ЯКАСЬЦЬ УЛАДЫ І ЯКАСЬЦЬ ГРАМАДЗТВА

posted Jul 28, 2021, 8:05 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 28, 2021, 8:05 AM ]
(Кароткія зацемкі)
Складвецца ўражаньне, што гісторыя прыходу Лукашэнкі да ўлады некаторых беларусаў нічаму не навучыла. Псіхалагічная прычына адна -- безадказнасьць. І прычына безадказнасьці таксама вядомая. Гэта адсутнасьць адчуваньня прыналежнасьці да нацыянальнай сям'і (да нацыі). Адпаведна і адсутнасьць дбаньня пра нацыянальныя інтарэсы, пра будучыню нацыі, пра свой нацыянальны дом (дзяржаву і кіраўніцтва).
Савецкая псіхалогія ("савок"), заснаваная на адлучэньні ад прыватнай уласнасьці і на сацыяльнай безаблічнасьці, была вытворнай ад дэнацыялізацыі грамадзтва. Дэнацыялізаваная асоба становіцца аб'ектам палітычных маніпуляцыяў. Дэнацыялізаванае грамадзтва ператвараецца ў масу, якой могуць маніпуляваць у антынацыянальных інтарэсах.
У 1994 годзе маніпулятыўны лёзунг "абы ня Кебіч" быў праглынуты апалітычным насельніцтвам без разваг і сыграў злавесную ролю. Абяцаньне мінімальнага дабрабыту і ўраўненьне па беднасьці, як пры СССР (маўляў, насуперак разбагацелым нуворышам і карупцыі), было ўспрынята. Масавы электарат не цікавіла паходжаньне Лукашэнкі, яго адносіны да Беларусі, да нацыі, да Бога, да культуры і нацыянальнай будучыні краіны. Электарат не цікавілі адносіны Лукашэнкі да сям'і, да жонкі (якую ён пакінуў), не цікавілі яго крымінальныя адносіны да калгасьнікаў, нарэшце, электарат наўпрост аказаўся няздоольным заўважаць псіхічныя адхіленьні прэтэндэнта, яго ілжывасьць і махлярства, цемрашальскія разважаньні пра нацыянальную мову і нацыянальныя каштоўнасьці, хаця ўсё было на паверхні. Глядзелі -- і наўпрост ня бачылі, слухалі -- і ня чулі, не хацелі ўбачыць, што перад імі хворая, ілжывая асоба, хам і нягоднік, вораг нацыі. І так парцягвалася 26 гадоў.
Апамяталіся толькі ў пачатку 2020-га, калі ўзьнікла эпідэмія каранавірусу, калі сталі паміраць людзі і ўсе ўбачылі, што вар'яту, якому яны дазволілі абсалютную ўладу над сабой, пляваць на іхняе жыцьцё, здароўе і існаваньне.
Эпідэмія саўпала з фальшывымі выбарамі. Пачаліся масавыя пратэсты. Уключылася Масква са сваімі кандыдатамі (Бабарыка, Цапкала) і выбарчымі планамі (Ціханоўская), зьявіўся лёзунг: "Абы не Лукашэнка!". І ўсё пайшло па кругу, быццам і не было 26-ці гадоў сьлепаты, вар'яцтва і нацыянальнага вынішчэньня. На паверхню ўсплыў новы "савок", які зноў спадзяецца на свае ілюзіі: хто на Захад, хто на Маскву ды на жаданьне паставіць над сабой новага лепшага пана.
Даведзеныя да адчаю злачынствамі антынацыянальнага рэжыму шмат хто (магчыма, нават бальшыня) ня могуць уявіць, што маскоўскі варыянт Бабарыкі, увезены на плячах Ціханоўскай, можа аказацца для будучыні Беларусі ў канцовым варыянце яшчэ горшым, чым рэжым калгаснага вырадка. Гэта цяперашнім людзям (як некалі іхным бацькам) немагчыма зразумець. Але пазьней, калі ўбачаць рэчаіснасьць, іхні лямант нікому ня будзе патрэбны.
Сьвятое месца ня будзе пуставаць. Калі душа пакідае Бога, яна ня стане парожняй. Туды прыйдзе іншы, што ня будзе любіць Бога, і пакіруе душой. Калі ў грамадзтве нішчаць сваё, яго заменіць чужое.
Выхад з заганнага кола -- зварот да свайго, да нацыянальнага адраджэньня, да сваёй мовы, культуры, да свайго парадку і галоўнае -- да свайго беларускага думаньня, да сваіх ідэй.
Будучыня нацыі залежыць цяпер ад хуткасьці і эфэктыўнасьці яе нацыянальна-культурнага і палітычнага адраджэньня. Гэта кажацца цяпер, калі ў Беларусі шалеюць рэпрэсіі супраць беларусаў, арышты і перасьлед, разбурэньне ўсяго беларускага, зьнішчэньне беларускай грамадзянскай супольнасьці. Адбываецца гібрыдны генацыд. Рэжым распачаў фізічную паліцэйскую вайну супраць беларусаў. Ахвяры вялікія. Але не забывайма, што ва ўмовах наўпроставага разбурэньня выяўляецца і адкрыта бачны вораг нацыі. Яго вайна супраць народа можа выклікаць супраціў, ўмацаваньне нацыянальнага духу людзей, прасьвятленьне ў галаве, арыентацыю ў падзеях, арганізацыю барацьбы. Тут не павінна быць ніякага расчараваньня і нявер'я ў перамогу над злом. Чым больш шалее зло, тым больш беларусам трэба гартавацца, рыхтавацца да апошняй бітвы за волю Айчыны.
Нашай унівэрсальнай зброяй ёсьць наша Беларуская мова, нашым ідэалам ёсьць вольная Беларусь, нашай сілай ёсьць наша культура, нашай каштоўнасьцю ёсьць незалежнасьць і свабода, вобраз Пагоні і беларускі Бел-Чарвона-Белы сьцяг лунаюць над намі.
Спакойна рыхтуемся, шануем сваё, ведаем, што трэба рабіць, моўчкі парцуем, набліжаем сьвітаньне, дзе беларус беларусу будзе беларус, абаронца і гаспадар у сваёй краіне.
22 ліпеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК