АБ ПРАТЭСТАХ СУПРАЦЬ ДЭКРЭТУ № 3 І ЗМАГАНЬНІ ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ

posted Mar 13, 2017, 6:35 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 13, 2017, 6:35 AM ]

Крызіс антыбеларускага рэжыму ўступае ў актыўную фазу. Зьняважаныя нялюдзкім дэкрэтам № 3 (празваны правіцелем дэкрэтам "аб дармаедах"), людзі вышлі на вуліцы выказваць сваё абурэньне і патрабаваньні.

Абурэньне стыхійнае. А гэта значыць, што існуе магчымасьць правакацыяў, небясьпечных па выніках для грамадзтва. Злыя сілы могуць скарыстаць становішча, каб дыскрэдытаваць народныя выступы. Так адбылося ў 2010-м годзе, калі правакатары завялі людзей у пастку. Тады былі пабіты, схоплены і кінуты за краты сотні людзей.

Тыя самыя асобы, якія справакавалі пабіцьцё людзей у Менску і разгром грамадзтва ў 2010 годзе, тыя ж асобы клічуць на плошчу абураных беларусаў цяпер і рыхтуюць пляны, невядомыя людзям.

У сувязі з гэтым, каб запабегчы маніпуляцыям, мы зьвяртаем увагу на неабходнасьць самаарганізацыі грамадзтва. Прапануем падтрымаць заклік Зянона Пазьняка і паўсюдна па месцы жыхарства і працы ствараць суполкі працоўных людзей руху "За вольную Беларусь". Арганізаваны народ сам плянуе і стварае сваю будучыню.

12 сакавіка 2017 г.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