АБ ЗЕРНЯХ ЗЬЯВЫ

posted Dec 20, 2020, 8:25 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 20, 2020, 8:25 AM ]

Часам патрабуецца кароткае вызначэньне сутнасьці вядомай зьявы, калі людзі першы раз чуюць пра нешта для іншых зразумелае, але малавядомае для іх.

Цяпер у Беларусі прапагандуецца гэбісцка-газпрамаўская выбарчая афёра ў форме “новай апазыцыі”. Масква фармуе тут сваю прамаскоўскую апазыцыю, мільгаюць імёны Латушкі, Бабарыкі, Уваскрасенскага, Ціханоўскай і т. п., зьявілася “каардынацыйная рада”, замежная падтрымка розных яе дэклярацый з пагрозамі рэжыму Лукашэнкі і г. д. Усе яны (як некалі Лукшэнка) хочуць зноў зьмяніць законную Канстытуцыю 1994 года, усе адмыслова пішуць і гавораць па-расейску, надакучліва зьвяртаюцца да Пуціна і спадзяюцца на Расею.

Што ўсё гэта такое?

Коратка: ГЭТА НАМЕР АДХІЛІЦЬ АД УЛАДЫ ЛУКАШЭНКУ, ПАКІНУЎШЫ ЛУКАШЫЗМ.

І цяпер пра сутнасьць (зерне) лукашызма.

ЛУКАШЫЗМ — ГЭТА РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ.

Усе астатнія дзеяньні і злачынствы рэжыму Лукашэнкі — гэта механізм, тэхналёгія сутнасьці.

Веданьне сутнасьці гэтых пазыцыяў карыснае для разуменьня таго, што будзе адбывацца ў Беларусі.

Істотна мець на ўвазе, што для ажыцьцяўленьня сваіх бліжніх планаў (зьмена сатрапа, захаваньне васальнага характару Беларусі і захоп нацыянальнай маёмасьці краіны) Масква імкнецца скарыстаць пратэстны рух дзеля замены Лукашэнкі, абапершыся на сваю “новую апазіцыю”.

І другі варыянт — калі б пратэстны рух быў зьнішчаны, — Масква гатова падтрымаць аслабленага Лукашэнку, даць крэдыты і дыктаваць умовы аншлюсу (”інтэграцыі”, “адзінай дзяржавы” і т.п.).

Калі пратэстны рух ня выльецца ў нацыянальную рэвалюцыю, ня вылучыць нацыянальную палітычна-арганізаваную сілу, тады перашкодзіць Крамлю будзе амаль немагчыма.

(Улічым, што канцовы этап маскоўскай палітыкі супраць Беларусі не мяняецца ніколі і незалежны ад характару расейскай улады — аншлюс, анэксія, захоп, “аб’яднаньне”.)

Аб нацыянальных шансах свабоды. Шансы існуюць. Парадокс ў тым, што ў гэтых абставінах яны цяпер залежаць ня толькі ад краху рэжыму, але і ад працягласьці агоніі яго існаваньня. Тое таксама небясьпечна, бо агонія — гэта ёсьць разбурэньне дзяржавы. Антычалавечы рэжым не павінен быць.

Неабходна працягваць мірны пратэст і абавязкова — нацыянальна-асьветніцкую і палітычна-арганізацыйную беларускую працу. Трэба сьпяшацца.

4 сьнежань 2020 г. Зянон Пазьняк