Аб важных падзеях

posted Aug 14, 2017, 7:52 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 14, 2017, 7:52 PM ]

(Вытрымка з выступу на жнівеньскім 2017 г. Сойме КХП-БНФ

і БНФ “Адраджэньне”)

...У грамадзтве мы назіраем насіленьне тыпова акупацыйных рэпрэсіяў. Зьнішчэньне беларушчыны і гістарызму ў школьных праграмах (забарона нават ужываць слова “Біблія” у беларускай мове і літаратуры, каб не казаць пра Скарыну), арышты маладых за Беларускі Сьцяг на канцэртах, пагром незалежных прафсаюзаў (нягледзячы на іх поўную лаяльнасьць да акупацыйнага рэжыму), кваліфікацыя вайсковай Тактычнай групы “Беларусь” як экстрэмісцкай тэрарыстычнай арганізацыі за тое, што выступае на баку вольнай Украіны, і г.д.

Усё гэта рабілася і робіцца здрадніцкім рэжымам канкрэтна ў плане зачысткі грамадзкага стану перад падрыхтоўкай расейскай акупацыі Беларусі.

Фармальна і рэальна маскоўская гібрыдная акупацыя (гэта значыць замаскаваная пад іншыя дзеяньні) пачалася 24 ліпеня гэтага года, калі ўзброеныя жаўнеры чужой краіны ўвайшлі на нашую зямлю. Першы тэст на акупацыю быў для чужынцаў пасьпяховым. Чужыя жаўнеры без пазнакаў на адзеньні і з аўтаматаматычнай зброяй зьявіліся ў грамадзкіх месцах у Віцебску і Берасьці. Ніхто не падышоў да іх і не спытаў, хто яны, чаму без апазнавальных знакаў і чаму са зброяй. Для расейцаў гэта важная інфармацыя для заключэньня, што супраціўленьня ў Беларусі ня будзе.

(Увага для фронтаўцаў! Калі расейцы паўтораць свой тэст у іншых гарадах, і нашыя людзі стануць сьведкамі, -- абавязкова падысьці, учыніць допыт, запісаць на магнітафон, сфатаграфаваць. Затым званіць у міліцыю, пракуратуру і камэндатуру з прапановай затрымаць падазроных. Павінен быць рэзананс, бо тут скандал.)

З дваццаць чацьвертага ліпеня ў Беларусі на чыгуначных платформах ноччу перавозіцца расейская бронетэхніка. Адрас той жа – Віцебск, Берасьце.

З пачатку жніўня на палігоне Кіслава пад Псковам адбываліся вучэньні расейскай 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі. Экспэрты адзначаюць, што “тактычныя вучэньні плаўна трансфармуюцца ў стратэгічныя”. Пасьля вучэньняў штурмавыя дэсантнікі будуць перакінуты ў Беларусь быццам бы для вучэньняў “Захад-2017”. У калгаснага здрадніка ўжо ніхто не пытае. Ён пра тое, відаць, нават ня ведае. Расейскія войскі па ўсёй лініі з Поўначы на Поўдзень падцягваюцца да межаў Беларусі і Украіны. Зьявіліся зьвесткі, што на беларускім накірунку будуць задзейнічаныя не адна пскоўская дывізія ПДВ, але тры штурмавыя дывізіі (гэта 30-36 тысячаў жаўнераў). Прытым яны быццам бы ў поўнай баявой гатовасьці будуць заставацца на пэрыяд вучэньняў ў Расеі на мяжы зь Беларусяй і толькі па асобым загадзе ўрываюцца ў Беларусь.

У міжнародным плане раскручваецца даволі штучны скандал і нагнятаньне напружанасьці вакол Паўночнай Карэі. Пуцін ня раз бываў у Паўночнай Карэі. Аб чым там дамовіліся саюзьнікі, ніхто ня ведае. Але карэйская небясьпека, якую разьдзьмухваюць з абодвух бакоў, -- тыповы прыклад адцягненьня ўвагі ад падрыхтоўкі акупацыі Беларусі.

Ва ўнутранай палітыцы калгасны рэжым займаецца тым жа самым – адцягненьнем увагі беларусаў ад надыходзячай расейскай акупацыі. Тут і пагром незалежных прафсаюзаў, і абяцаньне паўтары тысячы на зарплату, і палёт у космас і шэраг шызоідных заяваў пра Дэкрэт №3 і т.п.

11 жніўня Пуцін унёс у Думу праект закона “Аб выкарыстаньні СПА на межах Беларусі”. Ставіцца задача ратыфікаваць пратакол аб зьменах і дапаўненьнях у Пагадненьне паміж двума рэжымамі ад 3-га лютага 2009 г. аб сумеснай ахове мяжы неіснуючай “саюзнай дзяржавы”. Гэты таемны пратакол быў падпісаны калгасным правіцелем 2 лістапада 2016 г. Масква трымала яго да зручнага моманту. І вось той момант для іх настаў.

Сутнасьць гэтага пуцінскага закона (пасьля таго, як ён будзе прыняты) заключаецца ў тым, што ў Беларусь павінны будуць уведзеныя сістэмы расейскай Супрацьпаветраннай абароны. Комплексы СПА прадугледжваюць сістэму абслугі, камунікацыі, аховы, інфраструктурнае і сістэмнае забесьпячэньне і г.д. Словам, патрабуе наяўнасьці ў Беларусі расейскага войска, бо толькі яно, згодна пуцінскага праекту, будзе ажыцьцяўляць “порядок применения оружия и боевой тэхники”.

З гэтага вынікае наступнае:

  1. Расейскае войска, якое цяпер завозяць у Беларусь, могуць пакінуць тут пад выглядам абслугі, аховы і эксплуатацыі СПА.

