АГЛЯД

posted Sep 17, 2020, 1:13 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 17, 2020, 2:26 PM ]
(Ліст да сяброў КХП – БНФ)

26 гадоў цёмнага антыбеларускага рэжыму паказваюць, што галоўнай прычынай унутранай акупацыйнай палітыкі была і ёсьць Расея. Лукашэнка -- гэта прыдатны для Расеі сатрап з беларусафобнай псіхікай нянавісьці да беларусаў, беларускай мовы і культуры.

Імпэрская роля Расеі асабліва стала небясьпечнай для Беларусі, калі да ўлады там ў 2000-м годзе прыйшоў КГБ і яго карпаратыўны стаўленьнік В. Пуцін.

Планы і прыёмы расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі былі ўсялякія, але нязьменнай заставалася пэрспэктыва захопу (аншлюсу) Беларусі, і ў сувязі з гэтым -- зьнішчэньне Беларускай мовы. Прытым, насаджэньне нянавісьці да Беларускай мовы і зьнішчэньне яе ёсьць для Расеі галоўным, бо зразумела, што пры дзяржаўным існаваньні Беларускай мовы аншлюс немагчымы.

У 2019 годзе пазыцыі Пуціна ў Расеі пагоршыліся. Для паправы становішча, каб падняць прэстыж Пуціна, быў узяты рэзкі курс на інтэграцыю Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Эпідэмія каронавіруса Ковід-19, якая пачалася неўзабаве, прыпыніла актыўнасьць Масквы. Увагу пераключылі на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. У Крамлі ўзьнік план замены Лукашэнкі на больш прадказальную асобу, прыдатную для правядзеньня аншлюсу. Таксама была пастаўлена задача стварыць ў Беларусі прамаскоўскія партыі і прамаскоўскіх палітыкаў. У планах былі задзейнічаны Газпрам і ФСБ. Так зьявіліся на паверхні банкір В. Бабарыка, гэбіст В. Цапкала і прамаскоўская выбарчая група Газпрама, якая карысталася прадэмакратычнай фразеалогіяй.

Беларускія нацыянальныя сілы былі выключаныя з выбарчай кампаніі. Выбарчы канфлікт разыграўся паміж прыўладнай групай Лукашэнкі і групай Газпрама-ФСБ. Лукашэнка, карыстаючыся, як заўсёды, незаконнымі прыёмамі, не дапусьціў кандыдатаў Газпраму-ФСБ, да выбараў.

Але падзеі прынялі нечаканы для рэжыма паварот. Групоўка ФСБ-Газпрама ўзяла пад сваю апеку і фінансаваньне вольнага кандыдата, выпадковую асобу ў палітыцы Сьвятлану Ціханоўскую і, скарыстаўшы антылукашэнкаўскі настрой грамадзтва ("абы не Лукашэнка"), пасьпяхова раскруцілі пад гэты настрой кандыдатуру Ціханоўскай, якая стала электаральнай альтэрнатывай Лукашэнку. Бальшыня галасавала за яе. Лукашэнка, як звычайна, сфальсіфікаваў выбары, напісаўшы сабе больш за 80 адсоткаў галасоў.

Гэтае нахабства, цынічнае напляваньне на настрой народа ўзарвала беларускае грамадзтва, у якім накапілася непрыняцьце асабіста Лукашэнкі і яго антыбеларускай палітыкі. Пачалася нацыянальная рэвалюцыя, якая ёсьць на справе працягам нацыянальнай рэвалюцыі 1988-1991 гадоў, калі беларусамі была здабыта незалежнасьць краіны, але не здабыта ўлада. Як і ў 1988-91 гг., народ выступіў пад нацыянальнымі беларускімі лёзунгамі і нацыянальнымі беларускімі сімваламі.

Без перабольшаньня скажу, беларуская маніфэстацыя выклікала сапраўдны завал сьвядомасьці і паніку ў Маскве. Планы памяняць Лукашэнку тут жа спыніліся. Пуцін стаў ратаваць Лукашэнку (прызнаў яго "перамогу" на выбарах, "легітымнасьць" і г. д.).

