Агрэсіўная дэманстрацыя маскоўцаў на памежнай станцыі

posted Aug 27, 2018, 8:08 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 27, 2018, 8:08 PM ]

Незвычайыя падзеі адбываюцца на беларуска-расейскай мяжы. Замежнікі афармляюць у сваіх краінах візы ў Беларусь і на Расею, усе дакуманты ў парадку. Прыязджаюць у Беларусь. Купляюць у Менску квіток на цягнік у Пецярбург. Ніхто нідзе іх не папярэджвае. Толькі пры пасадцы ў вагон правадніца кажа, што “калі што не ў парадку, то вас высадзяць”. Але ж усё ў парадку.

На першай расейскай памежнай станцыі Азярышча ў цягнік уваходзяць расейскія афіцэры-памежнікі і правяраюць дакуманты толькі ў замежных грамадзян (у тым ліку з СНД), у астатніх наогул не правяраюць пашпарты. Людзям кажуць: “Вы можаце прыбыць на тэрыторыю РФ толькі самалётам. Вы парушылі правілы”. І высаджваюць. Зьбіраюць на пэроне групу з такіх бедалаг, зьнятых з некалькіх цягнікоў (з маім італьянцам іх было 17 чалавек), саджаюць у аўтобус і вязуць у Нэвель (Нэвель цяпер у межах Расеі). Там завозяць за калючы дрот на спэцтэрыторыю (нешта кшталту невялікага фільтрацыйнага лягеру), зачыняюць на ключ у большым памяшканьні. Некаторыя бьюць кулакамі ў дзьверы і крычаць – ніякай рэакцыі. Трымаюць там некалькі гадзін, потым афармляюць штраф (30 даляраў), які трэба будзе аплаціць у РФ. Піць і есьці не даюць. Людзі скідваюцца ў Нэвелі на таксі і едуць назад у Менск. Купляюць квіток на самалёт. У нашым Нац. аэрапорце няма ніякіх праблем. Я пытаюся на кантролі: “А дзе будуць іхнія пашпарты правяраць?” Асоба кажа: “У нас союзное государство, паспортного контроля нет…” Чалавек усё ж даляцеў да Піцера.

Ну і што гэта такое? Яно дзейнічае толькі самым апошнім часам. Можа маскоўцы не зацікаўленыя, каб замежнікі бачылі з вагона іхнюю мяжу і што там робіцца? А можа гэта правакацыя-помста за санкцыі? Каб расказвалі дома, які Пуцін строгі, як ён умее. Магчыма, што гэта ёсьць наступны этап самаізаляцыі РФ. Але адно зразумела цалкам: гэта ёсьць выразная агрэсіўная дэманстрацыя.

16.08.2018,  В.Б.