АДМЯНІЦЬ РАСЕЙСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ВУЧЭНЬНІ "ЗАХАД-2017" У БЕЛАРУСІ

posted Jun 23, 2017, 9:19 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 23, 2017, 9:19 AM ]

Заява ХІ Зьезду КХП – БНФ

На пачатак верасьня гэтага году са згоды пануючага рэжыму намечаныя расейскія вайсковыя вучэньні ў Беларусі. Для перавозкі расейскага войска ў Беларусь запатрабавана 4162 чыгуначныя вагоны. Экспэрты і разьведка замежных краін у адзін голас сьведчаць, што рыхтуецца вялікая перакідка вялікай колькасьці расейскіх войскаў у Беларусь і што на самой справе гэта будзе абазначаць акупацыю краіны пад выглядам вучэньняў. Ніхто з афіцыйных расейскіх асобаў не абвяргаў гэтыя заявы замежных экспэртаў. І толькі 9 чэрвеня г. г. расейскі амбасадар у Беларусі сп. Сурыкаў у насьмешлівай форме стаў абвяргаць довады экспэртаў, сцьвярджаючы, што ў Беларусь прыедзе толькі тры тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія пасьля "вучэньняў" вернуцца ў Расею.

Аднак вопыт гісторыі, прыклад агрэсіі супраць Украіны і сур'ёзнасць замежных экспэртыз не дазваляюць адносіцца з даверам да ратунковай заявы расейскага амбасадара.

Мы патрабуем адмяніць расейскія вайсковыя вучэньні "Захад-2017" у Беларусі. Расейскія войскі не павінны заехаць у Беларусь.

Мы таксама нагадваем усім жыхарам Беларусі і расейскім палітыкам, што, згодна Канстытуцыі Беларусі, беларусы павінны бараніць незалежнасьць, свабоду і суверэнітэт сваёй краіны, бо абарона Рэспублікі Беларусь ёсьць сьвяты абавязак грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

18 чэрвень 2017 г

Менск