АГРЭСІЯ СУПРАЦЬ ЖЫВЫХ І МЁРТВЫХ

posted Jul 13, 2018, 10:58 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 13, 2018, 10:59 AM ]

(З выступу на ліпеньскім Сойме 2018 г. КХП--БНФ і БНФ "Адраджэньне")

... Цяпер на вачах усяго грамадзтва адкрыта разьвіваецца правакацыя пад назвай "Бульбаш-хол" у ахоўнай зоне Народнага Мэмарыяла Курапаты. Мяркую, што ўжо нават людзям, далёкім ад праблемаў Народнага Мэмарыялу, стала зразумелым, што разбудова забаўляльнага рэстарана ў ахоўнай зоне Курапатаў прадыктавана палітычнай агрэсіяй Масквы. Прадпрыймальніцтва і бізнэс тут ні пры чым. Прыбытак не прадугледжаны. У аб'екта іншае прызначэньне -- быць язвай для Народнага Мэмарыялу, сварыць людзей і дэсакралізаваць сьвятое месца памяці пра генацыд, правакаваць скрайнія дзеяньні ў выніку абурэньня кашчунным фактам існаваньня такога атракцыёна ў мэмарыяльнай зоне магільніка.

Трэба адзначыць, што бестэрміновае пікетаваньне кашчуннага аб'екта, арганізаванае з ініцыятывы Паўла Севярынца, стварыла інфармацыйную нагоду для раскрыцьця сутнасьці правакацыйнай афёры. Культурнае грамадзтва асудзіла брыдкія паводзіны ўлады і бізнэс авантурыстаў у дачыненьні да нацыянальнага нэкропаля Курапаты.

Сябры нашай партыі падтрымалі пікетаваньне і прынялі ў ім ўдзел. Тым часам узьнікла пытаньне аб мэтазгоднасьці там нашага ўдзелу ў суваязі з высьвятленьнем разбуральных намераў рэжыму супраць Народнага Мэмарыялу Курапаты.

Назіраньні і аналіз прыводзіць нас да высновы, што існуе пэўны план у тых, каму замінаюць Курапаты. Язва «Бульбаш-хол існуе таксама, каб адцягваць сілы ад Курапатаў і зьменшыць працу па ўпарадкаваньні Народнага Мэмарыялу у той час, калі цёмныя сілы рыхтуюць удар па Мэмарыялу. Міліцыя наладзіла сачэньне за Аляксандрам Чахольскім, нават склала на яго завочна фальшывы пратакол аб парушэньнях, тады, калі ў сапраўднасьці парушэньняў не было.

На Паліткамітэце было абмеркавана гэтае пытаньне і сфармуляваныя прапановы на разгляд Сойму. У гэтай сітуацыі трэба асноўную працу Мэмарыяльнай Камісіі Партыі і Грамадзкай Дырэкцыі Народнага Мэмарыяла сканцэнтраваць на мэмарыяльным комплексе. Спадар Чахольскі адказны за гэтую працу. Дзейнасьць яго мусіць быць там, у Курапатах.

У пікетаваньні незаконнага рэстарана нашым сябрам трэба ўдзельнічаць. Дзеля гэтага сфармаваць групу асоб. Акрэсьліць мэтад яе дзейнасьці ў традыцыях Беларускага Народнага Фронту. Павінен быць датрыманы належны цьвёрды этычны ўзровень, не дапускаць скандалаў, быць стрыманымі. Цярпліва з павагай тлумачыць людзям сутнасьць зьявы, інфармавць пра зьмест Курапатаў, пра кашчунства пабудовы забаўляльнага рэстарана ў ахоўнай зоне магільніка, мусіць быць шматузроўневая інфармацыя. Калі асоба, нягледзячы на інфармацыю і размову, захоча ехаць у рэстаран, -- трэба прапускаць. Тут антымаральны выбар той асобы. Няма сэнсу яе затрымліваць. Задача нашай дзейнасьці, каб людзі самы зразумелі чаго нельга рабіць.

Паперы і інфармацыю ня клеіць на плот рэстарана. Запісываць кантакты на відэа. На правакацыі не паддавацца, але спыняць рашуча. Інструкцыі будуць вусна. Гэта адказная справа.*


Другое пытаньне. Частка асоб з прагматычнымі ўяўленьнямі прапанавалі гандлярскія перамовы з уласьнікамі рэстаран-атракцыёна. Прапановы ў перамоўцаў розныя: ад безумоўнай ліквідацыі незаконнага аб'екта да рэкамэндацыі прадаць яго альбо перадаць пад мэмарыяльны музэй Курапатаў.

Удзельнічаць у такіх перамовах нашай партыі нельга. Ёсьць Прадпісаньне Генэральнай пракуратуры аб парушэньні закону забудоўшчыкамі і аб самавольным захопе зямлі. Тут крымінал. Весьці перамовы з такімі асобамі (што незаконна набылі ўласнасьць) аб лёсе гэтай незаконна набытай уласнасьці будзе азначаць змову з крымінальнымі парушальнікамі аб супольным разьмеркаваньні ўкрадзенага. Ніякіх перамоваў трэціх асобаў з крыміналам тут ня можа быць. Мусіць быць толькі адно патрабаваньне да ўладаў Менскай вобласьці -- выканаць Прадпісаньне Генэральнага пракурора і ліквідаваць незаконныя пабудовы ля Курапатаў.

Можа быць таксама зварот у Сьледчы камітэт правесьці рассьледваньне на прадмет парушэньня закона ўсімі суб'ектамі гэтай справы (незаконны захоп зямлі, маніпуляцыя ахоўнай зонай пасьля выяўленьня злачынства і інш.).

Цікава, што дырэктар Бараўлянскага лясгаса Аляксандар Мірановіч агучыў нешта такое, што ён, магчыма, недзе сярод начальства пачуў. Цытую па відэа-запісу: "Калі гэтыя землі (гэта значыць Курапаты) не адыйдуць пад гісторыка-культурную каштоўнасьць "Музэй", тады ўсе сымвалічныя крыжы будуць дэмантаваныя. Будзе пакінуты толькі помнік, які фіксуе факт, што гэтае месца зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Гэтыя крыжы не ўзаконеныя".

Спадар Мірановіч раскрыў сакрэты Полішэнэля аб тым, чаго рэжыму хочацца. Але ўголас ніхто з чыноўнікаў яшчэ такога не прамаўляў. Між іншым, добра б было накіраваць да дырэктара журналістаў, каб тыя спыталі, адкуль у яго такія зьвесткі пра "гісторыка-культурную каштоўнасьць музэй". Гэта ж зразумела, што ня ён сам прыдумаў. Курапаты ёсьць даўно гісторыка-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Дарэчы, ўсе крыжы Народнага Мэмарыялу рэальна «ўзаконеныя» (санкцыяваныя) ўладамі, пачынаючы з 1989 года (устаноўка Крыжа пакуты на Дзяды), узгодненыя навукова-мэтадычным кіраўніцтвам помніка і нават асьвечаныя сьвятарамі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў. Выпадак, які меў месца нядаўна з ініцыятывы пікетоўцаў рэстарана «Поедім-поедім», датычыў замены некалькіх струхлелых крыжоў на новыя (што цалкам ў рэчышчы канцэпцыі Мэмарыяла як жывой памяці).

Рыторыка галоўнага «лясьніка» стасоўна кладзецца на калгаснае палітыканства начальніка рэжыму, які ад нянавісьці да Курапатаў даў загад пабудаваць там помнік («часовенку какую-нібудь»), каб залезьці і разбурыць Народны Мэмарыял («і закрыть вопрос»). Адначасна з прычыны безадказнасьці паранаідальнай ўлады ў ахоўнай зоне Курапатаў пабудаваны гэты рэстаран бардэльнага тыпу. Зразумела, што вярстаюцца злыя планы прафанацыі і зьнішчэньня Курапатаў. Рашэньне Сойма КХП-БНФ аб падзеле прыярытэтаў працы ў дачыненьні да Курапатаў будзе своечасовым.


Зьвесткі, якія я тут паведамляю, сябрам Сойму, у каторы раз сьведчыць, што ў аснове нашай беларускай свабоды ляжаць Курапаты. Увесь час і па сёньняшні дзень Курапаты былі і надалей мусяць заставацца прыярытэтам нашай справы і нашай дзейнасьці. Тут вельмі шмат значыцца для Беларусі.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

8 ліпеня 2018 г.                                          Зянон ПАЗЬНЯК

--------------------------------------------------------

* Вечарам пасьля рашэньня Сойму, які адбываўся ў Менску, стала вядома што дзяжурства ля ўезду ў рэстаран прайшло ў этычных традыцыях Фронту і дало станоўчыя вынікі. Ад Сойму выдзелілі трох чалавек са сьцягам, да якіх далучыўся яшчэ адзін валанцёр. Пры такім раскладзе (выключэньні фізічных сутычак) мінімальна будзе дастаткова група ў 5-6 асоб. Для грамадзкага эфэкту пратэсту пажадана значная маса арганізаваных людзей. Салідарна важна каб гэта былі валанцёры. У прынцыпе сытуацыю можна пераламаць, калі з пратэстам будуць прыходзіць сотні людзей. Калі прыдуць тысячы – праблема перастане існаваць. Сітуацыя якая цяпер існуе – гэта незажываючая язва з непрадказальным вынікам.