Праблематычным стала і непасрэднае ваеннае ўмяшаньне Расеі ў беларускія справы, бо стала зразумела, што ўзьнікне нацыянальны супраціў, вынікі якога цяжка прадбачыць. Пуцін дэманстратыўна адклікае ваенна-паліцэйскія рэзэрвовыя сілы з-пад усходняй мяжы Беларусі і дае Лукашэнку крэдыт у паўтары мільярды даляраў (на задушэньне рэвалюцыі, трэба разумець). Варыянты паводзінаў Масквы пастаянна зьмяняюцца. Але выкрышталізоўваецца такі ўзгоднены з Лукашэнкам падыход, зразумелы для заходніх філісьцераў у палітыцы і калабарантаў у Беларусі.

Згодна маскоўскіх планаў, парадак такі. Лукашэнка рыхтуе "канстытуцыйную" рэформу, грамадзкую думку дураць чарговай "лібэралізацыяй". Праз два гады прымаюць новую лукашысцкую канстытуцыю, і абавязкова на рэфэрэндуме (што ў канстытуцыйным працэсе недапушчальна). Потым па новай "канстытуцыі" (дзе будуць унесеныя палажэньні аб "союзном государстве" і "сьвязі" з Расеяй) праводзяцца выбары прэзыдэнта, а затым -- парляманта. Дзеля гэтай схемы, якая паціху запускаецца ў сьвядомасьць, Масква ўжо спрабуе ствараць у Беларусі прарасейскія партыі, выкарыстоўваючы калябарантаў (групу ФСБ-Газпрама) і інш.

Лукашэнка на гэта пагаджаецца і адначасна гробіць некаторыя планы Масквы на корані. Выдаліў, напрыклад, за мяжу (у Польшчу) двух калабарантаў з так званай "каардынацыйнай рады". Ва Ўкраіну выдаліў праз мяжу з той жа "каардынацыйнай рады" двух агентурных суб'ектаў і яшчэ двух пасадзіў за краты. Словам, учыніў "другу" Пуціну пагром, які той вымушана глытае, крыва ўсьміхаючыся. Усё гэта паказвае на няпростыя паводзіны ў маскоўска-лукашысцкім і маскоўска-антылукашысцкім лагерах, але генэральная лінія Масквы не мяняецца.

Першым чынам, і Масква, і Лукашэнка зацікаўленыя ў тым, каб зьбіць напал беларускай мірнай рэвалюцыі, і потым ціха яе душыць, гаворачы пра свой "канстытуцыйны працэс".

* * *

Пазыцыя руху "Вольная Беларусь", які фармуецца і які абапіраецца на народную рэвалюцыю, дыямэтральна супрацьлеглая па сутнасьці і па схеме.

Першым чынам мусіць быць ліквідаваная ўлада Лукашэнкі і прысутнасьць яго ва ўладзе. Гэта ёсьць патрабаваньне рэвалюцыі. Без адхіленьня Лукашэнкі ад улады ніякія дзеяньні немагчымыя і ня маюць сэнсу. Тым больш, што ні пры якіх абставінах Лукашэнка уладу не аддасьць, бо ён замазаны ў злачынствах і ў крыві. (Наіўным асобам трэба забыцца пра словы трансфэр улады, дыялог, перамовы і т.п. Магчымы толькі арышт злачынцы).

Пасьля адхіленьня Лукашэнкі ад улады аўтаматычна вяртаецца сапраўдная Канстытуцыя 1994 года і аб'яўляецца крымінальным злачынствам лістападаўскі дзяржаўны пераварот 1996 года, які адкінуў законную Канстытуцыю.

На падставе Канстытуцыі 1994 года адбываюцца выбары парляманту і затым -- прэзыдэнта Беларусі. Праз год парлямант можа вызначыць новы канстытуцыйны статус прэзыдэнта.

Новыя ворганы ўлады праводзяць дэмакратычную, заснаваную на законах і праве палітыку ў інтарэсах Беларусі і беларускай нацыі.