  2. У выніку збройнага канфлікту Расеі з Захадам (а ўсё да таго ідзе, і Пуцін здольны справакаваць вайну), першы змасаваны ракетна-бомбавы ўдар наносіцца па сістэмах СПА і па краіне, дзе яны разьмешчаныя.. Такім чынам, расейцы выводзяць сваю СПА на Беларускія межы і падстаўляюць беларусаў пад удар і зьнішчэньне, зьберагаючы сябе.

Тут горка спраўджваюцца словы калгаснага здрадніка аб тым, як беларусы будуць паміраць за Маскву. Расейскія агрэсары спасылаюцца пры гэтым на міфічнае “союзное государство” Расеі і Беларусі, якое ніхто не прызнаў і якое супярэчыць Канстытуцыі і ўсім законам Беларусі і ў рэальнасьці не існуе. Змова двух нягоднікаў і рабаўнікоў – вось што такое гэтае “союзное государство”, а не рэальнасьць.

І цяпер высновы, што вынікаюць з сытуацыі, якая склалася і разьвіваецца.

  1. Пачалася гібрыдная акупацыя Беларусі з боку пуцінскай Расеі. Яна выяўляецца на сёньняшні момант;

а). У заходзе расейскага войска на сувэрэнную тэрыторыю Беларусі. У пранікненьні ў Беларусь расейскай бронетэхнікі.

б). У абгрунтаваньні ўводу расейскага войска ў Беларусь спасылкамі на палітычныя дамовы аб “саюзнай дзяржаве”, якія ня маюць юрыдычнай сілы і не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

в). У падрыхтоўцы заканадаўчых актаў агрэсіі з боку Расеі на падставе нікчэмных і нікім не прызнаных палітычных пагадненьняў.

2. З 24 ліпеня беларускі народ мае права на збройнае супраціўленьне і адпор агрэсару. Трэба ўлічыць, што значная частка беларускага грамадзтва знаходзіцца ў стане глыбокай расейскай і рэжымнай дэзінфармацыі.

3. Неабходная дзейсная інфармацыя грамадзтва аб сутнасьці падзей усімі даступнымі сродкамі.

4. Неабходная наша інфармацыя для міжнароднай супольнасьці. Інфармаваць амбасады ЗША і Польшчы.

5. Заклікаць беларускіх патрыётаў да партызанскай барацьбы супраць агрэсараў. Час настаў. Трэба дзейнічаць. Нага маскоўскага жаўнера не павінна ступаць па зямлі Беларусі.

6. Неабходная блакіроўка чыгункі і чыгуначных станцыяў, каб супрацьдзейнічаць падвозу расейскай бронетэхнікі.

7. Зьвярнуцца да беларусаў ва ўсім сьвеце аб блакіроўцы расейскіх амбасадаў і патрабаваньні спыніць пляны акупацыі Беларусі.

Зьвяртаю увагу, што ў апошні час зьявілася шмат аналітычных артыкулаў, дзе ня толькі агентура і прапагандысты, але і разумныя, вопытныя адукаваныя людзі аргумэнтавана даводзяць, што акупацыі ня будзе, што Маскве гэта нявыгадна з усіх пунктаў гледжаньня, што гэта блеф Пуціна і т.п. Пры ўсёй павазе да аўтараў напісанага, тое, што яны пішуць гэта ёсьць ў цяперашніх абставінах вельмі шкодныя пісаньні і, як ня дзіўна, поўнае неразуменьне Расеі. Тут не павінна быць заспакаеньня. У сваіх войнах і акупацыях Расея ніколі не карысталася выгадай (інакш бы Расеі проста не існавала). Цяперашнія пляны акупацыі Беларусі (першы этап – ўвядзеньне войска і стварэньне вайсковага пляцдарму, з захаваньнем фармальнай дзяржаўнасьці і ўлады Лукашэнкі) не ажыцьцёвяцца толькі тады, калі будзе рэзкая рэакцыя супраць гэтых плянаў ў Беларусі, у суседзяў Беларусі і ў міжнароднай супольнасьці. Але найперш ў Беларусі. Цяпер ужо створаныя такія абставіны, што словаў мала, патрэбныя антыакупацыйныя дзеяньні рознага кшталту і перш за ўсё – збройнае супраціўленьне, партызанскія акцыі. Масква ў сваіх агрэсіўных плянах ня чуе і не разумее слоў. Толькі цьвёрдая пазыцыя і рашучыя дзеяньні могуць давесьці да яе сьведамасьці сэнс антываеннай лексікі і пазыцыі права.

Беларусам не трэба цяпер слухаць нічыйго і ніякага ляманту. Прыступайма да абароны свабоды, Бацькаўчыны і Незалежнасьці. Нашае натуральнае права, канстытуцыя і міжнароднае права на нашым баку.

25 жніўня 26-я гадавіна Незалежнасьці Беларусі. Улічваючы, падзеі, якія пачаліся, прапаную на 26 жнівень склікаць Асамблею патрыятычных сілаў Беларусі на тэму: “Абарона Незалежнасьці Беларусі”. Падрыхтоўку пачаць з заўтрашняга дня (14 жніўня). Арганізацыю даручыць Управе Сойму.

Што б ні рабіў рэжым – ён прайграе. 26 гадоў – гэта цэлае пакаленьне Незалежнасьці. Галоўнае – верма ў самых сябе, спадзяваймася на сябе і ня боймася. Пераможам толькі ў барацьбе. Настае такі час.

13 жнівень 2017 г.      Зянон ПАЗЬНЯК