Адбыўся Зьезд КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”

posted Feb 24, 2020, 12:17 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 24, 2020, 12:18 PM ]

22 лютага ў Менску адбыўся ХІІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (Партыі БНФ) і XIV Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Заля паседжаньня была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. У працы Зьезду ўзялі ўдзел 87 дэлегатаў з усяе Беларусі, прысутнічалі госьці. Зьезд пачаў сваю працу са сьпяваньня Гімну БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Потым удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчаньня ўсіх патрыётаў, якія пакінулі гэты сьвет за апошнія гады.

Зьезд заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” – Цяжкі час і задачы супраціўленьня” (публікуецца). Старшыня даў вызначэньне палітычнай прыроды КХП-БНФ як палітычнай арганізацыі, якая на аснове беларускіх традыцыных народных каштоўнасьцяў і на аснове хрысьціянскіх прынцыпаў і дачыненьняў між людзьмі арыентуецца на ўсё беларускае грамадзтва, веруючых і няверуючых, на ўсе групы насельніцтва, зьвяртаецца да ўсіх нацыянальных мяншынь, да ўсёй Беларускай нацыі. У сувязі з панаваньнем бяспраўя ў нашай краіне Партыя змагаецца ў цяжкіх умовах. Дзейнасьць канцэнтруецца ў асноўным на культурнай, мэмарыяльнай і інфармацыйнай справе, якую рэжым расцэньвае як небясьпечную для яго палітыку і робіць перашкоды па ўсіх пазыцыях. Усё гэта ўскладняецца пасіўным станам грамадзтва і значным вынішчэньнем грамадзянскай супольнасьці.

Адным з важнейшых напрамкаў, дзе Партыя прыкладае шмат намаганьняў, зьяўляецца абарона Курапацкай сьвятыні, на якую апошнія паўтара гады рэжым вядзе масіраваную атаку з мэтай зьнішчыць яе. Сябры Партыі вядуць ахвярную працу па ўшанаваньню іншых месцаў пакутніцтва нашага народа – напрыклад, у Хайсах каля Віцебска. Наша Партыя (і яе старшыня) актыўна спрычынілася да ліквідацыі падступнай афёры з пахаваньнем паўстанцаў 1863 г. у Вільні, калі пэўнымі асобамі таемна быў падрыхтаваны падпісны ліст да ўладаў Летувы, каб аддалі парэшткі Кастуся Каліноўскага ў Рэспубліку Беларусь. Гэтая дэмагогія была намі раскрытыкавана і адкінута. Мы накіравалі звароты да ўраду і Сэйму Летувы, і кампрамэтацыя пахаваньня паўстанцаў была спынена. Парэшткі іх былі з гонарам пахаваныя ў мэмарыяльнай капліцы на Росах у Вільні пры магутным удзеле патрыётаў Беларусі. “Яська гаспадар з-пад Вільні” разам з паплечнікамі спачыў у сваёй старажытнай сталіцы на сваёй старажытнай зямлі, за якую аддаў жыцьцё.

У сьнежні 2019 года наша Партыя прыняла ўдзел у пратэстах супраць афёры інтэграцыі з Расеяй, супраць беззаконьня і здрады кіруючай групы ўлады. Такія пратэсты былі неабходныя, каб грамадзтва і ўвесь сьвет зьвярнулі ўвагу на тое, якой подлай антынароднай палітыкай займаюцца кіруючыя асобы ў Маскве і Менску, гатовыя зьнішчыць нашу дзяржаву і краіну Беларусь дзеля сваіх асабістых інтарэсаў. Рэжым наладзіў паляваньне на пратэстантаў, кідаючы іх за краты і абдзіраючы грошы праз прыдуманыя велізарныя штрафы.

Дакладчык падкрэсьліў, што Масква пачала чарговы наступ на Беларусь, пад пагрозай незалежнасьць нашай дзяржавы. Па цынічнай, шматкроць дэманстраванай логіцы Масквы падвешаны кліент (Лукашэнка) павінен будзе сасьпець да здачы Беларусі ўзамен за сваё існаваньне. Цяпер неабходныя пратэсты, асьвета і мабілізацыя людзей супраць хунты антынароднай улады і супраць агрэсіі Масквы на Беларусь. Неабходна выключыць усялякія дзеяньні, якія б спрыялі рэжыму і працягу яго ўлады.

У сувязі з гэтым дакладчык зазначыў, што ўдзел у выбарах, арганізаваных рэжымам, – гэта спрыяньне антынароднаму рэжыму, увекавечваньне ягонай улады. Перакуліць фальсіфікацыйную машыну ва ўмовах бяспраўя можа толькі масавы няўдзел у фальшывых выбарах. Людзям проста ня трэба хадзіць галасаваць, бо ад іхняга галасаваньня тут нічога не залежыць. Схаваць пустыя ўчасткі ня ўдасца, якая б хлусьня тут ні была скарыстана. У сітуацыі пасіўнага байкоту народ ня йдзе на фальшывыя выбары, адмяжоўваецца ад рэжыму і не дазваляе ўладам тым самым трымаць людзей за дурняў. Узьнікае пэўная падстава для антырэжымнай кансалідацыі грамадзтва. Але самае істотнае, што ў гэтым выпадку фальсіфікацыйная машына дае збой і ня можа схаваць фальсіфікацыі на падробцы фрэквэнцыі галасаваньня. Прызнаць такія сфальшаваныя выбары немагчыма.

Паводзіны асобаў і палітычных структур, якія прадстаўляюцца апазыцыяй і заклікаюць ісьці на фальшывыя выбары, спрыяюць умацаваньню рэжыму і дэзарыентуюць людзей. Каб зьмяніць становішча, трэба забясьпечыць галоўную ўмову – Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах. Ён даўно ня мае на тое права. Тут задача нумар 1. Пасьля рэалізацыі гэтай задачы мусіць быць прызначаны новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі і адменена незаконнае так званае папярэдняе галасаваньне. Зразумела, што рух за вырашэньне задачы №1 мусіць стацца шырокім і прывесьці да рэвалюцыйнай сітуацыі. Толькі тады магчымыя перамены. Пытаньні аб няўдзеле Лукашэнкі ў выбарах, замены ЦВК і адмены папярэдняга галасаваньня павінны быць пастаўлены цяпер. Пачатак ініцыятывы і арганізацыйнай групы можа ўзяць на сябе наша Партыя (КХП-БНФ). Але сэнс будзе толькі тады, калі за справу возьмецца шырокая грамадзкасьць і прыйдуць новыя людзі, якім неабыякавы лёс нашага народа і нашай краіны.

У завяршэньні даклада Старшыня зазначыў, што цягам свайго злачыннага існаваньня рэжым разбурыў і зглуміў асновы нашага нацыянальнага жыцьця, культуры, адукацыі, эканомікі, разьвешаў, вобразна кажучы, мноства бомбаў над галовамі беларусаў, якія будуць выбухаць нават тады, калі рэжыма ня будзе. Самае небясьпечнае – гэта велізарная атамная бомба, падвешаная ў Астраўцы. Нашае грамадзтва і грамадзянская супольнасьць мусілі б ратаваць краіну па ўсіх накірунках разбурэньня, асабліва беларускую мову, школу, адукацыю, навуку, кіно, радыё і тэлебачаньне. Але зразумела, што толькі палітычныя перамены і рашэньні могуць зьмяніць абставіны. Мы як палітычная партыя абапіраемся на праграму “Вольная Беларусь”, да такіх пераменаў мусім імкнуцца і набліжаць добрую будучыню Беларусі і нашага народа.

З дакладамі выступілі таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту, сп. Уладзімер Раманцоў, сакратар Управы Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Антончык, сябра Сойму Партыі і Фронту.

Сп. Юры Беленькі распавёў пра дзейнасьць Партыі і Фронту за прамінулы пэрыяд. Сістэматычная асьветніцкая праца з насельніцтвам на працягу гадоў і дзесяцігоддзяў дае свой плён. Успомнім, якая крытыка абрыналася на нас пры згадцы, што “Расея – гэта вайна” або пра рускі імпэрыялізм. Цяпер гэтыя паняцьці сталі агульнапрынятымі ў інфармацыйнай і навуковай прасторах. Беларускі трыюмф у Вільні на разьвітаньні з нашымі героямі Паўстаньня 1863 года паказаў, што у беларусаў ёсьць змагарная патрыятычная эліта, якая яднаецца пад Бел-Чыраона-Белым Сьцягам. Менавіта вакол гэтай эліты павінен гуртавацца ўвесь наш народ у час цяперашніх цяжкіх выпрабаваньняў.

Сп. Сяргей Папкоў спыніўся на праблемах беларускай адукацыі і нацыянальнага выхаваньня дзяцей. Ён паведаміў, што ягоныя шматлікія сустрэчы і размовы з маладымі бацькамі сьведчаць аб тым, што беларусы падтрымліваюць ідэю беларускай школы, панаваньня беларускай мовы, разумеюць беспэрспэктыўнасьць дамінацыі расейскага сурагата ў нашай краіне. А вось асобы, адказныя за адукацыю ў навуцы і адміністрацыі, дэманструюць канфармізм і антынацыянальную дзейнасьць, выконваючы замову Масквы і мясцовага рэжыму на русіфікацыю і асіміляцыю беларусаў. Супраціў асіміляцыі павінен быць ужо цяпер, каб выратаваць нашых дзяцей.

Сп. Уладзімер Раманцоў зрабіў падрабязны навуковы даклад па праблеме Астравецкай АЭС. Ён прадэманстраваў шэраг фактаў і навуковых высноў, якія адназначна сьведчаць аб тым, што Беларусі не патрэбная гэтая расейская АЭС. Ядзерны аб’ект нясе толькі шкоду і сьмяротную небясьпеку для нашага народа і ўсяго рэгіёна Цэнтральнай і Паўночнай Эўропы.

Сп. Сяргей Антончык распавёў пра ўдзел нашых партыйцаў у падрыхтоўцы Кангрэса за незалежнасьць. Бальшыня ўдзельнікаў падрыхтоўкі Кангрэса падтрымала праграму фронтаўцаў па правядзеньні гэтага форума пад знакам абароны нашай краіны ад расейскай агрэсіі.

Са спавешчаньнямі выступілі таксама дэлегаты Зьезду з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра працу партыйных арганізацый, становішча на месцах і настроі людзей.

Зьезд абмеркаваў і прыняў наступныя дакуманты:

1). Мэмарандум “Аб абароне незалежнасьці”;

2). Заклік “Рух за выбары без Лукашэнкі”;

3). Зварот “Спыніць атамную сьмерць Беларусі”.

4). Заклік “Шануйце Беларускую мову”.

Былі праведзены выбары кіруючых ворганаў КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Старшынёй Партыі і Фронту быў абраны сп. Зянон Пазьняк. Намесьнікамі старшыні былі абраны сп. Юры Беленькі (выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі), сп. Сяргей Папкоў і Уладзімер Раманцоў. Быў абраны таксама новы склад Сойму з 33 чалавек.

На прыканцы паседжаньня Зьезду грамада прасьпявала нацыянальны беларускі Гімн “Магутны Божа”.

Пасьля гэтага было праведзена паседжаньне новага складу Сойму. Сойм абмеркаваў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.


Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

22 лютага 2020 г.