* * *

Асобнай тэмай у нашым разглядзе стаіць пытаньне аб ролі Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьвятлана -- чалавек выпадковы ў палітыцы. Ад пачатку была па-за межамі палітычных падзелаў і арганізацыяў, была абыякавай да ўлады Лукашэнкі і да лёсу Беларусі. Матывацыя яе ўдзелу ў выбарах не палітычная, але адкрыта авантурная. Яна (як заяўлена) ішла на выбары быццам бы "дзеля каханьня", для таго, каб вызваліць мужа з турмы, куды яго незаконна ўкінуў Лукашэнка.

Адсутнасьць палітычных поглядаў, нацыянальнай пазыцыі і вопыту сталі прычынай таго, што яе выкарысталі як тэхнічнага кандыдата асобы з групы Газпрама-ФСБ. Пры гэтым яны распапулярызавалі і ўзьнялі яе імідж у выбарчай кампаніі сярод электарату, які гатоў быў галасаваць хоць за каго, абы не за Лукашэнку.

Пры ўскладненьні абставінаў гэтыя ж асобы (канкрэтна М. Калесьнікава і М. Знак) здалі яе пад прэс КГБ, у выніку чаго Сьвятлану зь яе вымушанай згоды дэпартавалі ў Летуву.

І вось тут узьнікаюць складаныя дачыненьні і пытаньні адносінаў да гэтай асобы, пра ўзровень думак якой нічога не было ведама. Тым часам групоўка Газпрама-ФСБ працягвае на яе ўплываць.

Ціханоўскую зьмясьцілі пад нагляд спэцслужбаў Летувы (пад выглядам аховы). Найбольш імкнуцца на яе ўплываць прадстаўнікі Польшчы, Летувы і афіцыйнага Эўразьвязу. Зь Беларускага боку -- функцыянеры АГП.

Гэтыя ўплывы выклікалі шэраг яе супярэчлівых заяваў, на якія складана сур'ёзна рэагаваць, ня ведаючы яе самастойнай пазыцыі.

Пры ўсёй авантурнасьці зьяўленьня Ціханоўскай у палітыцы і непадрыхтаванасьці, відаць, тым ня менш, яе станоўчыя якасьці: нешматслоўнасьць, думаньне над тым, што кажа, асьцярожнасьць у выказваньнях.

Адначасна фіксуецца на слых поўная адсутнасьць веданьня і разуменьня базавых асноваў нацыянальнай палітыкі, асабліва -- значэньня нацыянальнай мовы дзеля свабоды і культуры нацыі, адсутнасьць разуменьня ролі расейскага і заходняга чыньнікаў для Беларусі і нават нежаданьне гэтыя чыньнікі зразумець. Агрэхі лукашысцкай антыбеларускай падрэжымнай адукацыі наклалі адбітак на многіх людзей.

Ня думаю, што крыніцы, якія імкнуцца ўплываць на Ціханоўскую, здолеюць нешта істотнае абазначыць і нечага дасягнуць з прычыны абмежаванасьці яе магчымасьцяў. Патэнцыял альтэрнатывы рэжыму можа раскрыцца толькі ў нацыянальнай палітыцы. Па-за ёй -- пустата альбо шкодная мішура.

Нешматслоўнасьць і стрыманасьць Ціханоўскай не дазвалялі выявіць сьветапоглядную сутнасьць гэтай асобы. Але ўскладненьне абставінаў і неадэкватнае ўспрыняцьце самой сябе рана ці позна мусілі б паказаць, што за Ціханоўская зьявілася на хвалі электаральнага папулізму і нянавісьці да ўзурпатара Лукашэнкі.

Так яно і сталася. Раскрылася цэлая група.

Усіх вывелі на чыстую ваду тэставыя ацэнкі пра двух забойцаў і ўзурпатараў -- Пуціна і Лукашэнку. На тэставае пытаньне "чый Крым?" Сьвятлана адмовілася адказваць. На "Крыме", між іншым, пагарэлі Бабарыка, Цапкала і два агенты з так званай "каардынацыйнай рады", якія выехалі ва Ўкраіну. На тэсьце пра Пуціна і Лукашэнку разгромна пагарэла Калесьнікава, якая сказала, што Лукашэнка "заслужыў сабе годны адпачынак. Ён жа ні ў чым не вінаваты!" і што "Пуцін -- чалавек, у чыёй чэснасьці мы ня можам сумнявацца." Жонка Цапкалы штабістка Вераніка, таксама заваліла тэст, сказаўшы шчырае глупства, што "калі б Пуцін заняў пазыцыю народу Беларусі, то быў бы нацыянальным героем".

Цяпер гэтае скандальнае гэбоўскае шчыраваньне Веранікі падтрымала Сьвятлана, адзначыўшы, што пагаджаецца з гэтымі яе словамі "абсалютна" і дадала, што "ў Пуціна гэта было б вельмі мудрым рашэньнем мудрага кіраўніка, прынамсі, з гледзішча беларускага народу. Ды і расейскага таксама."

Такое прызнаньне Ціханоўскай украінскаму Інтэрнэт выданьню lb.ua можна было б яшчэ апраўдаць слабым думаньнем, неразуменьнем таго, што кажа і т. п. Але яе цынічныя заявы пра гарантыі бясьпекі Лукашэнку пры мірным яго зыходзе ад улады, і абяцаньне "нават больш", чым гарантыі, высьвятляюць гэтую асобу цалкам і пераклікаюцца з панегірыком Калесьнікавай пра Лукашэнку.

Стыль выказваньня аб "гарантыях" і неадэкватная ацэнка сябе таксама ўражваюць. "Асабіста я, -- кажа Ціханоўская, -- павінна гаварыць за ўсіх людзей. І думка ўсіх людзей будзе ўлічвацца".

Сьведчаньне, што Ціханоўская засталася цалкам у прапуцінскай групе Газпрама-ФСБ, цяпер пацьверджана ў яе ацэнках і словах. Зразумела таксама, чаму яна так старанна ўнікае размаўляць па-беларуску.

Але бянтэжыць іншае. Тое, што Сьвятлана трапіла не ў сваю талерку -- гэта паўбяды. Палітыцы можна падвучыцца. Чалавек, які йшоў на выбары прэзыдэнта (хай сабе і дзеля мужа) павінен быць маральна падрыхтаванай асобай, з пачуцьцём справядлівасьці, і пажадана -- эмпатыі, з адчуваньнем болю за людзкія пакуты і з перажываньнем за сьмерць, з маральнай адказнасьцю за словы. Калі такога няма, то лепш трымацца далей ад людзкіх лёсаў і ад любой улады.

Зразумела, што "гарантыі" Ціханоўскай – гэта недарэчныя, пустыя словы. Можна б было не зьвяртаць увагі, калі б яна ня ўдзельнічала ў выбарах. Але калі ўдзельнічала, -- тут іншы статус. Тут засьведчана немаральная пазыцыя, гандлярскія ўяўленьні пра гарантыі бясьпекі для сэрыйнага забойцы-Лукашэнкі, які забіў, замучыў дзясяткі беларусаў, па якім даўно плача турма, а па справядлівасьці -- гільяціна. Чалавек можа дараваць бандыту толькі за свае пакуты, але не за чужыя і казаць дазволена за сябе, але не "за ўсіх людзей".

Нарэшце, усе яны, уся гэтая шабашная прапуцінская групоўка, выявілася, абазначылася слоўна і пазыцыйна. Унесена поўная яснасьць у прапуцінскія іх паводзіны. Аднак, тут сьведчаньне банкруцтва. Нічога ў іх ужо не атрымаецца. Як зрэшты і ў Лукашэнкі, якому Пуцін 14-га верасьня даў два месяцы, каб расправіцца з рэвалюцыяй. Але паглядзім хто з кім "расправіцца".

У беларусаў зьявіліся вялікія магчымасьці салідарна арганізавацца і перамагчы. Мусім іх рэалізаваць. Такая задача стаіць перад кожным беларусам.

17 верасень 2020 г.                                         Зянон Пазьняк