў парушэньня правоў чалавека супраць асобаў альбо групаў людзей”.

Такі запіс, аднак, нестасуецца з асноўным прынцыпам дэмакратыі – свабодай слова, зачыняе магчымасьці дыскусіі і дыялогу па пытаньнях палітыкі і гісторыі.

Ускосна папраўкі ў закон аб ІНП могуць быць выкарыстаны для вывядзеньня з-пад адказнасьці тых грамадзн Польшчы, якія ў гады вайны і пазьней сапраўды мелі дачыненьні да злачынстваў супраць асобы і групаў людзей.

Прыняцьце не да канца прадуманай папраўкі ў закон вб ІНП не палепшыць міжнароднага прэстыжу польскай палітыкі.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Менск. 11 лютага 2018 г.