АДРАДЖЭНЬНЕ

posted Sep 26, 2020, 11:25 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 26, 2020, 11:25 AM ]

У 1994 годзе, калі маскоўская агентура ва ўладзе і прамаскоўская камуністычная намэнклятура праціснулі праз савецкі электарат свайго стаўленьніка на прэзыдэнцкі пасад у Беларусі, то першым дзеяньнем акупацыйнай палітыкі антынароднага рэжыму стала ліквідацыя дзяржаўных беларускіх сімвалаў і дзяржаўнага ўжываньня беларускай мовы, якая была асуджана, фактычна, на забарону. Потым была ліквідавана беларуская школа, спаленыя беларускія падручнікі для школы, ліквідаваныя беларускія выдаведзтвы, газэты; радыё і тэлебачаньне пераведзеныя на акупацыйную мову. Так адбывалася ўнутранная акупацыя Беларусі.

Потым пачаліся рэпрэсіі і забойствы беларускіх палітыкаў, ліквідавана законная Канстытуцыя, зьнішчаная ўсходняя мяжа, забіты старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі і створана фальсіфікацыйная сістэма выбараў. Разбурана палітычная аснова беларускага Адраджэньня -- нацыянальна-дэмакратычны рух Беларускі Народны Фронт. Так была разгромлена беларуская свабода і краіна пагрузілася ў ноч антыбеларускага фашызму.

Праз 26 гадоў людзі, нарэшце, расплюшчылі вочы, калі пачалася эпідэмія каранавірусу Ковід-19, і ўзурпатар стаў адкрыта пляваць народу ў твар, зьдзекуючыся зь людзей і ня дбаючы пра іх ратаваньне ад каронавіруснай сьмерці.

Чашу цярпеньня перапоўніла нахабная фальсіфікацыя выбараў і прызначэньне сябе кіраўніком дзяржавы. Народ выйшаў на вуліцы і плошчы. І першае, што зрабілі беларусы, гэта вярнулі ў грамадзкае жыцьцё беларускія нацыянальныя сімвалы -- Сьцяг і Гэрб.

Гісторыя ў каторы раз пацьвярджае, якое вялікае значэньне маюць для нацыянальнага існаваньня і нацыянальнага адраджэньня гістарычныя сімвалы нацыі. Тое, з чаго лукафашызм пачаў зьнішчэньне свабоды народа, тое найперш узьнялося цяпер, калі зноў пачалося беларускае адраджэньне на шляху да свабоды.

Наступным крокам адраджэньня ў барацьбе з фашызмам павінна стаць мова -- наша вялікая прыгожая Беларуская Мова. За 26 гадоў разбурэньня нацыі рэжым русіфікаваў моўнае асяроддзе і дзяржаўныя камунікацыі. Але людзі ведаюць, што яны беларусы і што мова іх ёсьць беларуская. Цяпер трэба спрыяць яе адраджэньню, пашырэньню, падтрымліваць моладзь, якая імкнецца да сваёй мовы, патрабаваць беларускай школы, шанаваць усё сваё беларускае, сьветлае, высокае і сьвятое.

Паступова беларусы вернуць сабе сваю мову, і раптам тады зразумеюць, што наша мова -- гэта ёсьць наша найвялікшая зброя ў абароне волі, свабоды, незалежнасьці, эканомікі і культуры, і ўсіх нас у гэтай любімай нашай краіне на гэтай любімай нашай зямлі.

26 верасень 2020 г.                         Зянон ПАЗЬНЯК