АДНАЎЛЯЮЦЬ ФАНТОМЫ СССР

posted Dec 29, 2016, 1:50 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 29, 2016, 1:50 PM ]

Апошнім часам у дзяржаўным і публічным жыцьці Беларусі ўсё часьцей адбываюцца рознамаштабныя дзеі, у якіх адчуваецца выразны акцэнт на абуджэньне “савецкай настальгіі” або “настальгіі па саўку”. То ў Барысаве ваенную прысягу прымаюць на вернасьць СССР, то вось невялічкая групка маладых “камуністычных актывістаў” наладзіла ў Менску нейкі флэш-моб пад чырвонымі сьцягамі і крычала-надрывалася “Я люблю СССР!”, “Репрессии – это неправда!” Некаторыя беларусы ( з ліку наіўных) пытаюцца ў Сеціве: “И куда только смотрят власти?!” Яны, мабыць, не зразумелі, што “власті” у асобе не каго-небудзь там, міністра абароны РБ, стаялі на трыбуне ў Барысаве і прымалі тую самую савецкую “прысягу”. Іншыя беларусы пытаюцца: “Дык як жа можна прымаць такую прысягу? Гэтай жа краіны няма!” І сапраўды, чаму такога не было нават пры саветах?

Адказ просты. І ў неіснуючым СССР і ў цяперашняй РФ сталіца тая ж – Масква. І прысягі прымаюцца на той жа самай мове – маскоўскай. Беларусаў, як сабачку акадэміка Паўлава, прывучваюць рабіць стойку, выдзяляць вернападданніцкую сьліну і інш. пры адной згадцы пра Маскву і “русскость”. Або як сказаў начальнік рэжыму: “Белорусы должны быть готовы умирать за Россию”.

“Камактывісты”, што гарланілі пра СССР каля помніка Леніну, усталяванага нядаўна насупраць Трактарнага завода, на самой справе ніякія не “актывісты”. Гэта свайго роду цітушкі, нанятыя прамаскоўскім васальным рэжымам для запаўненьня інфармацыйнай прасторы Беларусі штучным вэрхалам. У галовы беларусаў убіваецца, што трэба любіць СССР (са сталіцай у Маскве), што там “усё цудоўна”. Панаваньне маскальшчыны ў нашай акупаванай краіне дапамагае стварыць ілюзію матэрыялізацыі савецкага фантома ў сьвядомасьці нашага грамадзтва. Маскоўскія паліттэхнолагі прынамсі імкнуцца да гэтага. А беларусы ўсё наіўныя пытаньні задаюць.

Пара перайсьці да выгнаньня д’яблаў з нашай краіны. Пакуль беларусы будуць захоўваць вернасьць маскальшчыне, Масква не адчэпіцца ад нашага грамадзтва, будзе навязваць свой “Русский мир” і штурхаць нас на гераічную сьмерць за Расею. Паратункам ёсьць вяртаньне ў родную мову і культуру, вызваленьне ад русіфікатарскага акупанцкага сурагата.

Алесь Хадасевіч