АБ НЕГВАЛТОЎНЫХ ПРАТЭСТАХ

posted May 8, 2021, 1:44 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 8, 2021, 1:44 PM ]

У 2020 годзе беларускае грамадзтва яшчэ палітычна не сасьпела да барацьбы за ўладу з антыбеларускім рэжымам. Але яно здольнае было на пратэст. Радыкалізацыя пратэстаў не адбылася, бо грамадзтва (акрамя асобных людзей) было не гатовае да вострых рэвалюцыйных дзеяньняў, і штучна нельга і немагчыма было тое прысьпешыць. (Дваццаць шэсьць гадоў лукашысцкага вынішчэньня нацыі і дваццаць гадоў паразітнага існаваньня псэўдаапазыцыі ды імітацыі яе змаганьня з рэжымам сваю адмоўную справу ў дызаарыентацыя беларусаў зрабілі.)

Незадавальненьне антынароднай ўладай вылілася ў "мірны пратэст" і "негвалтоўны супраціў". Улада тым часам чакала на супраціў людзей, рыхтавала правакацыю і збройны крывавы разгром. Папярэджаньні аб падрыхтоўцы пагрому былі, але нехапіла часу пачуць. Абурэньне рэжымам выштурхнула людзей на вуліцы. Гэта быў натуральны пратэстны парыў, які вынікаў з унутранага стану людзей. Зьява набыла масавы характар.

Масавыя пратэсты прадэманстравалі высокую культуру паводзінаў і веліч Беларускага народа і, што самае галоўнае, паспрыялі нацыянальнаму абуджэньню людзей і грамадзкай кансалідацыі нацыі. У гэтым ёсьць станоўчы і найважнейшы вынік дэманстрацыі масавых пратэстаў. І таму такі стыхійны пратэстны народны рух, калі ён пачаўся, трэба было падтрымліваць.

Ахвярнасьць гэтай народнай кансалідацыі і маральнага ўзвышэньня над лукашызмам вельмі вялікая -- дзясяткі забітых, скалечаных, памерлых ад катаваньняў людзей, тысячы кінутых у турму.

Слава народным змагарам, што загінулі за Беларусь і свабоду. Кроў забітых на руках і на рылах забойцаў. Яна сьведчыць, што іх таксама ня будзе. Людзі не даруюць.

Тым часам негвалтоўныя пратэсты (і ўвогуле пратэсты) ў адначасьсі не маглі прывесьці да перамогі над антынацыянальным рэжымам, але цалкам дэмаралізавалі яго, пазбавілі рэжым падтрымкі грамадзтва і, фактычна, пазбавілі яго будучыні, агалілі адкрытую вайну з боку Лукашэнкі і хунты супраць беларускага народа, вайну, якая забярэ шмат ахвяр, але прывядзе рэжым да пагібелі.

Гэты этап (этап адкрытай вайны прамаскоўскага рэжыму супраць людзей) будзе для беларусаў цяжэйшы, чым этап негвалтоўных пратэстаў. Але павінен перамагчы народ. Толькі трэба каб наперадзе сьвяціла Беларуская нацыянальная ідэя. Неабходна трымацца Беларускага нацыянальнага Адраджэньня і не дапусьціць падмены, сачыць, каб грамадзтва не апанавалі новыя прахіндзеі, выгадаваныя маскоўскімі каланізатарамі, альтэрнатыўныя насьледнікі антыбеларускага рэжыму і крамлёўскай палітыкі.

2 траўня 2021 г.              Зянон ПАЗЬНЯК