22
студзеня 2019 г. адбыўся адміністрацыйны
працэс, арганізаваны камісіяй па
ідэалогіі, культуры і моладзі Менскага
раённага выканаўчага камітэта. На
працягу працэса і пасьля яго на тэрыторыі
перад будынкам Менскага райвыканкама
знаходзілася некалькі групаў асобаў у
цывільным, некаторыя зь іх вялі
відэаздымкі, у тым ліку ў той час, калі
запрошаныя журналісты вялі відэазапіс
інтэрв’ю з людзьмі. Калі журналісты і
грамадзяне запатрабавалі ў гэтых асобаў
прад’явіць дакуманты, адразу ж прыбыў
міліцэйскі патруль. Міліцыянты адмовіліся
выконваць патрабаваньне грамадзян і
правяраць дакуманты ў тых асобаў, што
вялі відэаздымкі без дазволу грамадзян.
Было зразумела, што тэма Курапатаў не
пакінула абыякавымі ўлады, і яны
забясьпечылі сябе спэцпадтрымкай і
дадатковай аховай.
Адміністрацыйная камісія праходзіла ў стылі абсурда, што выклікала сьмех прысутных у памяшканьні грамадзян, патрыётаў якія прышлі падтрымаць абвінавачаных. Усім кіравала не камісія, а сакратарка (!), якая не пісала пратакол, а заявіла, што “напіша яго потым”. Пасьля тэлефанаваньня старшыні адміністрацыйнай камісіі у памяшканьне ўвайшлі два міліцыянты і знаходзіліся там да канца працэсу. Таксама асоба, прадстаўленая як работнік райвыканкаму, праводзіла відэазапіс працэса. Супраць сп. Юрыя Беленькага, выканаўцы ў Беларусі абавязкаў старшыні КХП-БНФ, і сп. Валерыя Буйвала, сакратара Управы КХП-БНФ, былі высунуты абвінавачваньні ва ўстаноўцы “крестов”, а менавіта крыжа памяці летувісаў, расстраляных у Курапатах, без дазволу міністэрства культуры РБ. Сп. Беленькі, спасылаючыся на заканадаўства даказваў, што ўстаноўка крыжа на могільніку не зьяўляецца мастацкай дзейнасьцю, якая патрабуе нейкіх міністэрскіх дазволаў. Беларускі народ ставіць крыжы ў Курапатах ужо на працягу 30 гадоў, а па ўсёй нашай краіне за стагоддзі людзі паставілі і ставяць тысячы і тысячы крыжоў. Ён выказваў пратэсты супраць відавочных парушэньняў адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу, але камісія адхіляла іх і працягвала паседжаньне. Сп. Валеры Буйвал заявіў, што ня ўдзельнічаў ва ўсталяваньні “крестов”, а праходзіў у гэты час па дарозе ў Курапатах, што як сьведка пацьвердзіў сп. Ю. Беленькі. Камісія ў якасьці доказаў “адміністрацыйнага парушэньня” прадставіла пратаколы, складзеныя двума работнікамі “Лясгасу”, якія былі ў той час у Курапатах, і зробленыя імі відэаздымкі. Але абвінавачаныя заявілі, што на відэаздымках ёсьць толькі сюжэт аб тым, як людзі ідуць па дарозе ў Курапатах. Камісія не ўзяла пад увагу гэтыя заявы, адмовілася выклікаць на паседжаньне работнікаў “Лясгасу” і прыступіла да галасаваньня. Кожнаму з патрыётаў быў прызначаны штраф у 15 базавых заробкаў – 382 рублі. Было зразумела, што рашэньне аб пакараньні было прынята заранёў і не самой адміністрацыйнай камісіяй, а тымі, хто пакіраваў гэтай абсурднай дзеяй. Патрыёты заявілі, што будуць абскарджваць незаконны прысуд і зьвяртацца ў пракуратуру. Галоўныя высновы з гэтай падзеі наступныя. Рэжым уварваўся на тэрыторыю Народнага мэмарыялу ў Курапатах і абвясьціў тэрыторыю пахаваньняў “сваёй” не для таго, каб апекавацца магіламі і дапамагчы грамадзтву працягнуць справу ўвекавечваньня памяці бязьвінных ахвяраў расейскай акупацыі. Якраз наадварот, рэжым спрабуе зьнішчыць народную сьвятыню і разьлічвае зрабіць гэта ў некалькі этапаў. Зараз разгортваецца першы этап: перасьлед патрыётаў, якія даглядаюць магілы і ўсталёўваюць крыжы, – робіцца гэта, каб спыніць народнае рушэньне па стварэньні Народнага мэмарыялу. Таксама робіцца прэцэдэнтны выпадак: забарона ўсталяваньня крыжа ў Курапатах і выдаленьне (а, магчыма, што і зьнішчэньне) яго. Другім этапам рэжым плануе зьнішчэньне усіх крыжоў на магілах пакутнікаў (пад выглядам “належнага навядзеньня парадку”). Трэцім этапам рэжым мяркуе зьнішчэньне магіл і ператварэньне Курапатаў у парк або пабудову на гэтым месцы нейкіх будынкаў і іншых аб’ектаў. Беларусы не павінны дапусьціць рэалізацыі злачыннага плану Масквы, якая ўжо зьнішчыла безьліч масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага тэрору на тэрыторыі Расеі, а цяпер рукамі сваіх мясцовых паслугачоў распачынае зьнішчэньне Курапацкай сьвятыні. Людзі павінны ісьці ў Курапаты, каб ушаноўваць памяць пакутнікаў: ставіць крыжы на магілах, ускладаць кветкі, запальваць зьнічкі, бараніць Народны мэмарыял ад дзяржаўнага вандалізма. Імпэрыя Зла павінна пацярпець паразу ў гэтай, распаленай ёю гібрыднай бітве за нашу памяць, за нашых пакутнікаў, за сьвятыя крыжы.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
22 студзеня 2019 г.
|
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >