АБ НІКЧЭМНАСЬЦІ МАСКОЎСКІХ ПАГАДНЕНЬНЯЎ І ЗЛАЧЫННАЙ ПАЛІТЫЦЫ ЛУКАШЭНКІ

posted Sep 12, 2021, 7:42 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 12, 2021, 7:43 AM ]

    9 верасьня адбыўся чарговы этап нацыянальнай здрады дзяржаве і народу Беларусі з боку ўзурпатара Лукашэнкі. У Маскве ён узгадніў з Пуціным дакуманты ("дарожныя карты"), якія на справе зьяўляюцца планам расьцягнутай акупацыі, эканамічнага і палітычнага паглынаньня Беларусі Расеяй. 4-га лістапада Пуцін і Лукашэнка плануюць афіцыйна зацьвердзіць гэтыя паперы і замацаваць іх праз фіктыўныя ворганы так званай "саюзнай дзяржавы".

    Лукашэнка ня ёсьць выбраны народам. Усе выбары, і асабліва апошнія, у жніўні 2020 года, былі сфальсіфікаваныя. Яго аўтарытарнае праўленьне ўзьнікла пры палітычнай дапамозе Масквы ў лістападзе 1996 года ў выніку дзяржаўнага перавароту і адкіданьня законнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Лукашэнка не зьяўляецца легітымнай фігурай улады, ён ня мае ніякага права рэпрэзэнтаваць краіну і тым больш падпісваць лёсавызначальныя для краіны дакуманты. Гэта зьяўляецца злачынствам супраць дзяржавы.

    Чарговае ўзгадненьне антыбеларускіх дакумантаў, якія пагражаюць суверэнітэту Беларусі, супадае з увядзеньнем расейскіх войскаў у Беларусь пад выглядам стварэньня вайсковых вучэбных цэнтраў (у рэальнасьці -- ваенных баз), што зьяўляецца здрадай і дзяржаўным злачынствам.

    Факт узгадненьня антыбеларускіх дакумантаў (28 "дарожных карт") адбыўся ў абставінах маштабных рэпрэсій у Беларусі, у абставінах поўнага беззаконьня і гібрыднай вайны спраць краінаў Эўразьвязу праз арганізацыю транзіту нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі на межы Польшчы, Латвіі і Летувы.

    Дакуманты, узгодненыя нелегітымнай асобай Лукашэнкі 9-га верасьня 2021 года ў Маскве і падрыхтаваныя для падпісаньня, ёсьць юрыдычна нікчэмныя, а дзеяньні палітычна злачынныя, якія падпадаюць пад крымінальную адказнасьць.

    У гэтых абставінах трэба, каб міжнародная дэмакратычная супольнасьць успрыняла інтэграцыйны працэс Расеі і Беларусі («саюзную дзяржаву») як элемэнт гібрыднай акупацыі Расейскай Фэдэрацыяй Рэспублікі Беларусь, які ня толькі разбурае дзяржаўнасьць Рэспублікі, але становіцца пагрозай для рэгіянальнай бясьпекі. Гэта азначае, што Саюз Беларусі і Расеі мусіць стаць аб'ектам міжнароднага ціску і непрызнаньня як суб“екта палітыкі.
У сваю чаргу, нацыянальна-дэмакратычны рух Беларусі павінен мабілізаваць усе высілкі, каб стрымаць антынацыянальныя дзеяньні
Лукашэнкі і паўзучую акупацыю Беларусі Расеяй.

    Мы адкідаем і не прызнаем пагадненьні, падпісаныя беларускім дыктатарам і узгодненыя ў Маскве. Мы сьведчым пра адказнасьць, якая вынікае зь дзеяньняў Лукашэнкі, ды высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе зьнішчэньня незалежнасьці Беларусі, расплата за якія непазьбежная.

10 верасень 2021 г.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят

Падпісана: Зянон Пазьняк, Юры Беленькі, Павел Усаў