Аб статыстычных маніпуляцыях улады над насельніцтвам, аб фальсіфікацыях апытаньня людзей і аб непрызнаньні вынікаў перапісу насельніцтва 2019 года ў Беларусі

posted Oct 15, 2019, 2:24 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 15, 2019, 2:25 PM ]

       З 4-га па 30-га кастрычніка 2019 г. у Беларусі праходзіць афіцыйны перапіс насельніцтва. Падбор пытаньняў перапіснай анкеты абумоўлены дзьмюма задачамі прарасейскай ўладнай сістэмы ў Беларусі. Першая – стварэньне аргумэнтацыі для асіміляцыйнай палітыкі і русіфікацыі краіны. Другая – здабыцьцё падрабязных зьвестак аб сацыяльна-эканамічным, культурным, ідэёва-палітычным, сямейным, сьветапоглядным і іншым прыватным стане асобы дзеля кантролю ўлады над насельніцтвам.

І першая, і другая пазыцыі перапісу ёсьць парушэньнем правоў чалавека і Канстытуцыі краіны і абумоўленыя палітычнымі інтарэсамі антыдэмакратычнага аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі і палітыкай Масквы, якая кантралюе антынародны рэжым у Беларусі.

Галоўным пытаньнем перапіснай анкеты зьяўляецца пытаньне аб беларускай мове: хто назаве яе роднай, хто на ёй размаўляе. Пытаньні сфармуляваныя некарэктна, з разьлікам на прапагандысцкую дэзінфармацыю людзей і на вынікі русіфікацыйнай палітыкі асіміляцыі. Ня ўлічаныя дакладныя ў гэтай далікатнай сітуацыі рэкамэндацыі Эўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па правядзеньні перапісаў насельніцтва (пп. 34, 35).

Далікатнасьць адносінаў вынікае са становішча, якое склалася ў выніку палітыкі антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі па русіфікацыі беларускага насельніцтва. У самым пачатку ўлады гэтага рэжыму адразу 70% беларускіх школаў ператварылі ў рускія школы і былі спаленыя беларускія падручнікі для школаў на беларускай мове. У наступны пэрыяд рэшту беларускіх школаў зачынялі паступова па некалькі адсоткаў у год, але сістэматычна, і цяпер давялі колькасьць беларускіх школаў паніжай 10%. Беларускія сем’і былі пазбаўленыя выбару нацыянальнай мовы навучаньня для сваіх дзяцей.

Палітыцы зачыненьня беларускіх школаў спрыялі фальшывыя перапісы насельніцтва, дзе былі пададзены заніжаныя зьвесткі аб самаідэнтыфікацыі і аб роднай мове людзей.

Цяперашні перапіс насельніцтва 2019 г. праводзіцца з тымі ж мэтамі і з улікам інтарэсаў Масквы па інтэграцыі Беларусі ў Расею. Антыканстытуцыйныя дзеяньні па інтэграцыі таемна абмяркоўваюць цяпер за зачыненымі дзьвярыма ў Маскве прадстаўнікі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Фальсіфікацыя перапісу робіцца дзеля стварэньня дадатковай аргумэнтацыі па інтэграцыі Беларусі ў склад Расеі.

Ніякага кантролю над дзеяньнямі дзяржаўных перапісчыкаў, над перапісам і над вынікамі перапісу беларускае грамадзтва ня мае. Рэжым робіць што хоча. Гэта пацьвердзілі першыя дні і тыдні перапісу. Афіцыйныя перапісчыкі нават не пытаюць у людзей пра мову, але самы запісваюць усім расейскую мову, перакладаюць беларускія імёны па-руску. У анкеце перапісу адсутнічае беларуская мова. У Сьветлагорскім раёне, напрыклад, перапісчык сказаў, што яны ўсім запісваюць рускую мову. Такім чынам адбываецца сьведамая фальсіфікацыя перапісу, кіруемая рэжымнай уладай.

Практычна, людзям няма ніякага сэнсу ўдзельнічаць у такім перапісе, бо ўсё будзе перавернута на карысьць антынароднай палітыкі аўтарытарнага рэжыму і ўплыву Масквы.

Парушэньні правілаў перапісу, якія зробленыя і якія адбываюцца, сьведчаць аб тым, што вынікі перапісу насельніцтва 2019 г. у Беларусі не адпавядаюць сапраўднаму стану насельніцтва і ня могуць быць прызнаныя за сапраўдныя. Яны ня могуць быць скарыстаныя ў статыстыцы і статыстычнай аргумэнтацыі.

Асобным радком мы адзначаем заганнасьць антынароднай палітыкі грубых маніпуляцыяў з насельніутвам Беларусі, сьведчым пра антызаконнасьць і недапушчальнасьць такой палітыкі.

13 кастрычнік 2019 г., г. Менск

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

(Старшыня Зянон Пазьняк)