АБ ПРЫЗНАНЬНІ «ОМОН» і «КГБ» СССР ДЗЯРЖАЎНЫМІ ТЭРАРЫСТЫЧНЫМІ АРГАНІЗАЦЫЯМІ

posted Apr 18, 2017, 1:03 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 18, 2017, 1:03 PM ]

25-га Сакавіка гэтага года ў дзень вялікага Беларускага нацыянальнага сьвята Дзень Волі ўся Беларусь, дзякуючы відэаінфармацыі, стала сьведкам брутальнага нападу на мірных жыхароў і зьбіцьця людзей у Менску міліцэйскім падразьдзяленьнем "ОМОН" (амап) і баевікамі ўнутранных войскаў. Жыхароў Менска, старых і маладых, мужчын і жанчын -- хапалі, без разбору, на ходніках і плошчах, на прыпынках транспарту, на пешаходных пераходах. Пры гэтым шмат людзей жорстка зьбівалі і заштурхоўвалі ў закратаваныя жалезныя фургоны для перавозкі арыштаваных. Схапілі больш за тысячу чалавек.

Прычынай нападу на людзей паслужыла інфармацыя аб мітынгу ў гонар нацыянальнага сьвята Дзень Волі (99-й гадавіны аб'яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі). Ініцыятар мітынгу падпалкоўнік у адстаўцы М. Статкевіч (які эаявіў, што будзе кіраваць мерапрыемствам) на сьвята не зьявіўся і людзі зьбіраліся на ходніках, ня ведаючы што рабіць. У гэты час і адбыўся жорсткі напад баевікоў ОМОН на людзей, паляваньне на пешаходаў, зьбіцьцё і затрыманьне. Дзеяньні нападнікаў былі сытуацыйна неадэкватнымі, палітычна матываванымі загадам зьверху, з неапраўданым ужываньнем жорсткай сілы і агрэсіі.

Такія дзеяньні з нематываваным ужываньнем грубай сілы, зьнявагай годнасьці людзей і катаваньнямі затрыманых у закратаванях жалезных фургонах ажыцьцяўляюцца баевікамі ОМОН увесь час на працягу існаваньня аўтарытарнага рэжыму ўлады А. Лукашэнкі.

Тлумачыцца гэтая парадаксальная для неабазнаных людзей зьява (калі ўлада забараняе сьвяткаваць нацыянальнае сьвята Волі і зьбівае за гэта людзей) тым, што Беларусь з 1994 года апынулася ў стане ўнутраннай акупацыі расейскіх і прарасейскіх сілаў, якія захапілі уладу ў дзяржаве і праводзяць антынародную, узгодненую з Масквой палітыку, па вынішчэньні беларускай нацыі. Дзеля гэтага рэжым выкарыстоўвае сілавыя і рэпрэсіўныя структуры ўлады.

Мэтады, якімі дзейнічае ОМОН, выконваючы ўказаньні вярхоўнага начальства, утрымліваюць у сабе прыкметы тэрарызму і адпавядаюць кваліфікацыі тэрарыстычнай арганізацыі, падпарадкаванай рэжыму аўтарытарнай улады.

Такія сістэматычныя дзеяньні аўтарытарнай улады ў Рэспубліцы Беларусь падпадаюць пад вызначэньне Арганізацыі Аб“еднаных Нацыяў аб дзяржаўным тэрарызме, дзе адзначана, што «Дзяржаўны тэрарызм праяўляе сябе ў: 1) практыках паліцэйскай дзяржавы, накіраваных супраць свайго ўласнага народа, каб дамінаваць праз страх шляхам нагляду, разгону групавых мітынгаў, кантролю над навіновымі СМІ, зьбіцьця, катаваньняў, надуманых і масавых арыштаў, надуманых абвінавачваньняў і чутак, паказальных судовых працэсаў, забойстваў, пакараньняў бяз суду і сьмяротнага пакараньня». (Жэнеўская дэклярацыя аб тэрарызме. Генэральная Асамблея ААН, Дак. А/42/307, 29 траўня 1987 г., разьдзел 1. Дзяржаўны тэрарызм).»

У рэзалюцыі ААН 1999 года адзначана, што «злачынствы, задуманыя з палітычнымі мэтамі, каб справакаваць стан страху ў грамадзкасьці, групы людзей альбо адзінкавых асобаў, ня маюць апраўданьня ні пры якіх абставінах».

Нелегітымны гэбісцкі рэжым Лукашэнкі абапіраецца ў сваёй антынароднай тэрарыстычнай дзейнасьці на рэпрэсіўныя мілітарызаваныя арганіэацыі, створаныя яшчэ расейскімі камуністамі, дзеля рэпрэсіяў і зьнішчэньня народаў СССР. Гэта ў першую чаргу ОМОН (Отдел Милиции Особого Назначения) і КГБ (Комитет Государственной Безопастности, ён жа -- ВЧК, ГПУ, ОГПУ, НКВД, НКГБ, ГУГБ, НКГБ, МГБ, МВД, КГБ, МСБ, ЦСР, ФСБ, КГБ), які ў 10-50-х гадах мінулага стагодзьдзя, праводзіў генацыд беларускага насельніцтва.

Паўстае неабходнасьць правядзеньня праўнай і факталагічнай экспэртызы і пастаноўкі пытаньня перад адпаведнымі беларускімі краёвымі арганізацыямі і міжнароднымі ўстановамі аб:

1) прызнаньні міліцэйскай структуры ОМОН Міністэрства Унутранных Справаў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай тэрарыстычнай арганізацыяй;

2) прызнаньні КГБ СССР дзяржаўнай тэрарыстычнай арганізацыяй, якая ў 1917 – 1953 гг. , праводзіла генацыд народаў СССР, выконвала злачынствы супраць чалавецтва.*

*Абгрунтаваньне. Датычна ацэнкі КГБ СССР, гэтае пытаньне міжнароднага значэньня і прадугледжвае сумесную падрыхтоўку праўна-факталагічнай базы для кваліфікацыйных міжнародных арганізацыяў.

Сёньня, ўлічваючы знаходжаньне абсалютнай дзяржаўнай ўлады ў руках КГБ у Расеі і ў Беларусі, мы зьяўляемся сьведкамі, рэанімацыі культа Сталіна, сталінізму, апраўданьня камуністычнага генацыду ў ХХ стагодзьдзі, пабудовы так званай «лініі Сталіна» ў Беларусі, імкненьняў улады зьнішчыць Курапаты – месца масавых камуністычна-энкавэдзісцкіх расстрэлаў людзей. У Беларусі, як і ў З0-х гадах, гэбісцкі рэжым пачаў прыдумваць неіснуючыя дзеяньні і арганізацыі, дзеля рэпрэсій апазыцыйнага да палітыкі рэжыму насельніцтва. Пад прыдуманыя дзеяньні і арганізацыі праводзяцца арышты і хапаньні людзей.

Вынікам гэбісцкага павароту да сталінскй палітыкі, зноў стала пагроза вайны і агрэсіі з боку гэбісцкай Расеі, кардынальнае пагаршэньне міжнароднага становішча. Прававая ацэнка, юрыдычнае заблякаваньне і ліквідацыя рудыментаў камунізму, адным зь якіх ёсьць дзейнасьць і гісторыя КГБ СССР – гэта задача, якая датычыць ня толькі Беларусі, Расеі ды Украіны, але ўсёй міжнароднай супольнасьці.

9 красавік 2017 г                                        . Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

г. Менск

Старшыня Зянон Пазьняк

В.а. Старшыні ў Беларусі Юры Беленькі

Намесьнік Старшыні Сяргей Папкоў